Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка Мікалая Аўтуховіча: 50-ы дзень


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

На “Валадарцы” працягвае галадоўку Мікалай Аўтуховіч, які пратэстуе супроць незаконнага, як ён лічыць, крымінальнага перасьледу і дамагаецца таксама вызваленьня Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі, якія праходзяць па адной зь ім крымінальнай справе.


Як пачуваецца Мікалай Аўтуховіч на 50-ты дзень галадоўкі? Дзяжурны “Валадаркі”, дзе трымаюць вязьня, зьвестак пра гэта не дае, як і кіраўніца прэсавай службы МУС Сьвятлана Бароўская, якая кажа, што ёй нічога не вядома пра стан здароўя галадоўніка. Адвакат Павал Сапелка апошні раз бачыўся зь Мікалаем Аўтуховічам 2 чэрвеня. Павал Сапелка згадвае, што вязень трымаўся мужна, але было відаць, наколькі ён аслабеў:

Павал Сапелка
“Ён сам прыходзіць у кабінэт на спатканьне, трымаецца. Але відаць, што часам на яго накочваецца слабасьць. Час ад часу ён кладзецца на рукі, каб адпачыць. А ў размове ён, як і раней, разважае цалкам нармальна і ўнутрана цалкам гатовы далей змагацца за перамогу праўды”.

Сёньня з прадпрымальнікам з Ваўкавыску Юрыем Лявонавым, якога трымаюць на “Валадарцы” разам зь Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам, дазволілі сустрэцца жонцы і дочкам. Гэта было першае спатканьне пасьля арышту Юрыя Лявонава 8 лютага. Спатканьне доўжылася 50 хвілін.

Дачка вязьня Юля Міхнюк сказала, што ёй было балюча глядзець на бацьку, калі яго заводзілі ў пакой для спатканьняў. У гэты момант яна нават заплюшчыла вочы. Паводле яе, бацька пачуваецца добра, ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня, а пра расьсьледаваньне кажа, што зь ягоным удзелам даўно не было ніякіх сьледчых дзеяньняў:

Юлія Міхнюк
“Сказаў, што ўмовы нядрэнныя, у камэры на 8 чалавек сядзяць 6, у камэры прахалодна. Адносна сьледчых дзеяньняў зь ягоным удзелам сказаў, што апошнім часам нічога не было. Цішыня. Адносна другога абвінавачаньня, пра што кажуць, таксама нічога яму не вядома”.

Нагадаю, былі зьвесткі, што да справы пра падпал дома міліцыянта ў Ваўкавыску, у чым падазраюцца Аўтуховіч, Лявонаў і Асіпенка, нібыта зьбіраюцца далучыць абвінавачаньне ў захоўваньні зброі — а менавіта гранатамёту, які, паводле некаторых крыніц, быў знойдзены ў Ваўкавыску. Аднак так гэта ці не, спраўдзіць не ўдалося. Сьледчы Віталь Кухаронак, які вядзе справу, адмаўляецца кантактаваць з журналістамі. Вось што ён сёньня адказаў на званок карэспандэнта “Свабоды”:

Сьледчы Кухаронак: “Хто вы?”

Карэспандэнт: “Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода. Цікаўлюся, калі гэтая справа будзе завершаная і яе перададуць у суд?”

Сьледчы Кухаронак: “Ніякіх інтэрвію я не даю”.

Дачка Юрыя Лявонава Юля Міхнюк паведаміла, што яе бацька ведае пра галадоўку Аўтуховіча, захапляецца ягонай мужнасьцю, але заклікае спыніць галадоўку, каб не рызыкаваць здароўем. “Сваёй віны тата па-ранейшаму не прызнае і кажа, што ня зьменіць гэтай пазыцыі”, — сказала Юля Міхнюк.



Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч, ягоны былы намесьнік у фірме “Ніка-Транс” Юрый Лявонаў і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка былі арыштаваныя на пачатку лютага. Іх падазраюць у падпале дома міліцыянта з Ваўкавыску. Між тым за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а пацярпелы ня мае да Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі ніякіх прэтэнзій.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG