Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апазыцыянэры для іх страшнейшыя, чым банда Марозава”


Выказваньні Аляксандра Лукашэнкі і Дзьмітрыя Мядзьведзева пра беларуска-расейскія дачыненьні, падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў назваў недапушчальнымі крытычныя выказваньні кіраўніка іншай дзяржавы на адрас прадстаўнікоў расейскага кіраўніцтва. Нагадаю, на мінулым тыдні беларускі прэзыдэнт пракамэнтаваў заяву віцэ-прэм’ера расейскага ўраду Аляксея Кудрына пра магчымую хуткую неплатаздольнасьць Беларусі. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Кудрын “цалкам кансалідаваўся з беларускімі адмарозкамі”. Камэнтары слухачоў:

Валер, Барысаў: “Ад прэзыдэнта Мядзьведзева, маладога, ідзе крытыка Лукашэнкі, больш старога. Нічога. Пагрызуцца, на момант разыдуцца, а потым зноў сыдуцца. Бо аб’ектыўнасьць такая: празь Беларусь трэба ў Эўропу гнаць газ, а ў Расеі з Украінай адносіны наконт транспарціроўкі газу ў Эўропу могуць стаць з кепскім пахам. Тады Мядзьведзеў, Пуцін і Кудрын памірацца з Лукашэнкам адным махам”.

Спадар: “Паміж урадавымі структурамі Расеі і Беларусі ў чарговы раз прабегла чорная котка. Кудрын назваў Беларусь неплатаздольнай і, па-мойму, патрапіў у дзясятку. Лукашэнка, па звычцы, адказаў зьнявагай. Як кажуць, прыехалі.

Узьнікае пытаньне, на якім апірышчы хлопцы з Крамля і “бацька” з Карла Маркса будуць ляпіць саюзную дзяржаву, бо даўным-даўно ўсім зразумела, што аморфная віртуальная структура няіснай дзяржавы аказалася блефам, папулісцкім фарсам кіраўнікоў постсавецкага пакрою. Чаму ў кіраўнікоў дзьвюх дзяржаў не хапае здаровага сэнсу, каб ёмісты бюджэт бутафорнай дзяржавы накіраваць на пераадоленьне крызісу? Чаму для вырашэньня крызісных праблем не выкарыстоўваюцца ўнутраныя рэзэрвы? А галоўны начальнік усё далей і далей заганяе Беларусь у даўгавое ярмо. Пляскайце ў далоні, таварышы лукашысты, але ведайце, што вас праклянуць тыя, каму прыйдзецца аплочваць “бацькавы” пазыкі”.

Выказваньне камэнтуе эканаміст, намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

“Відавочна, што праект “саюзная дзяржава” ўжо памёр. Проста ніхто ня хоча прызнацца першым, што праект мёртвы. Што тычыцца вось гэтых “чорных котак”, якія апошні часам бегаюць паміж Лукашэнкам і расейскім кіраўніцтвам, дык гэта ўсё гандаль за нейкія канкрэтныя кавалкі беларускай уласнасьці. І такія эканамічныя спрэчкі будуць пэрыядычна здарацца, але яны ніколі не пяройдуць да таго, што Расея вырашыць катэгарычна і канчаткова рассварыцца з Лукашэнкам”.

Слухачы таксама працягваюць выказвацца з нагоды нядаўняга артыкула ў газэце “Народная воля”, у якім зроблена спроба дыскрэдытаваць Аляксандра Мілінкевіча.

Спадарыня: “Народная Воля” кажа пра тое, чыю волю яна выконвае, а чыю выконвае ваш Мілінкевіч — не зусім ясна. Пасьля таго як яму было даверана быць адзіным кандыдатам у прэзыдэнты, па-першае, ён не апраўдаў даверу, паказаўшы сваю слабасьць. Па-другое, павышаную ўвагу да яго пэрсоны за мяжой ён выкарыстоўваў у сваіх інтарэсах, якія не былі ўзгодненыя з тымі, хто аказаў яму давер. Па-трэцяе, ён першы пачаў нэгатыўна выказвацца наконт людзей, якія 15 год, як маглі, спрабавалі змагацца з рэжымам Лукашэнкі і г.д. А дзе ж быў ваш Мілінкевіч? Да 60 год жыў і ўсім быў задаволены! Не рабіце, калі ласка, зь яго эўрапейскага анёла. І ўжо хто пачаў першы біць сваіх — гэта Мілінкевіч. Такія, як Мілінкевіч, не выклікаюць ні зайздрасьці, ні захапленьня”.

Выказваньне камэнтуе Аляксандар Мілінкевіч:

“Я сапраўды лічу, што ня трэба зь людзей рабіць анёлаў і ня трэба нікога дэманізаваць. Я шчыра выконваю тую працу, якую ўмею, маю падтрымку вялікай колькасьці людзей. Я ўдзячны за ўсялякія меркаваньні, але думаю, што нам варта абыходзіцца безь ярлыкоў. Бо калі мы пачнём дзяліць сваіх дэмакратычных людзей на ворагаў і сяброў, то гэта будзе вельмі кепска. Я з павагай стаўлюся да ўсіх актывістаў, а калі казаў, што мы маргіналізуемся, то меў на ўвазе і сябе таксама”.

Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем:

Ільля Копыл, Менск: “Добры дзень, “Свабода”. Па беларускіх тэлеканалах некалькі разоў паведамлялася, што з залі Жодзінскага суду ўцёк падсудны. Пры гэтым ён здолеў абяззброіць вартаўніка і бясьсьледна зьнік. Цікава, як ён мог зьнікнуць сярод белага дня ў горадзе? Хіба што на міліцэйскім верталёце? Я некалькі разоў прысутнічаў каля будынку суду, калі там судзілі маладафронтаўцаў у Менску, апазыцыянэраў, удзельнікаў мітынгаў і пікетаў. Я там кожны раз бачыў ня менш як роту АМАПу ці спэцназу. Там і муха не праляціць. Такія, як Наста Палажанка, Франак Вячорка, Аляксандар Казулін, Павал Севярынец, Віктар Івашкевіч і іншыя іх паплечнікі для ўлады значна больш небясьпечныя, чым банды Марозава, Рымаса, Салдаценкі і гэтага ўцекача, разам узятых”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG