Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея пасьля Ўсходняга партнэрства


Беларусь і Расея пасьля Ўсходняга партнэрства: Лукашэнка і Пуцін. Былы зяць цяперашняга прэзыдэнта Казахстана абвінавачвае: сямейная трагікамэдыя казахскай улады. Гэтыя тэмы абмяркоўваюць дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук і аналітыкі Юры Дракахруст і Ян Максімюк. Госьць перадачы – былы дырэктар казахскай службы радыё Мерхат Шарыпжанаў.

Свабода на Белсаце, 30 траўня 2009. Частка 1
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:15:59 0:00

Свабода на Белсаце, 30 траўня 2009 году. Частка 1

Лукашук:
У чацьвер у Менск прыехала расейская ўрадавая дэлегацыя на чале з прэмьерам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Падрабязны аналіз дакумэнтаў і заяваў – наперадзе, а цяпер я прапаную пагаварыць пра больш шырокі кантэкст беларуска–расейскіх адносінаў. Здаецца, Вы, Юры, казалі, што пасьля “Ўсходняга партнэрства” Лукашэнка паспрабуе залагодзіць Расею нейкай гучнай, хаця і як заўжды пустой, інтэграцыйнай ініцыятывай. Пакуль атрымліваецца з дакладнасьцю да наадварот. Выступаючы ў Магілёве, кіраўнік Беларусі абрынуўся з крытыкай на Расею:

“Усё развалена, усё блякуецца, прэзыдэнты рашэньні прымаюць, расейскі ўрад правальвае. Калі мы пачынаем адзін аднаго блякаваць у гэтых пытаньнях, і Расея пачынае не пускаць нас на свой рынак, дык каму патрэбныя гэтыя так званыя інтэграцыйныя працэсы?”

Цікава, што хіба не ўпершыню Лукашэнка адкрыта скрытыкаваў наўпрост расейскага прэм’ера, былога прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.
Чаму, насуперак прагнозу, Лукашэнка пагладзіў расейскага мядзьведзя не па, а супраць поўсьці?

Максімюк: Для мяне гэта даволі рутынная артпадрыхтоўка беларускага боку да спатканьня, дзе будуць вырашацца істотныя эканамічныя пытаньні, наступствы якіх можа балюча адчуць і дзяржаўны бюджэт, і звычайны беларус. У мінулым Аляксандар Лукашэнка шмат разоў падобным чынам мабілізаваў грамадзкую думку, як айчынную, так і расейскую, перад перамовамі, дзе ў яго наогул не было столькі козыраў, колькі ў маскоўскага боку.
Ян Максімюк

Іншая справа, наколькі грамадзка эфэктыўнай застаецца такая апэляцыя да інтэграцыі ў саюзную дзяржаву пасьля дванаццаці ці трынаццаці гадоў “самаахвярных” высілкаў Менску, каб з гэтай дзяржавы, крый Божа, не атрымалася нічога рацыянальнага. Я думаю, што і беларусам, і расейцам наогул ужо не да саюзнай дзяржавы. Вядома, Беларусь не разглядаецца расейцамі як замежжа, такое, прыкладам, як Эстонія або Латвія, але па–мойму, ёсьць агульнае адчуваньне, што Беларусь — ўсё–такі іншая дзяржава, у якой свае праблемы, а ў Расеі — свае. Таму, гладзіць Аляксандар Рыгоравіч расейскага мядзьведзя па поўсьці ці супраць поўсьці, гэта сёньня ня мае такога вялікага рэзанансу, як было яшчэ некалькі гадоў таму, калі ён даволі недалікатна прыгадваў расейцам, хто за іх гніў у акопах.

Лукашук: Дарэчы, Пуцін апэратыўна адрэагаваў на крытыку беларускага кіраўніка, але ў тым сэнсе, што як рабілі, гэтак і рабіць будзем. Расейскі прэмьер сказаў, у прыватнасьці, што лічыць немэтазгодным выкарыстоўваць расейскія крэдытныя рэсурсы для закупаў беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. Паводле яго, расейскія крэдытныя рэсурсы больш мэтазгодна выкарыстоўваць для закупаў айчыннай сельгастэхнікі. Юры, наколькі наагул сапраўды сур’ёзная гэтая праблема закрыцьця расейскага рынку для беларускай прадукцыі?

Дракахруст: Ведаеце, тут дзьве рэчы. З аднаго боку – крызыс, попыт падае паўсюль, і ў Расеі, і ў Эўропе, і ў ЗША. З другога боку да апошняга часу Беларусь сапраўды мела пэўныя прэфэрэнцыі і льготы ў гандлі з Расеяй. Больш за тое, на Беларусь распаўсюджвалася расейская сыстэма дзяржзамовы, фактычна расейская дзяржава забясьпечвала ў значнай ступені беларускі збыт. Ну, а зараз гэтыя льготы здымаюцца ці скарачаюцца. Гэта другі бок крызысу – у самой Расеі заводы становяцца, трэба іх падтрымліваць, а што беларусы такое прыемнае расейцам зрабілі, каб падтрымліваць іх, а не сваіх? Ва “Ўсходняе партнэрства” ўступілі? Да таго ж сытуацыя сымэтрычная. Калі Лукашэнка гаворыць: “Купляйце беларускае!” – гэта ж ня толькі словы, гэта пэўная палітыка таксама абароны свайго вытворцы ад замежных, у тым ліку і расейскіх, канкурэнтаў. Можа , гэта і надзвычай мудрая палітыка, але яна спараджае і крокі ў адказ.

Лукашук: Варта прыгадаць і яшчэ адну нядаўнюю заяву Пуціна, зробленую ў інтэрвію японскім мэдыям: ён сказаў, што цягам 15–ці гадоў Расея субсыдавала эканомікі краінаў былога Савецкага Саюзу ў сфэры энэрганосьбітаў на дзясяткі мільярдаў даляраў, а цяпер, маўляў, “гэты пэрыяд скончыўся, трэба пераходзіць на рынкавыя стасункі”. Сапраўды, скончыўся – Расея адмаўляецца ад подкупу саюзных рэжымаў і засяродзіцца на ўнутраных праблемах?

Максімюк: Давайце я тут прывяду некалькі занудлівых эканамічных лічбаў. Вось Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі прадказвае, што ў гэтым годзе ВУП краіны ўпадзе на 8%. Паводле расейскіх статыстыкаў, беспрацоўе ў Расеі ўжо перавысіла 10% — гэта значыць, каля 8 мільёнаў расейскіх грамадзянаў ня мае афіцыйнага працаўладкаваньня. Ну, і нядаўна Мядзьведзеў сказаў, што сёлетні дэфіцыт расейскага бюджэту дасягне 7%. Экспэрты ацэньваюць, што калі дзяржаўныя сацыяльныя выдаткі застануцца на такім узроўні, як зараз, дык расейскі стабілізацыйны фонд, у якім каля 110 мільярдаў даляраў, можа скончыцца пад канец 2010 году.

У гэтых лічбах і хаваецца частка адказу на пытаньне, ці будзе Расея спансараваць постсавецкія рэжымы, каб трымаць іх на сваёй прывязі. Нават калі і будзе, дык ня так шчодра, як у мінулым. Бо свая міска значна важнейшая, чым суседавая.

Лукашук: Юры, а на Ваш погляд, гэта штосьці адзначае для двухбаковых беларуска–расейскіх адносінаў?
Юры Дракахруст

Дракахруст: Справа ў тым, што спадар Пуцін пачаў гаварыць пра пераход на рынкавыя адносіны яшчэ ў 2003 годзе. З тае пары цана на газ для Беларусі сапраўды ўзрасла, але далёка не да сярэднеэўрапейскага ўзроўню. Я б не сказаў, што розныя цэны – гэта абавязкова подкуп саюзных рэжымаў, да апошняга часу істотна ніжэйшай за серэднеэўрапейскую была цана газу для Ўкраіны, яна застаецца такой, наколькі я ведаю, і для краінаў Балтыі. Але зразумела, што цана ніжэй за рынкавую – гэта, як правіла, палітыка, ці часткова палітыка, ці выключна яна. Што да двухбаковых адносінаў, то тут на ўсе разьлікі моцна ўплывае крызыс, ад якога цэны скачуць .

На мінулым тыдні першы віцэ–прем'ер Уладзімер Сямашка на працягу двух дзён назваў розныя лічбы цаны на расейскі газ ў другім паўгодзьдзі: 20 траўня – 200 даляраў за тысячу кубамэтраў, 22 ліпеня – 103 даляры.

Хутчэй за ўсё, спадар Сямашка трохі перахваляваўся, што ня дзіўна, калі гаворыш пра такія далікатныя пытаньні, як цана на газ. Паводле адмыслоўцаў, першы раз ён проста памыліўся. У першым паўгодзьдзі цана сапраўды была 210 даляраў за тысячу кубамэтраў, але зараз , як і прадказвалі эканамісты, да газу дайшоў імпульс ад падзеньня нафтавых цэнаў, газ патаньнеў паўсюль, у тым ліку і для Беларусі, і цана ў другой палове году складзе каля 100 даляраў, а ў сярэднім па году – 150 даляраў. Казаць, што гэта рэалізацыя пагрозы Пуціна перайсьці на рынкавыя цэны, не выпадае.

Лукашук: Ня выключана, што адной з тэмаў перамоваў паміж Лукашэнкам і Пуціным стане адно з ключавых пытаньняў двухбаковых адносінаў. Праблема прызнаньня Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі нібыта крыху страціла сваю актуальнасьць пасьля таго, як адпаведнае пытаньне не было ўключанае ў парадак дня бягучай сэсіі палаты прадстаўнікоў. Але нядаўна сьпікэр Дзярждумы Расеі Барыс Грызлоў публічна заявіў, што “Беларусь занадта доўга рыхтуецца да прызнаньня незалежнасьці Абхазіі”.

У адказ старшыня Савету Рэспублікі Барыс Батура заявіў, што – доўга ці хутка – гэта не размова, тэрмінаў ніхто не вызначаў, і выклаў цэлы стос прэтэнзіяў да Расеі: і наконт усё таго ж доступу на расейскі рынак, і наконт нафтавага мыта, і наконт нежаданьня даць крэдыт на пераход на расейскі рубель.

А старшыня камісіі па нацыянальнай бясьпецы палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі выказаўся яшчэ больш празрыста: “Мы можам сёньня ставіць пытаньне, наколькі Беларусь гатовая да наступстваў (прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі). А другі бок, я маю на ўвазе Расею, гатовы кампэнсаваць гэтыя наступствы для нашай краіны”.

Як дасьціпна адзначыла выданьне “Беларускія навіны”, у выраза “цана пытаньня” ёсьць і літаральны сэнс.

Дык хто да чаго гатовы, кажучы словамі спадара Гумінскага?

Дракахруст: Мяркую, што Расея дакладна не гатовая кампэнсаваць магчымыя наступствы для Беларусі ў тых памерах, у якіх гэтага хацелася б беларускаму боку. Варта сказаць, што гэтыя мэркантыльныя развагі і разьлікі прадстаўнікоў афіцыйнага Менску выклікалі хвалю абурэньня ў пэўных выданьнях і палітычных колах Расеі. Да гэтага дадалося і абурэньне ў сувязі са ўступленьнем Беларусі ва
“Ўсходняе партнэрства”. Магчыма, на самой справе прадстаўнікі афіцыйнага Менску дэманструюць такі камэрцыйны падыход да пытаньня прызнаньня таму, што прызнаваць проста вельмі ня хочацца. З розных прычынаў і з прычыны дзяржаўнага прэстыжу ў тым ліку. Ну, а грошай папрасіць ніколі не зашкодзіць, лепш праслыць гандляром, чым здраднікам.

Максімюк: Мне ўжо неаднаразова, насуперак меркаваньню Юры, даводзілася тут гаварыць, што Менск прызнае незалежнасьць грузінскіх сэпаратысцкіх аўтаномій, а пытаньне толькі ў тым, за якую цану. Як падаецца, гэтая цана будзе вельмі шчыльна ўвязаная з цаною расейскага газу. Хоць мне асабіста хацелася б, каб гэтае пытаньне было шчыльна ўвязанае з пытаньнем прызнаньня незалежнасьці Косава Менскам. Але так, хутчэй за ўсё, ня станецца.
Аляксандар Лукашук

Лукашук: Яшчэ адна тэма гэтага тыдня, якую можна прыгадаць у кантэксьце беларуска–расейскіх адносінаў – прамежкавае рашэньне аб вяртаньні беларускаму парлямэнту статусу адмыслова запрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Некаторыя наведнікі нашага сайту выказвалі меркаваньне, што гэта – наўпроставы папярэдні адказ на візыт Пуціна ў Менск, маўляў, такім чынам абяцаюць Лукашэнку падтрымку, каб ён не зламаўся пад ціскам Пуціна. Гэта праўдападобная вэрсія? Ці існуе тут сувязь, можа, і менш просталінейная?

Максімюк: Я ня думаю, што гэтае рашэньне наўпрост зьвязанае зь візытам Пуціна ў Менск. Але яно лягічна ўкладаецца ў гэтую новую парадыгму адносін Эўропы да беларускага рэжыму, якую мы назіраем ужо больш за паўгоду. Калі ўжо мы вас запрашаем ва Ўсходняе партнэрства, у Прагу і ў іншыя гарады, дык чаму б і не ў Страсбур?
Рашэньне вярнуць Беларусі статус запрошанага у ПАРЭ мае больш сымбалічнае, чым нейкае практычнае значэньне. У краінах, дзе няма істотных праблемаў з правамі чалавека, людзі наогул ня ведаюць, што гэта за арганізацыя — ПАРЭ — і чым яна займаецца. Нейкі час таму ў Польшчы гаварылася, што старшынём ПАРЭ можа стаць польскі палітык, Владзімеж Цімашэвіч. Забаўна, але і ня ўсе журналісты ведалі, што гэта за арганізацыя, і чаму яна важная. Для Польшчы — яна малаважная.

Але яна важная для беларускай апазыцыі. Таму што гэта адзін з эўрапейскіх форумаў, дзе было чуваць яе голас. І па беларускіх пытаньнях прымаліся рэзалюцыі, інсьпіраваныя апазыцыяй.

Дракахруст: Мяркую, што наўпроставай сувязі тут няма. Тым больш, што і канчатковае рашэньне – прымаць ці не прымаць Нацыянальны сход у ПАРЭ – будзе прынятае толькі ў чэрвені, ды і ніякіх рэальных, наўпроставых грошай станоўчае рашэньне не абяцае. Але сувязь, безумоўна, ёсьць: вяртаньне Беларусі статусу адмыслова запрошанай краіны ў ПАРЭ – крок у тым жа рэчышчы, што і запрашэньне Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства”. І матывы тыя ж: адчуваньне беспэрспэктыўнасьці ранейшай палітыкі, новая геапалітычная канфігурацыя, спадзеў на тое, што ўцягваньне Беларусі ў эўрапейскія справы дасьць большы плён. Публіцыст Віктар Марціновіч у інтэрвію Свабодзе адзначыў, што цяперашні склад палаты прадстаўнікоў – хіба не найгоршы з усіх, пачынаючы зь першага, узору 1996 году. Але на гэты аргумэнт можна паглядзець і зь іншага боку. Трыманьне Беларусі на працягу 12 гадоў за межамі Рады Эўропы якасьць беларускага парлямэнту на палепшыла. Дык можа запрашэньне палепшыць?

Лукашук: Увага – прагноз экспэртаў Свабоды: эўрапэйскія палітыкі вялі размову пра уключэньне прадстаўнікоў апазыцыі ў склад дэлегацыі, якая магла б прадстаўляць беларускі парлямэнт у ПАРЭ. Будзе апазыцыя запрошаная у Стразбур разам і нароўні з дэпутатамі?

Дракахруст: Запрошаная будзе, нароўні – наўрад ці. У лепшым выпадку будзе як у Празе падчас саміту «Ўсходняга партнэрства» – апазыцыянэраў запросяць, сустрэнуцца зь імі, але за самім мерапрыемствам яны будуць назіраць з–за плоту, а на самім мерапрыемстве Беларусь будзе прадстаўленая ўладай. У выпадку асамблеі – тым, што ў Беларусі называецца заканадаўчай уладай.
Размовы пра тое, што някепска было б неяк уключыць у дэлегацыю апазыцыянэраў, сапраўды вяліся. Але і напярэдадні запрашэньня Беларусі ў партнэрства таксама вяліся размовы аб пажаданасьці тых ці іншых крокаў. Наўрад ці ганак Рады Эўропы стане той «чырвонай лініяй», на якой Эўропа ляжа касьцьмі за свае прынцыпы.

Максімюк: Па–мойму, ПАРЭ зробіць такую прапанову. Але мала шанцаў, што Нацыянальны сход Беларусі пагодзіцца на гэта. Хутчэй за ўсё, апазыцыі там ня будзе.

Свабода на Белсаце, 30 траўня 2009. Частка 2
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:15:50 0:00

Свабода на Белсаце, 30 траўня 2009 году. Частка 2

Лукашук: Да нас з Юрыям далучыўся наш калега, супрацоўнік цэнтральнай службы навінаў, шматгадовы дырэктар казхскай службы Радыё Свабода Мерхат Шарыпжанаў. Мерхат, які зараз год у Казахстане?

Шарыпжанаў: Паводле календара – 2009, але калі паглядзець на тое, што адбываецца ў краіне апошнія 2 гады, асабліва апошнія паўгоду, то гэта – 1937–ы. Ідуць павальныя арышты, шмат чыноўнікаў знаходзяцца ў бягах, у Лёндане. Вядомы банкір Мухтар Аблязаў быў вымушаны пакінуць Казахстан разам са сваімі памочнікамі, ягоны банк нацыяналізаваны. На мінулым тыдні быў арыштаваны начальнік "Казатампраму".

Лукашук: Я задаў пытаньне пра год нездарма. Бо такое пытаньне натуральнае, калі ў краіне за чытаньне і распаўсюд кнігі могуць пасадзіць у турму. Праўда, кніга незвычайная. Яе аўтар – Рахат Аліеў, былы муж Дарыгі Назарбаевай – старэйшай дачкі прэзыдэнта Казахстану. Кніга называецца "Хросны цесьць". Сам Аліеў зараз палітычны эмігрант, жыве ў Аўстрыі, на радзіме ён завочна асуджаны да 40 гадоў зьняволеньня. Што за таямніцы апублікаваныя ў гэтай кнізе, што за яе набыцьцё і продаж чалавека можна арыштаваць?

Шарыпжанаў: Рахат Аліеў дэтальна і дакумэнтальна паказвае ўсе дэталі жыцьця і кіраўніцтва Назарбаева, жыцьця яго сям’і, як Назарбаеў зарабіў першы мільён, як – другі, шмат інфармацыі даецца пра "Казахгейт" – скандал, калі нафтавыя кампаніі былі вымушаныя даваць хабар кіраўніцтву Казахстану і членам сям’і Назарбаева, каб мець магчымасьць працаваць на нафтавых радовішчах у заходнім Казахстане.

Лукашук: Наколькі асабістая крыўда рухае аўтарам кнігі, наколькі сапраўдныя, доказныя яго абвінавачваньні?
Мерхат Шарыпжанаў

Шарыпжанаў: Я мяркую, што ўсё, што напісана ў кнізе, праўда. Рахат Аліеў шмат гадоў займаў пасаду намесьніка старшыні Камітэту нацыянальнай бясьпекі (былы КДБ), а фактычна быў яго кіраўніком. Ён стаяў на варце інтарэсаў кляну, быў самай даверанай асобай – старэйшым зяцем казахскага прэзыдэнта. Іншая справа , як інтэрпрэтуюцца некаторыя факты і дакумэнты. Тут варта сказаць, што Рахат Аліеў у гэтай кнізе спрабуе патлумачыцца перад народам, бо імідж яго ў Казахстане даволі кепскі. Ён падаўляў любое іншадумства і быў, як называлі яго казахі, "дубінкай Назарбаева".

Дракахруст: Для аўтарытарных рэжымаў хіба не галоўная праблема – гэта праблема пераемнасьці, каму і як перадаць уладу. Цалкам сцэнар перадачы ўлады ў спадчыну быў зрэалізаваны ў Азэрбайджане, паводле чутак – і ў Туркменістане, беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка паўсюль возіць свайго сына Мікалая і ці то жартам, ці ўсур’ёз гаворыць, што той стане прэзыдэнтам краіны.

А як з гэтым у Казахстане? У кніге Рахата Аліева распавядаецца пра пазашлюбнага сына Назарбаева ад былой “міс Казахстан”, якога Назарбаеў нібыта рыхтуе сабе ў пераемнікі. Але гэты сын – раўналетак Мікалая Лукашэнкі – яму 4 гады, у сталы век ён увойдзе праз 20–30 гадоў. І тут як у прытчы пра Хаджу Насрэдзіна, які абяцаў за 20 гадоў навучыць ішака размаўляць – за такі час ці шах памрэ, ці ішак, ці Хаджа. Ці ня байкі гэта?

Шарыпжанаў: Я мяркую, што на гэтае пытаньне зараз нават сам Назарбаеў ня здолее адказаць. Думаю, што мае рацыю Рахат Аліеў, калі піша ў сваёй кнізе, што галоўнае для Назарбаева сёньня – гэта захаваць сваю ўладу як мага даўжэй. Я ня ведаю, наколькі сапраўдная інфармацыя, што Назарбаеў хоча перадаць уладу сыну, але тое, што сын ёсьць – у гэта можна верыць. Казахстан, нягледзячы на вялікую тэрыторыю (паводле плошчы ён на другім месцы пасьля Расеі сярод былых рэспублік СССР), маланаселеная краіна. 15 мільёнаў жыхароў і ўвесь палітычны і эканамічны бамонд сканцэнтраваны ў Астане і ў Алма–Аце. Усе яны адзін аднаго ведаюць, і ўсе ці маюць дачыненьні з сям’ёй Назарбаева ці з людзьмі, якія маюць такія дачыненьні. Чуткі пра гэта былі, і пра другую яго неафіцыйную жонку – былую сьцюардэссу “Казахстанскіх авіяліній”, якая мае двух дзяцей ад Назарбаева. Трэцяя яго сяброўка нарадзіла яму сына. Але як ўлада будзе перадавацца і каму – гэта пытаньне да Назарбаева.

Лукашук: Як бы вы апісалі сучасную апазыцыю ў Казахстане? Выпадак з Рахатам Аліевым, які быў адной з ключавых фігураў сыстэмы, створанай Назарбаевым – наколькі такія эвалюцыі характэрная для Казахстана?

Шырыпжанаў: Вы маеце рацыю – многія з атачэньня Назарбаева сышлі ў апазыцыю да яго. Трагізм палягае ў тым, што вельмі моцныя апазыцыйныя постаці – былы мэр Алма–Аты Заманбек Нуркадзілаў і былы пасол Казахстану ў Расеі Алтынбек Сарсенбаеў – былі проста забітыя ў 2005 і 2006 гадах. Гэта ўзрушыла ўсю казахстанскую грамадзкасьць. Многія апазыцыянэры проста эмігравалі. Напрыклад, Мухтар Аблязаў, які зараз хаваецца за межамі Казахстану, ужо быў асуджаны ў 2002 годзе да 6 гадоў зьняволеньня, потым пакаяўся, паабяцаў болей не вяртацца ў палітыку, быў вызвалены датэрмінова, пайшоў у бізнэс і зараз знаходзіцца ў бягах. Апазыцыя, зразумела, ёсьць, але яна ўжо не такая, якой была напачатку і ў сярэдзіне 90–х гадоў. Талент Назарбаева палягае ў тым, што ён здолеў нэўтралізаваць апазыцыю, нэўтралізаваць рознымі шляхамі, у тым ліку і… Рахат Алеіў сьцявярджае, што па прамому загаду Назарбаева быў забіты Алтынбек Сарсенбаеў.

Дракахруст: Мерхат, у меня пытаньне пра міжнародны статус Казахстану. Прэзыдэнт Назарбаеў, як і прэзыдэнт Лукашэнка, слыве зацятым, шчырым прыхільнікам інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Акрамя саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, Казахстан актыўна ўдзельнічае ва ўсіх інтэграцыйных праектах, многія зь іх былі ініцыяваныя менавіта Назарбаевым. Чым тлумачыцца такая актыўнасьць? Ці можна сказаць, што Назарбаеў – гэта васал Масквы?

Шарыпжанаў: Я не магу так сказаць. Я мяркую, што Назарбаеў па–майстэрску балянсуе паміж цэнтрамі ўплыву – Кітаем, ісламскім сьветам, Захадам і Расеяй. Гэта – працяг палітыкі Аблай–хана, лідэра старажытных часоў, які здолеў аб’яднаць казахскія тэрыторыі, прысягнуўшы адначасна і кітайскаму, і расейскаму імпэратарам. Назарбаеў і яго каманда сапраўды выступаюць з інтэграцыйнымі ініцыятывамі на постсавецкай прасторы, але ў Назарбаева ёсьць шмат праектаў і зь цюрскімі краінамі, з Кітаем у яго вельмі блізкія адносіны. На пахаваньні Дэн Сяо Піна з замежных лідэраў прысутнічаў адзін Назарбаеў, які нібыта выпадкова апынуўся тады ў Кітаі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG