Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе Расея крэдытаваць Беларусь?


Сёньня павінна адбыцца чарговае пасяджаньне ўраду "саюзнай дзяржавы" Беларусі і Расеі. У Менску чакаюць расейскага прэм’ера Ўладзімера Пуціна.

Аналітыкі адзначаюць: фінансавы і эканамічны крызіс вымушае Расею найперш падтрымліваць уласных вытворцаў. Таму многія так званыя саюзныя праграмы цяпер фактычна не працуюць. А гэты выклікае нараканьні беларускага боку.

Аляксандар Лукашэнка публічна абвінаваціў Расею ў тым, што яна не дае крэдытаў сваім грамадзянам на набыцьцё беларускіх трактараў. А беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі скарадзіўся на гэта дзяржсакратару Паўлу Барадзіну. Ім адказаў Уладзімер Пуцін. Ён лічыць немэтазгодным выкарыстоўваць расейскія крэдытныя рэсурсы для закупаў беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі.

Намесьнік дырэктара Інстытута краін СНД у Маскве Ўладзімер Жарыхін адзначае: такія напружаныя сытуацыі у беларуска-расейскіх дачыненьнях ўзьнікаюць ня ўпершыню:

“Усё спрабуюць жыць паводле паняцьцяў, а не паводле законах. Беларусь увесь час кажа пра тое, што ў нас адзіная эканамічная прастора. Таму і кошты газу павінны быць аднолькавыя. Але чамусьці пад адзінай эканамічнай прасторай разумеецца толькі прастора Расеі. То бок, кошты газу аднолькавыя, а вось доступ расейскіх тавараў на беларускія рынкі - гэта ўжо сувэрэнная справа Беларусі.

Сёньня я быў на дыскусіі ў міністэрстве замежных справаў Расеі. Там абмяркоўвалася, што карыснага мы можам узяць ад урокаў інтэграцыі Эўразьвязу? І галоўнае, пра што казалася, патрэбна дзяліцца паўнамоцтвамі. Кожны з бакоў мусіць дэлегаваць у агульную скарбонку частку сваіх паўнамоцтваў. Спробы перацягнуць на сябе чужыя паўнамоцтвы, нічога не аддаўшы, і з аднаго, і з другога боку, прыводзяць толькі да бясконцых пацягушак”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць: ад візыту Ўладзімера Пуціна цяжка чакаць кардынальных зьменаў у беларуска-расейскіх дачыненьнях:

“Такія размовы ня могуць быць прадуктыўнымі, таму што бакі павінны да спатканьня абгрунтаваць і ўзгодніць пазыцыі. Найперш, па газы, па нафце, па ядзернай энэргетыцы. Але паколькі бакі прытрымліваюцца прынцыпова розных пазыцый, то гэта зноў будзе палітычна карэктнае спатканьне. За кадрам застанецца незадаволенасьць Крамля тым, што Беларусь па-ранейшаму не пускае на свой рынак расейскія тавары. Пуцін, ведаючы пра тое, што Расея ня можа выйсьці з саюзнай дамовы, зноў будзе гаварыць пра тое, што яна падтрымлівае беларускую ядзерную энэргетыку, не адмовіцца ад выдачы крэдыту і скажа, што тэхнічныя дэталі яго трэба ўзгодніць. Беларускі бок будзе дзякаваць за падтрымку і казаць, што трэба вырашаць і іншыя пытаньні. Я не думаю, што сёньня Лукашэнка ўжо дасьпеў да таго, каб афіцыйна канфліктаваць з Пуціным наконт расейскай палітыкі. Ён разумее, што Расея, як вынік ягонай палітыкі, з’яўляецца крэдыторам апошняй надзеі”.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай экспарт беларускіх тавараў у Расею за першы квартал сёлетняга году, параўнальна з тым жа пэрыядам летась, скараціўся на 37,4%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG