Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сідорскі чакае Пуціна 28 траўня


Сустрэча кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расеі Сяргея Сідорскага і Ўладзімера Пуціна адбудзецца ў Менску 28 траўня.


Таксама яны возьмуць удзел у пасяджэньні Савета міністраў “саюзнай дзяржавы”, які плянуе разгледзець 22 пытаньні. Бакі плянуюць абмеркаваць выкананьне пляну сумесных дзеяньняў урадаў Беларусі і Расеі па мінімізацыі наступстваў фінансавага крызісу.

Паводле С.Сідорскага, расейскія чыноўнікі працягваюць блякаваць пастаўкі беларускай прадукцыі, нягледзячы на дамоўленасьці. Ён адзначыў, што “сёньня рынкі для прасоўваньня беларускай прадукцыі зачынены”.

Падчас гэтага візыту можа быць падпісана беларуска-расейскае міжурадавае пагадненьне пра будаўніцтва беларускай АЭС. Пра гэта заявіў гендырэктар “Росатома” Сяргей Кірыенка.

Таксама 28 траўня ў Менск прыбывае дырэктар ФСБ Расеі Аляксандар Бортнікаў. Ён ачоліць расейскую дэлегацыю на пасяджэньні савета кіраўнікоў органаў бясьпекі краінаў СНД.

Раней кіраўнік Беларусі А.Лукашэнка паведаміў, што Ў.Пуцін выказаў жаданьне сустрэцца і зь ім. Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў урад Уладзімера Пуціна ў блякаваньні і правальваньні рашэньняў, якія прымаюцца кіраўнікамі Беларусі і Расеі ў рамках “саюзнай” дзяржавы.

“Усё развалена, усё блякуецца, прэзыдэнты рашэньні прымаюць, расейскі ўрад правальвае. Калі мы пачынаем адзін аднаго блякаваць у гэтых пытаньнях, і Расея пачынае не пускаць нас на свой рынак, дык каму патрэбныя гэтыя так званыя інтэграцыйныя працэсы?”, - сказаў А.Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG