Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдаўцам вяртаюць кнігі


У выдавецкай галіне крызісныя зьявы ўскладняюцца праблемамі з разьлікамі за надрукаваную прадукцыю.


Марудзіцца аплата нават у рамках міждзяржаўных пагадненьняў аб перакладах твораў аўтараў на адну з моваў. Апроч таго, уводзіцца практыка вяртаньня выдавецтвам нерэалізаванай прадукцыі.

Прыватны выдавец Зьміцер Колас асаблівага аптымізму наконт пэрспэктываў не выказвае:

“Як я гляджу, усё ідзе да таго, што прыватнае кнігавыдавецтва на беларускай мове хутка папросту спыніцца. Таму што сытуацыя зусім кепская. Апроч таго, нядаўна “Белкніга” у зьвязку зноў жа з крызісам падчышчала свае “кладоўкі”, і ўсе кнігі, нерэалізаваны да 2008 году, вярнулі выдаўцам. Мне вярнулі нават назад слоўнікі, якіх па 10-20 асобнікаў заставаліся. Усё вяртаюць”.

Сёлета ў выдавецтве спадара Коласа пабачыла сьвет аповесьць знакамітага польскага пісьменьніка Вітольда Гамбровіча “Фэрдыдурка”. Гэтаксама ў рамках пагадненьня паміж творцамі Беларусі і Польшчы пра дапамогу ў перакладзе ў іншым менскім выдавецтве надрукаваныя выбраныя творы Славаміра Мрожака. Фундацыю гэтых ды іншых праектаў узяў на сябе польскі бок, аднак выдаткі выдаўцоў ды праца вядомых беларускіх перакладчыкаў дагэтуль так і не аплочаная. Гаворыць Зьміцер Колас:

“Ня толькі “Фэрдыдурка”, увогуле тры кніжкі выйшлі – сумесныя выданьні з польскім бокам. І вось ужо колькі часу непаразуменьні. Выдаўцы ў такім стане, што невядома, што рабіць. Нібыта прадаваць трэба кнігу, што ж яна ляжаць будзе? А зь іншага боку, чым больш будзеш прадаваць, тым у большыя можаш страты ўлезьці. Апошні аргумэнт быў такі – па дамове ім трэба перадаць сто асобнікаў. На гэты момант нібыта ўжо нарэшце вырашанае пытаньне з гэтымі асобнікамі, заўтра аташэ па культуры ці хто іншы едзе ў Польшчу і завязе туды ўсе астатнія асобнікі”.

Карэспандэнт: “Тады ўжо можна будзе спадзявацца на аплату?”

“Думаю, так. Прынамсі, я спадзяюся вельмі. Таму што адна рэч, калі кніжка прадаецца з дапамогай, дык яе можна прадаваць з улікам гэтай дапамогі. А калі інакш – то трэба закладаць зусім іншыя кошты. Карацей кажучы, тут замест дапамогі можа аказацца вялікі пралёт. У нашай сытуацыі гэта праблема, калі ўвогуле ніводнай кніжкі без дапамогі нельга будзе выдаць”.

Аднак ёсьць выдавецкія галіны, у якіх на асаблівую падтрымку не даводзілася спадзявацца і ў дакрызісныя часы. Кіраўніца выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліяна Анцух расказвае, што яе фірма спэцыялізуецца на літаратурна-мастацкіх, навукова-папулярных, нотна-музычных выданьнях. Кірункі хоць і запатрабаваныя, але не ў ліку стратэгічных:

“З крызісам папросту трэба навучыцца жыць і працаваць. Ну што рабіць, калі ён ёсьць як дадзенасьць? Вось мы працуем з той кнігай, якая ў соцыя-культурнай прасторы. І тут заўсёды цяжка. Кніга, якая вызначаецца тым, што ў кнігарнях можа неяк згубіцца, то мы разьлічваем на тое, што яна пойдзе ў бібліятэкі, ва ўпраўленьні культуры. Заўсёды гэтая справа была нялёгкая. Канечне, агульная атмасфэра вымушае больш рухацца, больш працаваць, разумеючы, што ўсё ня так проста сёньня. І можа быць яшчэ горш. Таму працуем вельмі напружана. Што да праблемаў аплаты ці не аплаты, то гэта было, ёсьць і будзе. Цяжка заўсёды культуры, калі ёй не дапамагаюць. На першым месцы ў нас эканоміка, як зразумела. А культурніцкая кніга, як і культура ўся, ніколі не забясьпечвалася ў першую чаргу”.
Іншы кіраўнік аднаго зь менскіх выдавецтваў наўпрост сказаў, што рыхтуе сябе і супрацоўнікаў да пераходу на галодны паёк:

“Падчас крызісу практычна ўсё зразумела: наклады расьці адназначна ня будуць, штосьці будзем падчышчаць, пераглядаць, пазбаўляцца ад чагосьці і ад кагосьці. Так бы мовіць, здаровае галадаваньне. Што называецца, дзеля падтрымкі жыцьця ў целе”.

З шэрагу апытаных выдаўцоў стрыманы аптымізм наконт будучыні выказаў адзін з кіраўнікоў выдавецтва “Галіяфы” Зьміцер Вішнёў:
“Усялякія бываюць сытуацыі, але нашае выдавецтва, дзякуй Богу, не сутыкалася з такімі праектамі, каб штосьці нам абяцалі і ня выканалі менавіта па нашых дамовах. Пакуль усе нашы партнэры сябе паводзяць вельмі добра і нас не “падстаўлялі”. Таму вялікіх праблемаў у выдавецтва не было, спадзяюся, што і не будзе. Дарэчы, літаральна на днях у нас выйшла кніга “Сучаснае швэдзкае апавяданьне”. Гэта сумесны праект выдавецтва “Галіяфы” са Швэдзкім цэнтрам досьледаў: 12 швэдзкіх аўтараў, 9 перакладчыкаў. Кніга павінна выклікаць вельмі добры розгалас у творчым асяродку. Пачэсную справу зрабіў тут наш рэдактар Валянцін Акудовіч”.



Па зьвестках Міністэрства інфармацыі, летась у Беларусі выдадзена больш за 13 тысяч найменьняў кніг агульным накладам 55 мільёнаў асобнікаў. Гэта больш, чым паказьнікі 2007 году. Але назіраецца тэндэнцыя да пашырэньня асартымэнту пры зьмяншэньні накладаў: калі ў сярэдзіне 1990-х звыклай справай быў наклад у некалькі дзясяткаў тысяч, то цяпер тыражнасьць зьнізілася да 3-5 тысяч. На кожнага беларуса цяпер прыпадае 5,5 кніжак.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG