Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна справа супраць Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі?


Мікалай Аўтуховіч (фота з архіву)
Мікалай Аўтуховіч (фота з архіву)

Адвакаты Ўладзімера Асіпенкі і Юрыя Лявонава кажуць пра яшчэ адну крымінальную справу з удзелам Мікалая Аўтуховіча, але не паведамляюць дэталяў.

40-ы дзень у менскім сьледчым ізалятары трымае галадоўку прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч. Зьвесткі пра стан здароўя галадоўніка вельмі абмежаваныя. Адвакат Павал Сапелка бачыўся зь ім на мінулым тыдні. Тады адвакат казаў, што “Аўтуховіч значна схуднеў і аслабеў, але кажа, што будзе галадаваць да выкананьня ягоных патрабаваньняў”. У міністэрстве ўнутраных спраў стан галадоўніка не камэнтуюць. “Кажуць, што нібыта Мікалай Аўтуховіч пагадзіўся на кропельніцы з глюкозай. Але я гэтых зьвестак не правяраў”, — паведаміў “Свабодзе” супрацоўнік МУС, які папрасіў на яго не спасылацца. Іншыя крыніцы кажуць, што нібыта Мікалай Аўтуховіч падсілкоўваецца мёдам. Пацьвердзіць гэтыя зьвесткі ці абвергнуць ніхто публічна не бярэцца. Дзяжурны менскага ізалятара, дзе трымаюць Аўтуховіча, не паведамляе пра ягоны стан здароўя, але пацьвярджае, што галадоўка працягваецца.

Паводле сваякоў Уладзімера Асіпенкі і Юрыя Лявонава, ад сярэдзіны траўня зь імі пачаліся сьледчыя дзеяньні па іншай крымінальнай справе, сутнасьць якой трымаюць у сакрэце. Гэта ў размове з карэспандэнтам “Свабоды” пацьвердзіла адвакат Асіпенкі Тамара Сідарэнка. Аднак у чым дакладна падазраецца яе падабаронны і хто вядзе справу, адвакат не паведаміла, спаслаўшыся на падпіску, якую дала сьледчым.

Карэспандэнт: “А гэтую другую справу вядуць менскія сьледчыя ці гарадзенскія, як першую справу?”

Тамара Сідарэнка: “Ведаеце, я падпісалася пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва. Хаця што тут таямніца, а што не таямніца... Не, не хацела б пра гэта казаць праз тэлефон”.

Адвакат Тамара Сідарэнка паведаміла толькі тое, што абвінавачаньне па другой крымінальнай справе яе падабароннаму Ўладзімеру Асіпенку яшчэ ня выставілі.

Дачка прадпрымальніка Юрыя Лявонава Юля Міхнюк таксама пацьвердзіла са спасылкай на свайго адваката, што з удзелам яе бацькі пачаліся сьледчыя дзеяньні па другой крымінальнай справе. Болей Юлі Міхнюк нічога невядома. Маладая жанчына абураецца тым, што ад яе ўтойваюць самыя простыя зьвесткі адносна лёсу бацькі:

“Атрымліваецца, што мы цалкам у няведаньні. Пошта амаль не працуе. Мы за гэты час атрымалі 2—3 лісты ад яго. А тата піша ў лісьце, што ад нас увогуле ніякіх лістоў няма. Уяўляеце, што адбываецца? Адвакат нічога ня кажа, спатканьняў не даюць. І лісты фактычна не даходзяць. Што ў адзін бок, што ў другі”.

Сваякі арыштаваных Лявонава і Асіпенкі не выключаюць, што другая крымінальная справа супроць іх можа стаць вынікам таго, што яны адмовіліся сьведчыць супроць Мікалая Аўтуховіча ў першай справе, дзе ўсе трое абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы падпалу дома міліцыянта з Ваўкавыску.

Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага, яму выставілі абвінавачаньне ў падпале дома міліцыянта ў 2005 годзе. Між тым за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а сам пацярпелы ня мае прэтэнзіяў да Аўтуховіча. Справу вядуць гарадзенскія міліцыянты, якія адмаўляюцца ад кантактаў з журналістамі. Галадоўнік Мікалай Аўтуховіч патрабуе спыніць перасьлед таксама Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG