Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША падоўжылі рашэньне аб зьмякчэньні санкцый


Міністэрства фінансаў ЗША падоўжыла да 30 лістапада рашэньне аб зьмякчэньні санкцыяў да двух беларускіх прадпрыемстваў — "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно", якія ўваходзяць у склад "Белнафтахіму".

Пра гэта паведаміла агенцтва БелаПАН.

Згодна з дакумэнтам, апублікаваным на сайце Мінфіну ЗША, амэрыканскім грамадзянам дазволена супрацоўніцтва з гэтымі прадпрыемствамі да 30 лістапада 2009 года. У той жа час уласнасьць гэтых двух прадпрыемстваў застаецца заблякаванай у адпаведнасьці з урадавым распараджэньнем № 13405. "Грамадзянам ЗША таксама забаронена праз або пры пасрэдніцтве прадпрыемстваў "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно" купляць прадукцыю, паслугі і тэхналёгіі ў іншых суб'ектаў гаспадараньня, унесеных у сьпіс", — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.

У лістападзе 2007 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі да канцэрна "Белнафтахім" у сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі. Двухбаковыя адносіны пагоршыліся ў сакавіку 2008 года пасля таго, як улады Беларусі адмовіліся вызваліць былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна (на той час апошняга з шасьці прызнаных міжнароднай супольнасьцю палітзьняволеных). Паслы Беларусі і ЗША былі адкліканыя з Вашынгтона і Мінска для кансультацый; штаты абодвух пасольстваў скарочаныя да мінімуму.

Уведзеныя санкцыі, у прыватнасьці, прадугледжвалі замарожваньне ўсіх банкаўскіх рахункаў канцэрна, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША, і яго прадстаўніцтваў у Германіі, Латвіі, Украіне, Расіі і Кітаі, а таксама рахункаў даччынай кампаніі "Белнафтахім Ю-эс-эй". Акрамя таго, амэрыканскім бізнэсоўцам прадпісвалася ўстрымацца ад кантактаў з канцэрнам. У сакавіку 2008 года былі апублікаваныя ўдакладненьні, згодна з якімі пад дзеяньне санкцый траплялі прадпрыемствы, доля "Белнафтахіму" ў якіх складае 50% і больш.

5 верасьня Мінфін ЗША на паўгода зьмякчыў эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно". У лютым 2009 года дзеяньне гэтага рашэньня было прадоўжана да 1 чэрвеня. Прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў на брыфінгу 21 траўня заявіў, што Беларусь па-ранейшаму гатовая да паляпшэньня адносінаў з ЗША, "але не любой цаной". Ён падкрэсьліў, што эканамічныя санкцыі, уведзеныя ЗША да канцэрна "Белнафтахім", павінны быць адмененыя. "Упэўнены, што гэта адкрые для нас магчымасць пачаць новую старонку ў нашым дыялёгу", — цытуе БелаПАн словы Андрэя Папова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG