Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: у выцьвярэзьніку зашмат кліентаў


Будынак магілёўскага выцьвярэзьніку
Будынак магілёўскага выцьвярэзьніку

Магілёўскі гарвыканкам і ўпраўленьне ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму пастанавілі перасяліць мясцовы выцьвярэзьнік у больш прасторнае памяшканьне. Такое рашэньне тлумачыцца тым, што ў гэтай установе не стае апошнім часам месца для ўсіх дастаўленых туды кліентаў. Дарэчы, сёньня ў Магілёве праводзіцца чарговы Дзень цьвярозасьці.

У цяперашнім выцьвярэзьніку каля трох дзясяткаў ложка-месцаў. Паводле яго супрацоўнікаў, бытавыя ўмовы для тамтэйшых начлежнікаў далёка не ідэальныя. На колькі месцаў разьлічаны новы выцьвярэзьнік, афіцыйныя крыніцы не паведамляюць. Вядома, аднак, што гэтую ўстанову перасяляюць у былое памяшканьне дзіцячага прымальніка-разьмеркавальніка. На новым месцы выцьвярэзьнік пачне працаваць ад сярэдзіны лета.

“Умовы там будуць значна лепшыя. Там будуць душавыя кабіны. Людзі змогуць прыняць душ пасьля працьверажэньня”, – кажа супрацоўнік выцьвярэзьніку.

Рэкордную колькасьць наведнікаў магілёўскі выцьвярэзьнік прыняў на сёлетні Дзень Перамогі – 25 чалавек.

“Узрост дастаўленых у асноўным – 1986, 1987, 1988 гады. Было ўсяго тры старыя – 1952, 1957 і 1958 гадоў. Адна жанчына была. З дваццаці пяці дастаўленых было толькі сем чалавек, якія працуюць”, – зазначае супрацоўнік мэдвыцьвярэзьніку.

Паводле яго, колькасьць наведнікаў была б значна большая, каб міліцыянты не развозілі іх па дамох.

У сярэднім за суткі ў выцьвярэзьніку перабываюць да 17 чалавек. Побыт у гэтай установе выпівоху абыходзіцца ў сто тысяч рублёў.

Не пустуе выцьвярэзьнік і на так званыя Дні цьвярозасьці.

Часта з кліентамі выцьвярэзьніка сутыкаецца магілёўскі лекар Васіль Аўраменка. Паводле яго, мэдычныя ўстановы за суткі абслугоўваюць значна болей выпівох, чым выцьвярэзьнік. Ён сумняваецца, што такая ўстанова наагул патрэбная:

“Фактычна там мэдычнай часткі не існуе. Там ёсьць фэльчар, аднак ён чыста мэханічную працу выконвае, калі заўважае драпіну на галаве ці яшчэ што, адразу адпраўляе ў бальніцу. Гэтая ўстанова сябе не апраўдвае ні фінансава, ні ў іншых сэнсах. Гэта, напэўна, жаданьне прыбраць праблему, схаваць недзе гэтых выпівох”.

Наагул жа сытуацыя з алькагалізмам на Магілёўшчыне блізкая да катастрафічнай. На наркалягічным уліку знаходзяцца каля дваццаці трох тысячаў чалавек. Штогод колькасьць алькаголікаў павялічваецца прыкладна на тысячу чалавек. Мэдыкі прызнаюць: насамрэч хворых на алькагалізм у рэгіёне значна болей.

Улады з алькагалізмам змагаюцца рознымі спосабамі. Днямі, да прыкладу, управа гандлю гарвыканкаму прапанавала ўвесьці мараторый на расьпіваньне піва ў грамадзкіх месцах. Чыноўнікі прапануюць таксама забараніць продаж слабаалькагольных напояў на прыпынках грамадзкага транспарту, а таксама за 25 мэтраў ад іх.

Што да тэмы перасяленьня выцьвярэзьніку, то будынак, у якім ён цяпер месьціцца, – помнік архітэктуры канца XIX стагодзьдзя. Ён вымагае капітальнага рамонту. Урэшце, рамантаваць трэба й два суседнія дамы. Яны яшчэ больш занядбаныя, бо без гаспадара ад пяці да пятнаццаці гадоў.

За чатыры сёлетнія месяцы на спажывецкім рынку Беларусі рэалізавана алькагольнай прадукцыі й піва на амаль адзін трыльён пяцьсот тысяч рублёў. Продаж гарэлкі ў параўнаньні зь мінулым годам павялічыўся на чатыры працэнты.

Паводле міністра аховы здароўя Беларусі Васіля Жарка, з 2005 да 2008 году спажываньне алькаголю ў пераліку на чысты сьпірт на душу насельніцтва вырасла ў 1,3 разу. Летась кожны беларус выпіў у сярэднім 12,4 літра ў пераліку на чысты сьпірт. Планка, пасьля якой пачынаецца актыўная дэградацыя, – 8 літраў на чалавека за год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG