Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Спэцназ і міліцыя, пабойцеся Бога”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 19 траўня, аўторак.

Разгон і зьбіцьцё ўдзельнікаў маршу “За незалежнасьць” 14 траўня — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў “Свабоды”. Нагадаю, што актывісты Маладога фронту зладзілі акцыю з нагоды рэфэрэндуму пра зьмену нацыянальнай сымболікі — бел-чырвона-белага сьцяга і герба “Пагоня”:

Cпадарыня: “Па ўсёй Эўропе, па ўсім Захадзе дзясяткі тысяч грамадзян гэтых краін праводзяць шэсьці, мітынгі, пратэсты на любую тэму. Нікога не разганяюць, нікога не зьбіваюць. Пышным цьветам квітнее эўрапейская цывілізацыя. У Беларусі ж, наадварот, тым жа цьветам квітнеюць сярэднявечныя дзікія норавы. Тры дзясяткі маладых хлопцаў разагналі, зьбілі 14 траўня толькі за тое, што вырашылі нагадаць дату рэфэрэндуму, які зьнішчыў дзяржаўную гістарычную беларускую сымболіку. Ніколі пры Лукашэнку Беларусь не дасягне эўрапейскай цывілізацыі! Убогасьць і недаразьвітасьць будуць яе перасьледаваць, пакуль Лукашэнка ня пойдзе ў адстаўку”.

Спадар: “Грэх і сорам спэцназу і міліцыі Рэспублікі Беларусь за тое, што жорстка зьбілі моладзь Рэспублікі Беларусь 14 траўня 2009 году. Моладзь, якая была салідарная з народам Беларусі за праўдзівую сымболіку — бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“. Спэцназ і міліцыя, ня будзьце ў некага на повадзе за грошы, але хай кіруе вамі сумленьне, перш за ўсё запаветы Божыя і міласьць да чалавецтва. Пабойцеся Бога”.

Віктар Буто, Менск: “Чаму гарвыканкам і іншыя ўлады ў Менску ніколі не даюць дазволу на пратэсты і пікеты, мітынгі і вулічныя шэсьці — каб маглі пабачыць і пачуць удзельнікаў ня толькі ўлады, але і грамадзяне Беларусі і іншых дзяржаў? Чаму пастаянна і беспакарана ўлады толькі парушаюць канстытуцыйныя правы і свабоды на вулічныя акцыі і пратэсты на ўсёй тэрыторыі Беларусі?”

На пытаньне адказвае праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

Валянцін Стэфановіч
“Зразумела чаму — якраз-такі каб ні суайчыньнікі, ні замежныя грамадзяне і ніхто іншы ня бачылі гэтых акцыяў. Безумоўна, што мірныя акцыі, якія адбываюцца ў Менску, яны не пагражаюць ні нацыянальнай бясьпецы, ні грамадзкаму парадку, ні інтарэсам іншых грамадзянаў. І натуральна, што для дэмакратычнай краіны свабода мірных сходаў ёсьць адным з асноўных дэмакратычных правоў. У нас, на жаль, сытуацыя такая, якая ёсьць, і беларускія праваабаронцы неаднаразова крытыкавалі і крытыкуюць гэтую практыку”.

Перамога на конкурсе “Эўрабачаньне” нарвэжца Аляксандра Рыбака, які паходзіць зь Беларусі, — яшчэ адна тэма выказваньня слухачоў:

Віктар Маўклівы, Менск: “Беларускія СМІ безупынку паведамляюць пра Сашу Рыбака, жыхара Нарвэгіі. Бачу ў гэтым павагу кіраўніцтва Нарвэгіі, яе свабодную сыстэму раўнапраўя, клопат пра чалавека. Жадаю дабра ўсім беларусам замежжа, дзе неўзабаве ўзьнікнуць вуліцы пад іх прозьвішчам, бо ў нас сваіх беларусаў няма, ні Рагнеды, ні Кастуся Каліноўскага, ні Тадэвуша Касьцюшкі, ні іншых. Дзякую”.

Васілеўна, Менск: “Чаго вы прымазаліся да Рыбака? Які ён беларус? А чаму ён ня тут? Ялфімаў беларус, ён і прадставіў Беларусь. Прыўкрасны голас, зграбны, прыгожы. Надта шмат у яго зайздросьнікаў. Яшчэ і перашкаджае беларускі аўтарытэт. Навошта слаць такія таленты на конкурс? Ніхто ніколі не пераможа, апрача бяскрыўдных дзяцей. Няма ў нас аўтарытэту. Калі тут людзей ваўсю называюць „вашывымі“, хто за гэта будзе галасаваць?”

Спадар: “Багата талентамі беларуская зямля. Пра гэта сьведчаць вынікі конкурсу „Эўрабачаньня“. Там бліскуча перамог беларус па нацыянальнасьці, жыхар Нарвэгіі Аляксандар Рыбак. Нашы прадстаўнікі — Аляхно летась і Ялфімаў сёлета — ня трапілі нават у фінал. Прычына ў тым, што на Захадзе творцы разьвіваюцца свабодна, ніхто ім не перашкаджае, а за нашымі артыстамі стаяць сотні чыноўнікаў, якія вучаць іх кожны па-свойму. І вось вынік — таленты губяцца на корані”.

Працягваем праграму выказваньнямі з нагоды 55-годзьдзя Радыё Свабода, якое адзначаецца 20 траўня.

Спадар: “Вам 55! Са сьвятам! Безумоўна, вы нашмат вышэй за афіцыйнае беларускае радыё. У вашых перадачах больш праўды, больш шчырасьці, беларускасьці. Але, даруйце за гэтую думку, вам яшчэ далёка да дэмакратычнага духу прамоўцаў Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыму”.

Ільля Копыл: “Віншую „Свабоду“, віншую ўсіх карэспандэнтаў, усіх супрацоўнікаў „Свабоды“, слухачоў „Свабоды“ з 55-годзьдзем з дня заснаваньня радыёстанцыі. Зычу вам і вашым блізкім моцнага здароўя, плённай працы, новых слухачоў, у тым ліку і нядобразычліўцаў, злосных, непрымірымых крытыкантаў. Яны — індыкатар таго, што „Свабода“ працуе ў правільным кірунку. Калі іх ня будзе, гэта сыгнал таго, што радыё штосьці ўпускае ў сваёй працы. Беражыце сябе. Я заўжды са „Свабодай“. Жыве Беларусь!”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG