Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяры “Мэтрабуду” рыхтуюць новыя акцыі пратэсту


Жыхары дома на вуліцы Ўманскай, якія скардзіліся Аляксандру Лукашэнку на незаконны знос іхнага жытла пры будаўніцтве мэтро, кажуць пра падрыхтоўку новых акцый пратэсту, паколькі іх праблема не вырашаецца.


СЛУХАЦЬ:


Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле папярэдняе рашэньне Маскоўскага суду аб пазбаўленьні права на зямлю сем’яў Васкабовічаў, якіх адсяляюць з дому на вуліцы Ўманскай у сувязі з будаўніцтвам мэтро. Нагадаю, у лютым Васкабовічы накіравалі адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, а на сваім доме вывесілі плякат, у якім заяўлялі пра беззаконьні чыноўнікаў. Васкабовічы пратэставалі супраць умоў высяленьня з двухпавярховага катэджа: на тры сям’і ім выдзялялі толькі дзьве кватэры — двух- і трохпакаёўку. Адсяленцы патрабавалі выдаць грашовую кампэнсацыю за дом ды выдзеліць зямельны ўчастак пад новую забудову. Гаспадар дома Аляксей Васкабовіч паведаміў “Свабодзе”, што на пачатку красавіка ён патрапіў на прыём да старшыні менскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава, які нібыта пагадзіўся на гэтыя ўмовы:

“Міхаіл Якаўлевіч паабяцаў: “Добра, мы вам абяцаем рэалізацыю вашых правоў, кампэнсацыю і выдзяленьне зямельнага ўчастка”. Тады я пайшоў у “Мэтрабуд”, каб дамовіцца наконт кампэнсацыі. Але, на жаль, у іх вельмі цяжкое фінансавае становішча”.

Паводле Аляксея Васкабовіча, кіраўніцтва “Мэтрабуду”, каб зэканоміць грошы і не выплачваць кампэнсацыю, вырашыла абысьціся бяз зносу ягонага дома на вуліцы Ўманскай. Гаспадару да апошняга дня нібыта казалі, што гэта магчыма. “Але ўчора, 18-га траўня, адбыўся гарадзкі суд, які пацьвердзіў ранейшыя рашэньні — забраць у нас зямлю”, — кажа сын гаспадара Дзяніс Васкабовіч.

“Такім чынам, сытуацыя наступная. Праз 10 дзён, калі мы ня здолеем аспрэчыць гэтае рашэньне праз наглядную скаргу да старшыні суду, пачынаецца прымусовае высяленьне. Гэта будзе, як з Хадзьковым. Але з той розьніцай, што тут малыя дзеці, жанчыны і што мужчыны настроеныя нашмат больш рашуча”.



Нагадаю, у лютым пры высяленьні дамоў на праспэкце Дзяржынскага мэтрабудаўцы спалілі хату Васіля Хадзькова, які таксама быў нязгодны з умовамі прымусовага перасяленьня. Васіля Хадзькова за акцыі пратэсту двойчы затрымлівала міліцыя, гаспадар дома быў аштрафаваны. Прыватную кватэру Васіль Хадзькоў, якога адсялялі ў кватэру да былой жонкі, так і не атрымаў. Паводле зьвестак, Васіль Хадзькоў часова зьехаў зь Беларусі.

У Менгарвыканкаме не камэнтуюць сытуацыю з адсяленьнем сям’і Васкабовічаў і ня кажуць, чаму ня выканалі абяцаньня Міхаіла Паўлава станоўча вырашыць гэтую праблему. Гарадзкія чыноўнікі спасылаюцца на тое, што кіраўнік адміністрацыі гораду Міхаіл Паўлаў цяпер хварэе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG