Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс і рэстаўрацыя: на занядбаныя помнікі няма грошай


У Міністэрстве культуры паведамілі, што больш як 60 гістарычных сядзібаў і будынкаў бліжэйшым часам адыдуць да новых гаспадароў, пераважна гарадзкіх і раённых выканкамаў. З прычыны эканамічнага крызісу ў Беларусі скарачаецца фінансаваньне рэстаўрацыі помнікаў зь дзяржаўнага бюджэту. Канкрэтныя прыклады называюць рэгіянальныя карэспандэнты “Свабоды”.


СЛУХАЦЬ:
СМАРГОНЬ

“Паўночныя Афіны” сьпіхнулі на ўтрыманьне райцэнтра

Палаца-паркавы комплекс Міхала Клеафаса Агінскага. Усе дзьверы і вокны ў сядзібным палацы забітыя дошкамі
На рэстаўрацыю палаца-паркавага комплексу Міхала Клеафаса Агінскага, што ў вёсцы Залесьсе Смаргонскага раёну, паводле сёньняшніх цэнаў трэба каля 5 мільярдаў рублёў. Такіх грошай няма. Пра сытуацыю перадае Міхаіл Карневіч.

Сядзіба знакамітага кампазытара, дзяржаўнага дзеяча, паўстанца Міхала Клеафаса Агінскага, чый палянэз “Разьвітаньне з Радзімай” ведаюць ва ўсім сьвеце, цяпер у занядбаным стане.

Дырэктар палаца-паркавага комплексу Ўладзімер Ліхота кажа, што зараз яе з балянсу Дзяржаўнага музэю гісторыі тэатральнага і музычнага мастацтва перадаюць, згодна з указам прэзыдэнта, мясцовым уладам.

Рэканструкцыю тут спрабавалі праводзіць яшчэ з канца 70-х гадоў, але і цяпер турысты бачаць толькі будаўнічыя рыштаваньні — адзінае апірышча будынкаў, якія памалу асыпаюцца.

Ліхота: “Праект рэстаўрацыі падрыхтаваны, і калі пералічыць кошты на сёньняшні дзень, на яго рэалізацыю неабходна 5 мільярдаў рублёў. Праект прайшоў экспэртызу, па ім можна будаваць, але калі гэта будзе — я ня ведаю”.

У Дзяржаўным музэі гісторыі тэатральнага і музычнага мастацтва вучоны сакратар Тацяна Мельнікава кажа, што сядзіба Агінскага знаходзілася ў іх на балянсе каля 10 гадоў. Пытаюся — чаму за такі доўгі час не правялі рэстаўрацыі?

Мельнікава: “Ну, чаму, работы вяліся, але так адразу ня зробіш. Трэба было шмат розных папераў падрыхтаваць, дый грошай не было”.

Аўтар праекту рэстаўрацыі Людміла Іванова распавядае, што праект цалкам быў гатовы ўжо ў 2006 годзе і дагэтуль ляжыць незапатрабаваны. Тое, што сядзібу Агінскага перадаюць на балянс мясцовым уладам, яе вельмі засмуціла.

Іванова: “Раён на гэта наагул ня будзе мець грошай, а значыць, прападзе мой праект і прападуць будынкі, бо іх тэхнічны стан увесь час пагаршаецца. І калі прыйдзе час усё ж іх рэстаўраваць, давядзецца карэктаваць праект. Гэта будуць дадатковыя выдаткі”.



МАГІЛЁЎ

Габрэям вяртаюць аварыйны будынак сынагогі


Былая сынагога
Уваход у будынак сынагогі
У сярэдзіне сынагогі
Пісьмовы дазвол на вяртаньне будынку былой сынагогі даў Аляксандар Лукашэнка. Цяпер габрэі чакаюць адпаведнай пастановы гарвыканкаму й гарсавету.

Вяртаньня будынка габрэі магілёўскай грамады дамагаюцца ўжо шмат гадоў.

“Яшчэ шэсьць гадоў таму асаблівых праблемаў зь фінансаваньнем не было, а цяпер габрэі таксама сталі беднымі. Цяпер усе кажуць пра крызіс. Канечне, мы найперш на сябе спадзяемся, але калі дзяржава выкажа жаданьне дапамагчы, то мы ня толькі не адмовімся, мы гэтаму будзем дужа рады”, —зазначае прадстаўнік грамады Элі Геніліс.

Сынагога, пра якую гаворка, знаходзіцца ў некалі ажыўленым магілёўскім раёне, які ў народзе зваўся “Школішча”. Цяпер тут няма й дзясятка будынкаў. Тыя, што ёсьць, належаць магілёўскаму гарводаканалу. Будынак сынагогі гэтай установе не патрэбны, бо ён аварыйны.

Пра гэта кажа прадстаўнік магілёўскага гарводаканалу:

“Для нашых патрэбаў няма неабходнасьці яго аднаўляць. Мы забясьпечаныя памяшканьнямі. Там падмурак трэснуў, умацоўваць усё там трэба. Аднавіць гістарычную справядлівасьць, я так мяркую, яны дзеля гэтага хочуць яго забраць. З нашага боку ня будзе ніякіх перашкодаў”.

Пра гістарычную справядлівасьць кажа і Элі Геніліс:

“Там стаялі першыя сынагогі, і дагэтуль іхныя парэшткі стаяць. У нас ёсьць людзі, якія хадзілі туды ў сынагогі”.

У гарвыканкаме не камэнтуюць сваёй пазыцыі адносна магчымай перадачы габрэям іхнага былога культавага будынка. У гарсавеце паведамілі, што пакуль ня маюць ніякіх дакумэнтаў, каб іх разгледзець на бліжэйшай сэсіі.

Элі Геніліс перакананы, што гарадзкія дэпутаты й чыноўнікі прымуць пазытыўнае рашэньне. “Супраць пастановы прэзыдэнта яны ж не наважацца пайсьці”, — зазначае ён.

Акрамя сынагогі, на “Школішчы” захаваліся яшчэ два габрэйскія культавыя будынкі. Яны ў цэнтры гораду — на пешаходнай вуліцы Ленінскай і Пажарным завулку. Цяпер там спартовыя залі. На тое, што будынкі калі-небудзь вернуць былым уладальнікам, у габрэяў спадзеваў няма.

Тым часам працягваюць разбурацца старыя будынкі ў цэнтры гораду на вуліцы Віленскай. Набываць іх ніхто ня хоча, бо няма грошай на рэканструкцыю.


КАЛІНКАВІЧЫ

Нават на “залатое кальцо” няма грошай


Рэшткі былой велічнасьці кляштара ў Юравічах
Рэшткі былой велічнасьці кляштара ў Юравічах
У мястэчку Юравічы Калінкавіцкага раёну не вытрымліваюцца тэрміны рэканструкцыі былога кляштара — помніка архітэктуры XVIII стагодзьдзя. Улада ня мае грошай нават на турыстычны аб'ект з так званага “залатога кальца Гомельшчыны”.

Заказчык рэканструкцыі манастырскага комплексу — прадпрыемства “Гомельрэстаўрацыя”. Генпадрадчыкам да нядаўняга часу было закрытае акцыянэрнае таварыства “Elvira” зь Менску. І рэканструкцыя комплексу павінна была закончыцца сёлета.

Гаворыць начальнік вытворча-тэхнічнага аддзелу фірмы “Elvira” Валер Дранчук:

“Наагул — павінны. Але я ня ведаю, як там справы ў заказчыка. Мы ўжо не генпадрадчык. Генпадрадчык цяпер — Гомельскі трэст № 27. Вырашылі, што трэст будзе выконваць агульнабудаўнічыя працы. Мы будзем рабіць толькі ляпніну — дэкаратыўныя ўпрыгожаньні і ўсё такое”.

Прадстаўніца прадпрыемства “Гомельрэстаўрацыя” прызнаецца ў фінансавых цяжкасьцях:

“Чую ўпершыню, што сёлета мы здаём гэты аб’ект. Грошай недастаткова для здачы аб’екта”.

Гомельскі трэст № 27, які, паводле дамовы, толькі ў красавіку быў надзелены правамі генпадрадчыка, сіламі сваёй будаўнічай управы № 43 ставіць цяпер рыштаваньні, каб аднавіць былы езуіцкі касьцёл.

Апавядае галоўны інжынэр будаўнічай управы Генадзь Харытонаў:

“На гэты год выдзелена паўтара мільярда рублёў. Плянуецца закрыць контур, гэта азначае — зрабіць перакрыцьці касьцёла, дах, сьцены ўзьвесьці, каб пачаць працы ўсярэдзіне. Гэта будуць самыя складаныя працы, бо там жа фрэскі ўсярэдзіне. Я сам зь імі ўпершыню сутыкаюся. А ўсяго, каб скончыць аб’ект, трэба асвоіць каля 12 мільярдаў рублёў”.

У мястэчку Юравічы, якое было надзелена Магдэбурскім правам, яшчэ 250 гадоў таму дзейнічала школа. Пры кляштары былі музычная бурса, тэатар і бібліятэка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG