Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі беларусаў, якія прыйшлі на гей-парад


16 траўня на Вараб’ёвых гарах у Маскве былі затрыманыя грамадзяне Беларусі, актывісты ЛГБТ-руху (рух за правы сэксуальных і гендэрных меншасьцяў). Яны мелі намер узяць удзел у несанкцыянаваным “Славянскім гей-парадзе”.

Як паведаміў суарганізатар акцыі зь беларускага боку Сяргей Андросенка, маскоўская міліцыя затрымала больш як 30 удзельнікаў гей-параду, зь якіх 11 маюць беларускае грамадзянства, а два — від на жыхарства ў Беларусі.

“Цяпер мы знаходзімся ў Раменскім УУС, — расказаў Сяргей Андросенка ў суботу ўдзень БелаПАН. — Мы былі ў аўтобусе, і недзе за 150 мэтраў ад Вараб’ёвых гор нас спынілі супрацоўнікі ГІБДД, відаць, западозрыўшы, што мы едзем на гей-прайд. Мы выбеглі з аўтобуса й пабеглі ў бок агляднай пляцоўкі. Там нам удалося разгарнуць беларускія сьцягі, чырвона-зялёныя й бел-чырвона-белыя, а таксама расьцяжку з словамі “Раўнапраўе без кампрамісаў” і прайсьці зь імі каля 10 хвілін. Потым да нас падбег АМАП, нам закруцілі рукі за сьпіну, затрымалі й прывезьлі сюды.

Андросенку ўдалося зьвязацца з пасольствам Беларусі ў Маскве й папрасіць прадстаўнікоў дыпмісіі прыехаць у УУС, аднак ён атрымаў адмову. Паводле слоў ЛГБТ-актывіста, яму было заяўлена, што, паколькі акцыя не была санкцыянаваная, пасольства ня мае намеру абараняць правы затрыманых беларусаў.

“Я сказаў ім, што нам ня трэба, каб абаранялі нашыя правы, — патлумачыў Андросенка. — Нам неабходна, каб яны прысутнічалі тут, таму што бязь іхнага ўдзелу мы ня будзем падпісваць ніякіх папер, мы ня ведаем расейскіх законаў. Я сказаў, што калі яны не прыедуць, мы паведамім пра гэта журналістам, і тады яны пагадзіліся. Цяпер застаецца чакаць”.


У суботу ўвечары ўсе, апрача аднаго раней затрыманага беларуса, былі адпушчаныя зь міліцыі.

"Падчас затрыманьня ў нас адабралі пашпарты, а калі пачалі выпускаць, высьветлілася, што пашпарт аднаго з нашых актывістаў Юр'я Казачэнкі супрацоўнікі АМОНу згубілі, — сказаў Сяргей Андросенка ў інтэрвію БелаПАН. — Ён застаўся ў Раменскім УУС Масквы, дзе нас трымалі. Як доўга ён будзе там знаходзіцца, невядома, але мы будзем зь ім увесь час на сувязі".

Паводле Андросенкі, каля будынку УУС гей-актывістаў пасадзілі ў дзьве машыны, давезьлі да станцыі мэтро "Паўднёва-Заходняя" і высадзілі. "Нам так і не патлумачылі, чаму трымалі ў аддзяленьні міліцыі замест вызначаных расейскім заканадаўствам трох гадзін амаль дванаццаць. Пры гэтым ніякага абвінавачаньня нам выстаўлена не было", — зазначыў Сяргей Андросенка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG