Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Маім пакаленьнем перапоўненыя турмы"


Наша перадача адрасаваная тым, хто апынуўся ў няволі, а таксама сваякам і блізкім гэтых людзей. Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, наўпрост ці ўскосна з турмой зьвязаны кожны сёмы жыхар краіны — пакараньне адбываў або сам чалавек, або яго сваякі. Такі рэкордны ўзровень яскрава ілюструюць дзень пры дні вялікія чэргі ля сьледчых ізалятараў краіны.


Сярод тэмаў нашай сёньняшняй праграмы:

  • "Маім пакаленьнем перапоўненыя турмы" — агляд лістоў зь месцаў зьняволеньня.
  • Ці вырашаюць турмы праблему злачыннасьці і ці можа быць альтэрнатыва вязьніцам? Апытаньне на берасьцейскіх вуліцах.
  • Гісторыя і сёньняшні дзень беларускіх пэнітэнцыярных устаноў.
  • Як не захварэць у няволі — сваімі рэцэптамі дзеліцца палітвязень. Зваротная сувязь

Нагадаю, нам можна напісаць на адрас: Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952.

Нам цікава чытаць усе допісы. Наша перадача немагчымая бяз вашага ўдзелу.

"Вошы як атрыбут вязьніцаў"


"Увесь пакой нэрвова чухаецца і разглядае швы ў сябе на адзежы. Нічога падазронага пакуль не знайшлі, але ўсіх ужо захліснула хваля параноі. Санітарныя ўмовы тут ня лепшыя, так што вошы могуць распаўсюдзіцца вокамгненна. У кране толькі ледзяная вада, душ з гарачай — раз на тыдзень. У маіх рэчах ніякай жыўнасьці таксама не аказалася, але сытуацыя можа памяняцца ў любы момант", — так піша адзін з арыштантаў "Валадаркі".

Пра тое, што "Валадарка" — рассаднікам падобнай жыўнасьці, сьведчаць і іншыя вязьні гэтага СІЗА. Ці было так заўсёды, пытаюся ў колішняга начальніка "Валадаркі" Алега Алкаева, які працаваў у гэтай установе ў 1990-я гады, а цяпер жыве на эміграцыі ў Нямеччыне.

Алег Алкаеў
"Што тычыцца вошай, то падобныя выпадкі пры мне былі зьявай рэдкай. Я памятаю ўсяго два. Гэта было пры канцы 1990-х. Прычым абодва разы вошы былі занесеныя з волі. Жанчынамі. Сукамэрніцы прымусілі іх падстрыгчыся. У СІЗА, зразумела, правялі санапрацоўку. Тараканы былі, не спрачаюся. Магчыма, былі клапы, хоць сам я іх ня бачыў. Але вось вошы на той час былі чымсьці надзвычайным".

"Маім пакаленьнем перапоўненыя турмы"


Маім пакаленьнем перапоўненыя турмы, піша 36-гадовы Ігар. Ён адбывае пакараньне другі раз. У яго лісьце — спроба стварыць агульны партрэт беларускіх вязьняў, народжаных у 1970-я. Ліст Ігара падаўся нам цікавым, і мы вырашылі падаць яго цалкам.

"Вакол мяне людзі з рознымі крымінальнымі артыкуламі: крадзяжы, рабаваньні, махлярства. Наркотыкі. Не скажу, што гэтыя людзі нічога не ўчынілі. Інакш мяне папракнуць юрысты. У кожнага свая трагедыя і пазыцыя ў адносінах да таго, што здарылася зь ім. Я быў тут 10 гадоў таму. Усё было інакш. У мяне на тумбачцы не стаяў, як цяпер, бел-чырвона-белы нацыянальны сымбаль, я не пісаў тады на сьценах: "Жыве Беларусь!". Тады, 10 гадоў таму, ніхто не цікавіўся навінамі ў краіне, дзелячы іх на праўдзівыя, апублікаваныя ў "Народнай волі" і тагачаснай "БДГ", і сумнеўныя, перададзеныя па БТ. Тады тут гэта было важна для адзінак. Сёньня — наадварот. Чаму ўсё так зьмянілася? Гэта іншыя злачынцы? Разабраўшыся ў сабе, думаю, я разумею і іх.

Грамадзянская сталасьць прыходзіць ды кожнага па-рознаму. У адных гэта пачуцьцё, выхаванае бацькамі ці настаўнікамі. Іншыя пражывуць жыцьцё, так і не здабыўшы гэтага. Просты прыклад — мая мама. Выдатная велікадушная жанчына, умоўна азначаная статусам грамадзяніна. У адведзенай ёй дзяржаваю — СССР, а затым Беларусьсю — ролі яна пражывае жыцьцё. Яе нельга асуджаць за гэта. Цэлае пакаленьне нашых бацькоў з трымценьнем глядзела на партрэты правадыроў, як і ўсе, галасавалі на чарговых выбарах за таго, на каго паказвае партыя.
З 19 сьнежня 2010 году я не прыбіраю з тумбачкі маленькі бел-чырвона-белы сьцяг ...

Я па-здароваму замілоўваюся ёй, калі яна, прыйшоўшы на спатканьне да мяне ў турму на Валадарскага, на маё пытаньне, за каго будзеш галасаваць, адказвае: "Вядома, за Лукашэнку!". І, хітра прыкрыўшы рукою трубку сувязі, праз шкло падае мне сыгналы, што не за яго. Паказваючы галавою ў бок ахоўніка, які можа падслухаць і ў яе праз гэта будуць непрыемнасьці на працы.

З 19 сьнежня 2010 году я не прыбіраю з тумбачкі маленькі бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта мая асабістая акцыя, пазыцыя. Тут разам са мной "жыве Беларусь". Тут я адкрыта гэта кажу. Тыя, хто мяне ахоўвае, бачаць гэта і ведаюць.

Дзе больш волі? Па які бок плоту? Там ёсьць што губляць? Так! Мінімум — працу. Максымум — свабоду. Часам — жыцьцё. Судзьдзя Віктар Уладзімеравіч Казак, дзякуй вам! Вы расплюшчылі мне вочы. Я выразна і з усёй адказнасьцю ўсьведамляю: калі ставіцца абыякава і баязьліва, як нашыя бацькі, да свайго права, то і нашыя дзеці будуць так жыць. Яны будуць пазбаўленыя волі за сваё іншадумства па надуманых крымінальных злачынствах."

VOX POPULI


Ці ў стане беларускія турмы вырашыць праблему злачыннасьці і ці можа быць альтэрнатыва вязьніцам?

На гэтыя пытаньні адказваюць мінакі на вуліцах Берасьця.

Спадарыня: "Я лічу, што наяўнасьць турмаў не ўплывае на колькасьць злачынстваў. Патрэбны нейкія іншыя крокі і мэтады. Мне падаецца, што тут павінен быць ухіл непасрэдна на прафіляктыку. Больш павінны працаваць участковыя міліцыянты. А ўвогуле павінна быць альтэрнатыва турмам. У нашай краіне турмы проста перапоўненыя. Лічу добрым заканадаўства, паводле якога прадугледжана зьмяншэньне тэрмінаў зьняволеньня, умоўныя прысуды. Таму за нязначныя злачынствы павінна быць іншае пакараньне, напрыклад, у выглядзе абмежаваньня магчымасьці перасоўваньня, але не турэмнае зьняволеньне".

Спадар: "Ня ведаю, ніколі не задумваўся на гэты конт".

Спадарыня: "Гэта гледзячы ў чым, у якіх злачынствах. Хаця, як мне падаецца, ёсьць людзі, якія ўжо проста ня зьменяцца. Але агулам колькасьць цяжкіх злачынстваў з-за таго, што існуюць турмы, не зьмяншаецца".

Спадар: "Я думаю, што калі чалавек заслугоўвае пакараньня, калі ўчыніў злачынства, то павінен несьці адказнасьць. Ня ведаю, але дакладна за цяжкае злачынства не павінны быць штрафы або грашовыя выплаты. Напэўна, павінна быць турма. Яе баяцца, а вось калі будзе нейкі штраф ці яшчэ нешта, то атрымаецца няправільна. Злачынца заплоціць і пойдзе далей чыніць абы-што".

Спадар: "Цяжка скажаць. Турмы павінны таксама быць. А альтэрнатывы ім пакуль няма".

Спадар: "Я лічу, што злачынца павінен нечага баяцца. Значыць, павінна быць турма. А альтэрнатыва — я ня ведаю, што гэта можа быць. Фізычныя нейкія пакараньні? Мне падаецца, што альтэрнатывы не прыдумалі пакуль турмам. Ва ўсе часы былі турмы".

Спадарыня: "У якасьці альтэрнатывы могуць быць выхаваўчыя працы. Да прыкладу, у Швэцыі няма турмаў. Людзі жывуць амаль звычайным жыцьцём. Ёсьць пэўныя абмежавальныя меры. Але людзей ні ў якім выпадку нельга аддзяляць ад грамадзтва. Бо тады адбываецца дэсацыялізацыя чалавека. Такія ўмовы ў турмах нашай краіны не ствараюцца, хутчэй наадварот".


Беларускія турмы — гісторыя і сучаснасьць


У гэтай рубрыцы мы расказваем пра мінуўшчыну і сёньняшні дзень беларускіх астрогаў, а таксама пра іх вядомых сядзельцаў.

"На Лукішках можна было жыць. Гэта была звычайная турма ў мірныя часы". Такімі словамі згадаў сваё ўтрыманьне пры польскай уладзе ў віленскіх Лукішках адзін з самых знаных беларускіх арыштантаў, усясьветна вядомы навуковец у галіне астранаўтыкі, матэматыкі, фізыкі, хіміі Барыс Кіт. Цяпер ён жыве ў Нямеччыне, нядаўна адсьвяткаваў 101 год жыцьця. Зь ім гутарыла наша віленская карэспандэнтка Тацяна Поклад.

Барыс Кіт: "У параўнаньні зь іншымі турмамі на Лукішках можна было жыць"

Барыс Кіт
Лукішкі — частка беларускай гісторыі, на лёсах яе вязьняў беларусаў у міжваенным часе, да Другой сусьветнай вайны, можна вывучаць беларускае нацыянальнае адраджэньне. У камэрах Лукішак сядзелі многія вядомыя беларускія дзеячы, у тым ліку і беларусы — паслы польскага Сэйму, сэнатары. Калі Вільню называюць беларускім музэем пад адкрытым небам, то Лукішкі можна назваць беларускім музэем за кратамі.

Калі зьявіцца Лукіскі турэмны музэй, гэта будзе яшчэ адзін унікальны музэй, але іншага кшталту. Тут можна будзе вывучаць ня толькі беларускую, але і ўсясьветную гісторыю культуры і навукі. Да прыкладу, вязьнямі Лукішак былі і экс-прэм'ер Ізраілю нобэлеўскі ляўрэат Мэнахэм Бэгін, іншыя вядомыя асобы, у іх ліку і беларускі асьветнік і ўсясьветна вядомы навуковец, матэматык, фізык, канструктар амэрыканскай ракетнай тэхнікі Барыс Кіт.

Барыс Кіт, які цяпер жыве ў Нямеччыне і 6 красавіка сустрэў свой 101-шы дзень нараджэньня, памятае Лукіскую турму, як і ўсе іншыя, дзе давялося сядзець па палітычных абвінавачаньнях.

"Я сядзеў двойчы за польскім часам, а за нямецкім часам у дзьвюх турмах — у Глыбокім і пасьля ў турме гестапа ў Вялейцы", — прыгадаў свой турэмны досьвед Барыс Кіт.

Турмы ў мірныя часы і ў ваенныя


Барыс Кіт (Кіта) паходзіць з Наваградчыны. Да канца Другой усясьветнай вайны, да вымушанай эміграцыі, вучыўся і займаўся асьветніцкай дзейнасьцю ў родных краях, быў выкладчыкам (з 1931 г.) і дырэктарам (з 1939 г.) Віленскай беларускай гімназіі, а пасьля, з восені 1939 г., — дырэктарам адроджанай гімназіі ў Наваградку, як школьны інспэктар пазьней арганізоўваў пачатковыя і сярэднія беларускія школы. На эміграцыі Барыс Кіт стаў вядомым у сьвеце амэрыканскім навукоўцам, спэцыялістам у астранаўтыцы, матэматыцы, фізыцы, хіміі, ганаровым прафэсарам Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту ў ЗША, акадэмікам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Барыс Кіт працаваў на касьмічнае агенцтва НАСА, вынайшаў паліва для ракетных рухавікоў.

Турэмны досьвед выбітны матэматык і асьветнік атрымаў пры польскіх уладах на роднай Наваградчыне і ў Вільні, у знакамітых Лукішках, а пазьней, у часе нямецкай акупацыі, — у турмах гестапа ў Глыбокім і Вялейцы. Я патэлефанавала Барысу Ўладзімеравічу ў Франкфурт-на-Майне, дзе ён цяпер жыве, і папрасіла прыгадаць той турэмны досьвед у 30-х гадах мінулага стагодзьдзя. Барыс Уладзімеравіч згадкі пра Лукіскую вязьніцу пачаў з параўнаньня:

"Ну, безумоўна, рэжым турэмны ў мірныя часы ў Польшчы быў лепшы, як у Глыбокім пры немцах у ваенныя часы. У немцаў мы там папросту паміралі. Я б вам лепш спачатку расказаў бы, як гэта пры немцах было, бо гэта было найгоршае.
Вошы так завяліся, што проста струёй хадзілі па целе ...

Мяне арыштавалі на станцыі, там пагалоўна ўсіх арыштоўвалі, у мяне нібыта дакумэнты, як сказалі, не ў парадку былі. Я сядзеў цэлы месяц у Глыбокім. Там не турма была, а проста падвал, кідалі нас усіх у гэты падвал. Нас зусім не кармілі, нічога не давалі. Людзі прыходзілі і кідалі нам праз вокны буракі, мы гэтыя буракі елі. Была маленькая печка, гарэла, але найбольш дыміла, выядала нам проста вочы дымам. Вошы так завяліся, што проста струёй хадзілі па целе.

Але найгорш было тое, што гэта была фактычна пачакальня для людзей, якіх выводзілі на расстрэл. Кожны дзень было так: нагоняць 30 чалавек, а ўначы 25 расстраляюць. І так кожны дзень тое самае. І вось я ў такіх умовах жыў, чакаў на сьмерць 30 разоў падчас гэтых 30-ці дзён. Пасьля мяне перавялі ў галоўную мясцовую турму гестапа ў Вялейцы, а вызвалілі дзякуючы заступніцтву майго былога вучня зь Віленскай беларускай гімназіі Кастуся Касяка, які быў беларускім давераным пры Віленскім гэбітскамісарыяце. Ён мяне і ўратаваў. Ну вось кораценька, як было пры немцах, гэта былі ваенныя часы.

А калі я сядзеў пры Польшчы ў Наваградку і на Лукішках, дык гэта былі мірныя часы. Так што ўмовы ня можна і параўнаць".

"У Лукішках моцна ня мучылі"


Турма Лукішкі. Фота www.delfi.lt

У Лукіскую турму Барыс Кіт трапіў, калі быў студэнтам трэцяга курсу фізыка-матэматычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту, на пачатку 1930-х гадоў. Абвінавачаньне было палітычным, за ўдзел у беларускіх грамадзкіх арганізацыях, хоць Барыс Кіт ня быў зьвязаны з камуністамі. Як ён сам прыгадваў, ён меў лібэральныя погляды, а перадусім ставіў беларускую нацыянальную справу.

"У Наваградку я сядзеў у турме тады, калі быў разгром Беларускай сялянска-работніцкай грамады, а на Лукішках — калі быў разгром Таварыства беларускай школы ў Вільні. Тады мяне арыштавалі. Ну што ж, там былі звычайныя камэры турэмныя, ложкі былі, давалі трохі есьці. Ня мучылі сільна. Кожны дзень выводзілі на двор, прагуляцца на дзьве гадзіны. Там усе бывалі на двары, спатыкаліся, можна было пабачыцца, пагаварыць.

Я як толькі першы раз выйшаў на двор гуляць — і спаткаўся адразу з кім бы вы думалі? З Васілём Рагулем, сэнатарам", — прыгадвае Барыс Кіт.

Турма Лукішкі. Фота www.delfi.lt

Пра тагачасныя парадкі і ўмовы ўтрыманьня ў Лукішках вязьняў, арыштаваных за палітыку польскімі ўладамі, сьведчыць успамін Барыса Кіта пра ягоны першы турэмны шпацыр у Лукішках, калі ён, студэнт-трэцякурсьнік, адбываў свой першы дзень зьняволеньня і сустрэўся ў турэмным двары з былым паслом польскага Сэйму, сэнатарам, адным з заснавальнікаў партыі "Беларускі Сялянскі Саюз" Васілём Рагулем. Гэты выпадак паказвае, дарэчы, якія былі парадкі ў турме ў той час, як ставіліся да просьбаў вязьняў:

"Я кажу яму (Барысу Рагулю), што мне страшэнна сумна аднаму ў камэры. Дык ён што? Падышоў да стражніка і папрасіў, каб яго перавялі ў маю камэру. І вось я сядзеў зь ім разам, гэта было куды лягчэй.

Гэта была звычайная турма ў мірныя часы. Адным словам, на Лукішках можна было жыць".

Так узгадвае Лукіскую турму Барыс Кіт, які правёў там некалькі тыдняў на пачатку 1930-х гадоў. Як вязьні спалі і як мыліся, ці пускалі да іх наведнікаў, што вязьні рабілі ў камэрах, як вяліся допыты і як ахоўнікі абыходзіліся са зьняволенымі, як вызвалялі з турмы і як рэагавалі ў Віленскім унівэрсытэце на арышт свайго студэнта, — у далейшых перадачах, дзе прагучыць працяг гутаркі з Барысам Кітом.

Турма і здароўе


Лябедзька: "Тысячу практыкаваньняў штодня, і нічога цябе ня зломіць"

Пераважная большасьць тых, хто адбывае пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі, скардзіцца на істотнае пагаршэньне здароўя. Незнаёмыя раней хваробы падкрадаюцца нечакана. Гэта і сардэчна-сасудістыя, і дыхальныя, і страўнікавыя, і апорна-рухальныя праблемы. Іх прычыны — дэфіцыт паветра і сырасьць у камэрах, вымушанае гультайства, псыхалягічны стан плюс агульная антысанітарыя.

Палітвязень Анатоль Лябедзька, які правёў некалькі месяцаў у "амэрыканцы", тым ня менш лічыць, што захаваць здароўе ў вязьніцы магчыма. Наша размова з вызваленым пад падпіску аб нявыезьдзе палітыкам некалькі разоў абрывалася літаральна на першай хвіліне. Зараз вы пачуеце гэты запіс — пакуль мы выразна не патлумачылі нашым невядомым тэлефонным слухачам, што тут ня будзе палітыкі, выключна парады, як трымацца здаровага ладу жыцьця людзям, якія могуць трапіць у "амэрыканку" ці іншы СІЗА.

Анатоль Лябедзька
"Па-першае, у мяне неблагая фізычная форма была і да "амэрыканкі". А там было шмат часу, і я сам сабе сказаў: ці я буду сядзець, сумаваць, думаць пра нешта дрэннае, ці буду займацца сам сабой як інтэлектуальна, так і фізычна. Таму ў мяне было на кожны дзень такое хатняе заданьне: падчас абавязковай прагулкі ў турэмным двары, незалежна ад таго, дождж, сьнег, сонца — тысячу разоў адціснуцца…".

Карэспандэнт: "Тысячу?".

Лябедзька: "Так, тысячу разоў адціснуцца ад гэтага бэтону. Штодня без выключэньняў. Да таго ж штодня зранку тысячу практыкаваньняў на прэс, падымаючы і апускаючы ногі на ложак. І вось так рэгулярна. Тое, што залежала ад мяне, я рабіў. Дарэчы, адчуў пэўную павагу з боку некаторых прадстаўнікоў адміністрацыі СІЗА. Бо там існуе культ сілы. Калі яны бачаць, што чалавек не здаецца, што ён змагаецца за тое, каб быць у добрай форме, то яны нават паблажліва ставяцца да цябе. Гэта я адчуваў".

Карэспандэнт: "Аднак каб рабіць тысячу практыкаваньняў там, дык, напэўна, на волі таксама трэба быць такім фізычна дысцыплінаваным і рабіць у хатніх умовах прынамсі сто практыкаваньняў на дзень? Або вас дысцыплінавала менавіта няволя?".

Лябедзька: "Калі я там апынуўся, то ў самыя першыя дні мне было проста складана прымусіць сябе нешта рабіць, тым больш нейкія практыкаваньні. Я зразумеў, што свабода волі на нас уплывае ў нечым і адмоўна. Нам цяжка нешта рабіць, цяжка прымусіць сябе. Калі ж ты трапляеш у нейкую выключную сытуацыю, то там арганізм канцэнтруецца, і адчуваньне, што нешта трэба зрабіць, значна большае. Але ж натуральна, што на волі я займаюся штодня — бегаю, адціскаюся, раблю практыкаваньні. Але ж, вядома, не ў такой колькасьці. Самае цікавае, што ўсе, хто са мной сядзеў, так ці інакш пачалі займацца сваёй фізычнай формай".

Карэспандэнт: "Звычайна туды трапляюць людзі зь ня надта добрай фізычнай падрыхтоўкай. Або вы бачылі розных? Мне падаецца, што далёка ня ўсе маюць такую ахвоту рабіць штодня па тысячы практыкаваньняў у камэры ды ў турэмным двары, як вы…".

Лябедзька: "Калі чалавек мае моцны дух, то гэта рана ці позна паправіць слабую фізычную падрыхтоўку. Калі ёсьць дух, то фізычную падрыхтоўку можна падцягваць да нейкага вышэйшага ўзроўню. Калі ж няма духу, то тады, нават калі ў цябе Богам дадзеныя нейкія выдатныя фізычныя кандыцыі, ты ня здолееш іх разьвіваць".

Карэспандэнт: "Калі сфармуляваць сьцісла: трапіў туды, засяродзіўся на духу, трэба пачаць рабіць практыкаваньні".
у "амэрыканцы", я пачаў пісаць вершы ...

Лябедзька: "Абавязкова. Пры любых абставінах. Толькі так ты зможаш там выжыць. Скажу, што абсталяваньне ў камэры — гэтыя нары ці шконкі, брусы — дазваляе рабіць самыя-самыя розныя практыкаваньні. Акрамя таго, трэба, каб да гэтага дапасоўвалася нейкая іншая, разумовая праца. Там, у "амэрыканцы", я пачаў пісаць вершы. Наколькі можна, я чытаў там кнігі. Відаць, столькі, колькі чытаў у дзяцінстве. Я шмат там пісаў, і такое спалучэньне фізычнай формы і духоўнай, толькі яно дазваляе выжыць у такім замураваным стане".

Карэспандэнт: "Некалькі месяцаў за кратамі, і за гэты час аніводнай хваробы, аніводнай таблеткі? Ці ўсё ж нейкая гадасьць да вас прычапілася?"

Лябедзька: "Ну што пагоршылася? Зрок. З-за спэцыфічнага асьвятленьня. Таксама ўзьніклі некаторыя праблемы з плёмбамі ў зубах. Але ж у тых умовах гэтае пытаньне было немагчыма вырашыць. Аднак усё астатняе — сэрца, страўнік, лёгкія, суставы — дзякуй Богу, мяне мінула. Улічваючы нізкую тэмпэратуру ў камэрах, суцэльную загорнутасьць сама меней на 22 гадзіны штодня ў гэты бэтон, гэтую арматуру, — зразумела, можна было чакаць нашмат горшых наступстваў".

Карэспандэнт: "Вам трэба публікаваць нейкія адмысловыя нататкі на тэму захаваньня здароўя ў гэтых умовах, каб людзі неяк рыхтаваліся. Бо, як кажуць, — ад турмы ды сумы…".

Лябедзька: "Лічу, што гэта сапраўды карысны досьвед. Пры пэўнай моцы духу гэта становіцца звычкай. Гэтак жа, як зранку пачысьціць зубы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG