Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казлы і Гурбангулы


Чым можна патлумачыць грубую лаянку Аляксандра Лукашэнкі на адрас старшыні Эўракамісіі і прэзыдэнта Ўкраіны? Якія міжнародныя наступствы будзе мець закрыцьцё газэт «Народная воля» і «Наша ніва»? Наколькі цяжкія ўмовы, якія вылучае Расея для выдачы Беларусі выратавальных крэдытаў?

Над гэтымі тэмамі ў «Праскім акцэнце» разважаюць палітолягі: зь Менску – Андрэй Фёдараў, з Масквы – Кірыл Коктыш, з Варшавы – Ганна Дынэр.

Дракахруст: «Барозу і іншыя казлы» – такія словы прагучалі з вуснаў прэзыдэнта Беларусі на гэтым тыдні. Дасталося і ўкраінскуму калегу, прэзыдэнту Віктару Януковічу, у якім Лукашэнка ўбачыў «вашывасьць». Нагодай для такога патоку красамоўя стаў канфлікт вакол запрашэньня беларускага кіраўніка на чарнобыльскую канфэрэнцыю ў Кіеў. Паводле чутак, старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу заявіў, што ён не паедзе у Кіеў, калі там будзе Лукашэнка. У выніку апошні застаўся дома, і ад крыўды не паехаў на сустрэчу з украінскім і расейскім прэзыдэнтам у Чарнобылі.

Чаго зьбіраўся дамагчыся беларускі кіраўнік, аблайваючы сваіх партнэраў? Што яны спалохаюцца і пойдуць на саступкі? Яшчэ на мінулым тыдні кіраўнік Беларусі выказваўся пра неабходнасьць і непазьбежнасьць прымірэньня з Эўропай. Але наўрад ці называньне сваіх патэнцыйных партнэраў «казламі» і «быкамі» можа спрыяць гэтаму прымірэньню. Дык у чым мэта, на што разьлік?

Фёдараў: Цяжка не пагадзіцца з вашай апошняй заўвагай наконт таго, што, выказваючы такія абразы на адрас сваіх партнэраў, можна дасягнуць паляпшэньня адносінаў. Але тут ёсьць цікавая акалічнасьць. Прыгаданае вамі пасланьне было агучанае 21 красавіка, донарская канфэрэнцыя ў Кіеве, на якой быў Барозу і на якую нібыта скасавалі запрашэньне Лукашэнку, адбылася 19 красавіка. Тым ня менш, 21
Эмоцыі перасілілі палітычны разьлік
красавіка ніякіх прэтэнзіяў выказана не было, яны чамусьці вырваліся ажно 26 красавіка. Ці не адбылося за гэтыя дні нешта, што прымусіла беларускага кіраўніка пайсьці на такі крок? Я ўсё ж не лічу, што гэта было зроблена наўмысна. Тут эмоцыі перасілілі палітычны разьлік, тут нешта здарылася і гэта выклікала такую жорсткую рэакцыю.

Дракахруст: Кірыл, а якімі вам бачацца матывы гэтага выплюху красамоўя? Андрэй сказаў, што магчыма ўжо пасьля 21 красавіка штосьці адбылося. Ну вось адбылася сустрэча Януковіча і Мядзьведзева ў Чарнобылі. Можа з гэтым зьвязаная такая рэакцыя? І, дарэчы, у сваіх шчыраваньнях Лукашэнка і гэтую сустрэчу ў Чарнобылі прыгадаў неяк загадкава, маўляў, ён не зьбіраецца быць падпявалам ні ў таго, ні ў іншага прэзыдэнта.

Коктыш
: Найперш гэта быў выплюх эмоцыяў. Але ня толькі. Мне здаецца, што галоўны адрасат быў беларускі. Калі Беларусь апынулася не запрошанай на ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы, пры тым, што Чарнобыль для Беларусі -- гэта звышкаштоўнасьць, калі Беларусь апынулася ў ізаляцыі нават у гэтую сумную гадавіну, то беларусу трэба патлумачыць, што здарылася, як такое магло быць. Гэта маўклівае
Калі Беларусь апынулася ў ізаляцыі нават у гэтую сумную гадавіну, то беларусу трэба патлумачыць, як такое магло быць
пытаньне беларускага грамадзтва да беларускага прэзыдэнта, але яно існуе, і нейкую матывацыю трэба было даць. Так што мне здаецца, што калі разьлік і быў, то ён быў найперш на беларускую аўдыторыю. Магчыма, быў нейкі гандаль паміж беларускім і расейскім прэзыдэнтамі, калі ён паехаў на сустрэчу. Мы гэтага ня ведаем. Але што навідавоку, дык гэта крыўда і неабходнасьць растлумачыць беларусам, чаму так атрымалася: таму, што ўсе астатнія -- казлы.

Дракахруст: Ганна, заявы Лукашэнкі даволі часта інтэрпрэтуюцца як вынік ягонай эмацыйнасьці, нявытрыманасьці і непрадказальнасьці. Але калі палітык трымаецца ў сядле 17 гадоў, тлумачыць яго паводзіны эмацыйнасьцю, што ёсьць эўфэмізм дурасьці, неяк не выпадае. Можа ў гэтым выплюху быў і рацыянальны разьлік?

Дынэр: Мне здаецца, што нічога рацыянальнага ў гэтым не было. Да таго, што сказалі
Прэзыдэнт Лукашэнка заўсёды такім быў і заўсёды такім будзе
калегі, я б дадала, што магла быць крыўда на тое, што ня толькі не запрасілі ў Кіеў, але і не далі эўразьвязаўскія грошы на чарнобыльскія праграмы. Ён таксама мог перасьцерагацца, што Расея і Ўкраіна пра нешта дамовяцца з ЭЗ безь Беларусі. У прынцыпе прэзыдэнт Лукашэнка заўсёды такім быў і заўсёды такім будзе.

Дракахруст: Гледзячы па ўсім, яшчэ адным жэстам, які паглыбляе прорву паміж Эўропай і афіцыйным Менскам, стаў пазоў міністэрства інфармацыі аб закрыцьці дзьвюх незалежных газэт -- «Нашай нівы» і «Народнай волі». Вяртаньне ў 2008 годзе менавіта гэтых выданьняў у легальны абарот стала адным са знакаў і чыньнікаў дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Зараз знакі і чыньнікі – супрацьлеглыя. Тады ж палітвязьні выходзілі на волю, у выніку толькі гэтага «суднага тыдня» іх колькасьць істотна павялічыцца.
Гэтыя справы – ня менш абразьлівыя, чым словы. Гэта паглыбленьне прорвы ці накапленьне козыраў – чым больш зараз пасадзім і закрыем, тым больш будзе каго і чаго ў будучыні вызваляць і дазваляць?

Коктыш: Мне здаецца, што тут ёсьць накапленьне козыраў, але галоўны чыньнік -- гэта эканамічнае становішча Беларусі. Зараз відавочна, што
Трэба "прадаць" грамадзтву страх, каб можна было падтрымліваць стан справаў у цяперашнім выглядзе нават тады, калі сродкаў на сілавыя структуры будзе значна менш
разрыў паміж даходамі і выдаткамі, паміж спажываньнем і прадукаваньнем расьце і выліваецца ў тую спантанную дэвальвацыю, якая фактычна ўжо адбываецца. Калі зьніжаецца спажываньне, трэба замацаваць уладу, калі на гэта ёсьць пэўны рэсурс. Трэба "прадаць" грамадзтву страх, каб яно не абуралася і не выступала, і каб можна было падтрымліваць стан справаў у цяперашнім выглядзе нават тады, калі сродкаў на сілавыя структуры будзе значна менш.

Відавочная тэхналёгія. Калі ў цябе ёсьць сілы і ты сёньня дэманструеш, што будзеш вельмі жорсткім, то заўтра, нават калі ня будзе рэсурсаў падтрымліваць такі ўзровень моцы, грамадзтва па звычцы будзе слухацца.

Гэта наагул даволі цяжкая задача -- прымусіць грамадзтва спажываць істотна менш, чым яно спажывае сёньня. Пры гэтым цяжка пазьбегнуць сацыяльных выбухаў і таму ўлада імкнецца як мага больш спрасьціць структуру, пакуль яшчэ ёсьць рэсурсы на такое спрашчэньне. Але гэта ня выйсьце, гэта тактыка. Бо ў індустрыяльнай краіне істотна зьнізіць спажываньне наўрад ці магчыма.

Дынэр: Я не магу цалкам пагадзіцца зь меркаваньнем, што гэта толькі для беларускага грамадзтва, каб яно не пратэставала. Гэта адзін з чыньнікаў. Мне здаецца, што Лукашэнка проста разгубіўся пасьля выбараў, ён ня ведае, як сябе паводзіць і робіць даволі дзіўныя крокі. Што да вязьняў 19-га сьнежня, ён ня хоча іх вызваляць, паказаўшы, што яны патрапілі за краты без віны.

Ён хоча паказаць і намэнклятуры і Расеі, што сваёй краінай ён кіруе аднаасобна, што ўсе гэтыя пытаньні будзе вырашаць толькі ён, што незалежна ад эканамічных праблемаў унутраная палітыка Беларусі застаецца яго выключнай прэрагатывай.

Палітзьняволенныя, як і адкрыцьцё наноў «Нашай нівы» і «Народнай волі» стануць прадметам гандлю за нейкія саступкі з боку ЭЗ
Я баюся, што палітзьняволеныя, як і адкрыцьцё наноў «Нашай нівы» і «Народнай волі» стануць прадметам гандлю за нейкія саступкі з боку ЭЗ. Я спадзяюся, што гэтак ня будзе, што не паўторыцца сытуацыя 2008 году, калі Лукашэнка вёў менавіта такую гульню.

Фёдараў: Я часткова згодны з Кірылам, што запалохаць насельніцтва ніколі не зашкодзіць. Гэта ня значыць, што яно было гатовае да масавых акцыяў, але прадэманстраваць яму сваю моц – гэта заўсёды нядрэнна.

Тое, што сказала Ганна наконт гандлю, гэта хутчэй за ўсё таксама маецца на ўвазе. А тое, што пры гэтым паглыбляецца прорва – гэта ня вельмі бянтэжыць і разглядаецца, як непазьбежныя выдаткі.

Беларускаму кіраўніцтву дастаўляе задавальненьне сытуацыя, калі яно можа рабіць тое, што яно жадае
Я мяркую, што калі ў 2008 годзе «Народную волю» і «Нашу ніву» вярталі ў падпісны каталёг і ў шапікі «Саюздруку», ні ў каго не было ілюзіяў, што гэта робіцца шчыра, што беларускаму кіраўніцтву падабаліся гэтыя працэсы лібэралізацыі. А зараз яно вяртаецца да таго, што было раней, і дэманструе сваю існасьць. Я мяркую, што яму дастаўляе задавальненьне сытуацыя, калі яно можа рабіць тое, што яно жадае.

Дракахруст: На гэтым жа тыдні пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў агучыў умовы, на якіх Расея дасьць Беларусі доўгачаканыя выратавальныя крэдыты ў памеры трох мільярдаў даляраў.

Ён назваў дзьве групы чыньнікаў. Адна – тое, што ён назваў умовамі – гэта прыкладна тое ж, чаго ад Беларусі дамагаецца МВФ: адказная сацыяльная і бюджэтная палітыка, гнуткі курс рубля і прыватызацыя. Наконт апошняга дыплямат уступіў у завочную палеміку з прэзыдэнтам Лукашэнкам, які ў сёлетнім прэзыдэнцкім пасланьні сказаў, што дзяржаўная ўласнасьць – гэта народнае дабро і яго нельга дзяліць.

Але другую групу чыньнікаў пасол фармуляваў як пажаданьні, маўляў, Расея зацікаўленая ў тым, каб купіць другую палову «Белтрансгазу», варта было б вярнуцца да праекту ўвядзеньня ў Беларусі расейскага рубля, някепска было б Беларусі пайсьці на саступкі ў пытаньні аб'яднаньня МАЗа і КАМАЗа.
Якія суадносіны паміж гэтымі ўмовамі і пажаданьнямі? Без увядзеньня расейскага рубля не дадуць крэдыты? Ці можа Лукашэнка, скажам, абмяняць умову адказнай бюджэтнай палітыкі на гатоўнасьць прадаць другую палову «Белтрансгазу»? Як трэба разумець гэтую складаную сыстэму ўмоваў і пажаданьняў?

Коктыш: Галоўныя – гэта тыя ўмовы, якія ўзгодненыя з МВФ. Расея ня ўпэўненая, што Менск калі-небудзь верне ёй гэтыя крэдыты, і хоча заручыцца падтрымкай міжнародных арганізацыяў.

Прапанова наконт адзінай валюты зробленая зараз для таго, каб Лукашэнка сказаў «не»
Што тычыцца даволі правакацыйнай прапановы аб пераходзе на расейскі рубель, то сёньня Масква да гэтага не гатовая, там пачынаецца ўнутраная бойка, перадвыбарчае становішча зусім незразумелае і чужыя там непатрэбныя. Я мяркую, што гэтая прапанова наконт адзінай валюты зробленая зараз для таго, каб ён сказаў «не». А пазьней, у разгар выбарчай кампаніі ў Расеі ён тады ня змог бы ўзьнімаць тэму саюзнай дзяржавы, каб вымантачваць грошы з Расеі.

У «Белтрансгазе» Расеі дастаткова набыць толькі яшчэ адну акцыю, каб атрымаць кантроль.

Што тычыцца МАЗа і КАМАЗа, то аб гэтай зьдзелцы размова ідзе ўжо з 2001 году, калі Алег Дзерыпаска зацікавіўся ёй і паабяцаў, што МАЗ такім чынам будзе працаваць. Але гэта не такія ўжо вялікія грошы і «надвор'я» ў двухбаковых адносінах яны ня робяць.

Дракахруст: Андрэй, некаторыя мяркуюць, што ў сувязі з канфліктам Беларусі з Захадам Расея цяпер займае надзвычай выгадную пазыцыю і можа вылучаць Менску фактычна любыя ўмовы, у тым ліку і ўмову паглынаньня Беларусі. Кірыл мяркуе, што пазыцыя Расеі, апроч вось гэтых эмвээфаўскіх умоваў, ці абарончая – каб Лукашэнка ня лез у яе выбарчы агарод, ці па сутнасьці абыякавая – ну някепска атрымаць увесь «Белтрансгаз», някепска, каб Беларусь увяла ў сябе расейскі рубель, але пражывем і бяз гэтага. А як вы ацэньваеце намеры Расеі?

Фёдараў: Я лічу, што пакуль гэта не пагроза, гэта пакуль папярэджаньне. Масква нагадвае, што гэтыя пытаньні ёсьць, што яны не адкінутыя назаўсёды. Яе гэта безумоўна цікавіць, але не для таго, каб атрымаць усю беларускую эканоміку (хаця і гэта было б някепска), а каб атрымаць уплыў, уцягнуць Беларусь у сваю геапалітычную арбіту, каб тая нават не варушылася.

Ціск Масквы будзе працягвацца і ўзмацняцца і яго мэта – зьмяніць у Беларусі ўладу
Я лічу, што ціск Масквы будзе працягвацца і ўзмацняцца. Магчыма, да выбараў ён сапраўды будзе больш менш прыхаваны. І мэта гэтага ціску – зьмяніць тут уладу, дзеля гэтага будуць выкарыстоўвацца ўсе сродкі. Зараз немагчыма ўцягнуць Беларусь у адзіную валюту, бо ў нас яшчэ застаецца нейкае «фамільнае срэбра» і мы можам пратрымацца пэўны час. Але калі цяперашняя палітыка беларускіх уладаў будзе працягвацца, раней ці пазьней наступіць момант, калі Масква зможа тут рабіць усё, што захоча, а тым часам яна будзе рыхтаваць замену дзейнай уладзе.

Дракахруст: Ганна, а як з вашага боку Бугу выглядае гэтая геапалітычная дыялектыка? Лукашэнка парушае правілы, парушае правы чалавека, Эўропа адпаведным чынам на гэта рэагуе і аказваецца, што ня толькі Лукашэнка, але і Беларусь аказваецца ў значна большай залежнасьці ад Расеі. Аказваюцца магчымымі тыя пляны, пра якія казаў Андрэй. Дык гэта і было мэтай эўрапейскай палітыкі?

Дынэр: Гэта не было мэтай эўрапейскай палітыкі. Для ЭЗ было вельмі важным, каб і Беларусь, і Ўкраіна маглі вырашыць самі для сябе, каб яны маглі свабодна супрацоўнічаць і з ЭЗ і з Расеяй. Для гэтага і быў заснаваны праект «Усходняга партнэрства», каб ЭЗ падтрымліваў кантакты зь Беларусьсю і іншымі постсавецкімі краінамі. Мэтай не было выцягваньне Беларусі з-пад уплыву Расеі, бо гэта немагчыма.

Беларусь магла выбарць грошы МВФ і ЭЗ, але яна выбрала Расею
Шкада, што мэты партнэрства не былі дасягнутыя, што ўлады гэтых краін, найперш Беларусі, зрабілі той выбар, які яны зрабілі. Яны маглі выбраць МВФ, маглі выбраць грошы ад ЭЗ, але ў абмен на канкрэтныя рэформы. Але яны абралі іншы шлях – Расея.

А Расея – як мядзьведзь, яна будзе чакаць, і калі будзе прыдатны момант, яна гэтую муху прыхлопне.

Дракахруст: І напрыканцы – пытаньне, ці ўсё геапалітычнае шчасьце для Беларусі палягае на лініі Масква-Брусэль-Вашынгтон? Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Ашгабад на гэтым тыдні нагадаў, што сьвет не сышоўся клінам на гэтых сталіцах. Калісьці Уга Чавэс Беларусі даваў грошы, варта прыгадаць гэты леташні вэнэсуэльскі нафтавы праект, такі гучны і шумны. Гаварылася, што Кітай Беларусі дае 15 мільярдаў даляраў, на фоне гэтых даляраў наагул незразумела, навошта яшчэ ў Расеі нешта прасіць. Ці можа Лукашэнка знайсьці востра патрэбныя яму грошы недзе яшчэ, акрамя Масквы?

Фёдараў: Нейкія грошы па-за гэтай лініяй безумоўна ёсьць. Візыт у Туркмэністан рыхтаваўся загадзя, там даволі вялікі праект будаўніцтва
Пра кітайскія 15 мільярдаў даляраў не згадвалася нават у штогадовым пасланьні
камбінату калійных соляў, ён разьлічаны на мільярд даляраў. Напэўна, на нейкія сотні мільёнаў даляраў там разьлічваць можна. Напэўна, у той жа Вэнэсуэле можна працягваць, і ў Кітаі. Але, дарэчы, пра 15 мільярдаў ня згадвалася нават у штогадовым пасланьні, так што, відаць, тут нешта не атрымліваецца. Але, па вялікім рахунку, для Беларусі сур’ёзныя грошы ёсьць толькі ў Расеі і, у значна меншай ступені і пры значна больш жорсткіх умовах – на Захадзе. Таму трэба езьдзіць, трэба шукаць нейкую падтрымку, але гэта не вырашальнае.

Дынэр:
Гэтая лінія міжнароднай палітыкі вядзецца ў Беларусі з 2007-2008 году – пошук партнэраў, акрамя ЭЗ і Расеі
Прэзыдэнт Лукашэнка перш за ўсё хацеў прадэманстраваць, што ён незалежны ў сваёй палітыцы. Гэтая лінія міжнароднай палітыкі вядзецца ў Беларусі з 2007-2008 году – пошук партнэраў, акрамя ЭЗ і Расеі. Беларусь можа знайсьці грошы ў гэтых краінах, але яны ня будуць роўнымі тым сродкам, якія яна магла б атрымаць з Расеі ці ад Эўразьвязу.

Дракахруст: Кірыл, калі мне ня здраджвае памяць, пасьля кожных прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнкі першая яго замежная паездка была ў Маскву. А зараз – Ашгабад. Дарэчы, чаму Ашгабад, а не, скажам, Баку? Падчас леташняга газавага канфлікту з Расеяй дзякаваў Ілхаму Аліеву за тэрміновую пазыку ў 200 млн. даляраў.

Коктыш: Відавочна, што было спадзяваньне, што першы замежны візыт будзе ў Кіеў. Ён будзе сымбалічны чарнобыльскі. Але гэтага не атрымалася і таму давялося ехаць да Бердымухамедава. Чаму да яго, а не да Аліева? Таму што Беларусь скараціла закупкі азэрбайджанскай нафты, таму што банальна няма грошай, а на Бердымухамедаве яшчэ можна нешта зарабіць. Дагэтуль у Беларусі з Туркмэністанам праектаў пакуль не было.

Праекты ў трэціх краінах звычайна спачатку гучна абвяшчаюцца, але потым пра іх неяк забываюць
Праекты ў трэціх краінах звычайна спачатку гучна абвяшчаюцца, але потым пра іх неяк забываюць. Ніхто не нагадвае пра беларуска-іранскае супрацоўніцтва, пра якое гаварылася вельмі шмат, адышла некуды ўбок вэнэсуэльская тэма, пра Кітай ніхто ўжо ня ўзгадвае.

Паглядзім, што будзе з Туркмэністанам, але пакуль прэцэдэнты не дазваляюць быць надта аптымістычнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG