Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада беларускай інтэлігенцыі абараніла Барозу і Януковіча


Жазэ Мануэль Барозу і Віктар Януковіч
Жазэ Мануэль Барозу і Віктар Януковіч
"Рада беларускай інтэлігенцыі" асудзіла абразы, што прагучалі ў бок кіраўніцтва Ўкраіны і Эўразьвяза ад "асобы, якая дагэтуль дэ-факта займае пасаду прэзыдэнта Беларусі".

Пра гэта гаворыцца ў лісьце на імя прэзыдэнта Украіны Віктара Януковіча і старшыні Эўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу. Ліст быў ухвалены 29 красавіка ў Менску на пасяджэньні Рады, паведамляе БелаПАН.

"Гэты беспрэцэдэнтны выпадак яшчэ раз вызначае ўзровень культуры гэтай асобы, а таксама ўзровень небясьпекі, якую нясе таталітарны рэжым, што пануе сёньня ў нашай краіне, асабліва з ягонымі плянамі пабудовы беларускай АЭС", — гаворыцца ў лісьце.

Яго аўтары паведамляюць, што "абразы прагучалі ў дзень, калі мы ўсе павінны былі ўзгадаць агульную бяду — чарнобыльскую катастрофу, думаць пра тое, як разам бараніцца ад яе наступстваў і пазьбегнуць яе паўтарэньня". У гэты дзень побач з кіраўніцтвам Украіны і Расеі ў Чарнобылі абавязкова павінен быў знаходзіцца і прадстаўнік Беларусі, падкрэсьліваецца ў лісьце.

Яго аўтары сьцьвярджаюць, што пераважная большасьць грамадзян Беларусі "асуджае хамства і амаральнасьць, якія ўласьцівыя многім выказваньням і учынкам беларускага кіраўніцтва, але існуючы мэханізм фальсыфікацыі выбараў не дазваляе народу рэалізаваць сваю волю шляхам дэмакратычных выбараў". "Менавіта ў гэтыя дні ў Беларусі залежныя ад уладаў суды выносяць карныя выракі тым, хто выступіў супраць чарговых фальсыфікацый прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 года", — гаворыцца ў лісьце.

Рада заклікае кіраўніцтва цывілізаваных краін "займаць цьвёрдую і прынцыповую пазыцыю ў дачыненьні да асноўных дэмакратычных каштоўнасьцяў: свабоды сумленьня, вяршынства закону і справядлівых выбараў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG