Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судмэдэкспэртыза не пацьвердзіла траўмы спэцназаўцаў


29 красавіка ў судовым працэсе над Паўлам Вінаградавым, Зьмітром Драздом, Алесем Кіркевічам, Андрэем Пратасенем і Ўладзімерам Хамічэнкам зноў слухалі пацярпелых міліцыянтаў, а таксама агучылі пісьмовыя матэрыялы справы.

Больш за дзясятак пацярпелых міліцыянтаў не прыйшлі ў суд – знаходзяцца быццам бы ў адпачынках. Таму судзьдзі давялося агучваць іх паказаньні. Яны даволі стандартныя: 19-га сьнежня байцы ў поўнай экіпіроўцы, шлемах з забраламі, бронекамізэльках, з накаленьнікамі атрымалі ўшыбы мяккіх тканак, ськівіцы, шчакі, цемя, ягадзіцаў, каленных суставаў.

Сьвятлана Гарохавік, сяброўка Паўла Вінаградава, падзялілася сваімі меркаваньнямі:
Я ня думаю, што будзе апраўдальны прысуд ...

"Сёньня быў даволі складаны судовы дзень, бо заслухоўвалі паказаньні пацярпелых. Гэта было вельмі марудна, бо спачатку яны былі вельмі падрабязныя, там кожны момант распісваўся. А потым было бачна, што яны ўсё ўразаюць і ўразаюць, скарачаюць, і пад канец паказаньні былі як пад капірку. У другой палове дня зачытвалі пісьмовыя матэрыялы справы, і гэта таксама было вельмі цяжка слухаць, пракурор напачатку чытаў бадзёра, а потым голас зусім заціх... Я ня думаю, што будзе апраўдальны прысуд, але магчыма, магчыма яны абмяжуюцца тымі тэрмінамі, якія хлопцы адбылі".

Цікавая акалічнасьць: пракурор Бароўскі зачытваў пісьмовыя матэрыялы справы, сярод якіх – вынікі судова-мэдычных экспэртызаў міліцыянтаў. Экспэрты прызналі, што пацьвердзіць дыягназы, пастаўленыя байцам 19 – 20 сьнежня, не ўяўляецца магчымым. Такім чынам, гематома ягадзіцы ў Лушчыка ды пашкоджаньне ськівіцы ў Давідавіча экспэртыза не пацьвердзіла.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які сёньня цэлы дзень прысутнічаў у зале, выказаў такія ўражаньні:

Валянцін Стэфановіч
"Стандартны, калі можна так сказаць, працэс па 293-м артыкуле. Тыя ж самыя пацярпелыя, якія праходзілі ў папярэдніх судовых працэсах, большасьць зь якіх не засьведчыла свае пашкоджаньні належным чынам. Гэта было сёньня агучана з вынікаў экспэртызы. Зьвяртаюць на сябе асобы абвінавачаных – яны такія розныя! Ёсьць людзі, у тым ліку і Хамічэнка, якія, хутчэй за ўсё, апынуўся там выпадкова. А зь іншага боку, Пратасеня, Дрозд – людзі з вышэйшай адукацыяй. Пратасеня наагул школу скончыў з залатым мэдалём. Будзем глядзець далей, што будзе 4-га траўня".

Дарэчы, пракурор зачытаў бліскучыя характарыстыкі Дразда, Кіркевіча, Вінаградава і Пратасені з месцаў вучобы і працы.

Наступнае cудовае паседжаньне прызначана на 10 гадзін раніцы 4 траўня. Пачнецца яно з разгляду відэаматэрыялаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG