Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Die Welt: Як Лукашэнка разваліў эканоміку


Пра складаную сытуацыю, у якой апынулася беларуская эканоміка, піша Эдуард Штайнэр у нямецкай газэце Die Welt.

Нэрвы ня вытрымалі. У сярэдзіне красавіка адбыўся выбух бомбы ў мэтро ў Менску. Загінулі 13 чалавек. А ўсяго праз два дні пасьля гэтага кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ня толькі заявіў аб затрыманьні меркаваных бамбістаў, але і пакарыстаўся нагодай, каб агучыць дзьве забароны.

Той, хто стане распускаць чуткі пра матывы выбуху, будзе пакараны, падкрэсьліў прэзыдэнт, які жалезнай рукою кіруе краінай з 1994 году.

І той, хто ставіць пад сумнеў харчовае забесьпячэньне, гаворыць пра мізэрныя валютныя запасы краіны або яшчэ нейкім іншым чынам сее эканамічную паніку, таксама будзе падлягаць крымінальнай адказнасьці. Бо ж, у рэшце рэшт, бомбавы замах быў накіраваны на падрыў стабільнасьці краіны.

"У краіне няма больш замежнай валюты", – кажа Леанід Заіка, дырэктар менскага цэнтру эканамічнага аналізу "Стратэгія". Са студзеня валютныя рэзэрвы зьнізіліся на чвэрць і складаюць цяпер менш за чатыры мільярды даляраў (2,74 млрд. эўра). Толькі ў сакавіку насельніцтва скупіла 768 мільёнаў даляраў.

Праўда, дзяржава спрабавала штучна падтрымаць курс рубля і абмежаваць куплю валюты. Але гэта выклікала яшчэ большую паніку. У выніку рубель быў дэвальваваны. Наступствы: кампаніі, якія імпартуюць тавары з-за мяжы, цяпер практычна ня могуць іх аплаціць. Некаторыя прадукты ўжо пазьнікалі з крамаў.

Курс чорнага рынку значна ніжэйшы за афіцыйны курс 3044 рублі за даляр. Як нядаўна заявіў Лукашэнка, калі легалізаваць чорнарынкавы курс на міжбанкаўскай біржы і для кампаній, дык афіцыйны курс упаў бы адразу да 5000 рублёў за даляр. Непазьбежнае далейшае падзеньне курсу рубля – гэта моцны ўдар для Лукашэнкі, бо ж ён абяцаў людзям падваеньне месячнага даходу да 1000 даляраў да 2015 году. (...)

Дзяржаве тэрмінова патрэбныя грошы звонку. Ад Міжнароднага валютнага фонду, які пасьля крызісу пералічыў яшчэ 3,6 мільярда даляраў, чакаць грошай ня варта – дзеля гэтага Лукашэнку трэба было б пачаць рэформы і, напрыклад, скараціць зарплаты бюджэтнікам.

Эўразьвяз перад выбарамі паабяцаў тры мільярды эўра. Але пасьля выбараў Лукашэнка жорстка здушыў пратэсты, і цяпер ЭЗ ужо ня думае аказваць яму фінансавую падтрымку. Застаецца Расея. У яе Лукашэнка папрасіў тры мільярды даляраў. Масква дала б грошай, але толькі калі б Беларусь прыватызавала дзяржаўныя прадпрыемствы. Прычым з умовай, што найбольш прыбытковыя прадпрыемствы яна была б рада прыдбаць сама. Вось чаму Лукашэнка раз-пораз адцягвае гэтае пытаньне.

З увагі на жахлівую эканамічную сытуацыю Масква можа зараз гуляць на час і зьбіваць цэны на пажаданыя заводы.

"Лукашэнка пачынае разумець, што сваім аддаленьнем ад Захаду ён асудзіў сябе на тое, каб выконваць умовы Крамля", – лічыць Станіслаў Багданкевіч, былы кіраўнік беларускага цэнтральнага банку.

Заіка ўпэўнены, што неўзабаве Расея дасьць Беларусі крэдыт. Але назваць выніковы распродаж дзяржаўных прадпрыемстваў прыватызацыяй язык не павернецца. Насамрэч гэта будзе звычайнае пераразьмеркаваньне – паміж найбольш уплывовымі ў Беларусі і Расеі. Торт будзе проста падзелены паміж дзяржаўнымі ўстановамі, сілавымі ведамствамі і крымінальнымі структурамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG