Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прывідная бачнасьць стабільнасьці


Пасьля таго як Нацбанк адмовіўся ад спробаў вызначыць адэкватны курс беларускага рубля на падставе попыту і прапановы на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы, курсаўтварэньне набыло хаатычны характар. На чорным рынку цана даляра скача ад 3,5 да 5,5 тысячы рублёў. Праз валютныя праблемы 600 тысяч работнікаў па ўсёй краіне часова прыпынілі сваю дзейнасць. Да чаго прывядзе жаданьне ўладаў любым коштам утрымаць бачнасьць стабільнасьці?

Пакуль асобныя людзі і цэлыя кампаніі шукаюць магчымасьць канвэртаваць беларускія грошы хоць у якую валюту, уключна з грыўняй, злотым, літам і г.д., улады з кожным днём дэманстратыўна "ўмацоўваюць" рубель: афіцыйны курс Нацбанку на 29 красавіка вызначаны ў суадносінах 3 тысячы 13 рублёў за 1 даляр.

Тым часам у ценявым сэктары ўсё больш суб'ектаў гаспадараньня ацэньваюць даляр у 5 тысяч рублёў. Іван Русак, прадстаўнік камэрцыйнай фірмы, якая пастаўляе ў Беларусь камплектуючыя, канстатуе: ва ўмовах "валютнай анархіі" праца бальшыні імпартэраў, якім закрыты доступ да крэдытаў і легальнай валюты, фактычна спаралізаваная:

Ніхто ня ведае, як увогуле дзейнічаць: набываць па тым высокім курсе, які цяпер складаецца, ці чакаць нейкіх зьменаў? А кошты тым часам усюды падняліся
"Банкі знаходзяцца ў стагнацыі па валютна-абменных апэрацыях. І калі зь юрыдычнымі асобамі яшчэ нешта робіцца, то зь фізычнымі — ніякіх апэрацый увогуле. Сядзяць работнікі, атрымліваюць заробак, хтосьці ў адпачынак сышоў. Тым часам імпартэрам незразумела, як фармаваць кошты. Усе бачаць, што творыцца — кошты вырастаюць шматразова! Людзі хацелі б нешта купіць, але ня могуць. І з гэтым кожны дзень народ сутыкаецца ўсё больш.

Прыкладам, нехта замаўляе імпартныя тавары, але гандляры не выконваюць абавязаньні, бо ня могуць набыць валюту. Іншымі словамі, і для бізнэсу, і для насельніцтва такая сытуацыя надзвычай нэгатыўная. Лепш, каб імпартэры і насельніцтва маглі набыць валюту хоць па нейкім курсе, чым тое, што адбываецца зараз — яе нельга набыць зусім. Ніхто ня ведае, як увогуле дзейнічаць: набываць па тым высокім курсе, які цяпер складаецца, ці чакаць нейкіх зьменаў? А кошты тым часам усюды падняліся".

Аналітыкі перакананыя: грамадзтва даўно сышлося на думцы, што дэвальвацыя беларускага рубля — непазьбежнасьць. І чым хутчэй "адпусьціць" нацыянальную валюту, тым лепей. Відавочна, што цяпер выглядаюць адзіна правільнымі колішнія рэкамэндацыі Міжнароднага валютнага фонду беларускім уладам своечасова правесьці 15-працэнтную дэвальвацыю. Цяпер жа, прагназуюць фінансісты, страціўшы столькі часу, абясцэньваць давядзецца нават не на 30%, а на ўсе 50%.

Аднак, як кажа экспэрт у фінансавай галіне Анатоль Варонін, Нацбанк па-ранейшаму адмаўляецца выконваць парады як з Захаду, так і з Усходу. Ён прыгадвае, што нават Расея ўзамен на стабілізацыйны крэдыт патрабуе рэфармаваньня бюджэтна-грашовай палітыкі дзяржавы. Пры гэтым суразмоўца не выключае, што захадам на аздараўленьне практычна тупіковай сытуацыі перашкаджае і асабісты фактар:

"Пракаповіч, наколькі я чуў, адназначна сказаў: пакуль я там, ля стырна, я не дазволю ніякай дэвальвацыі. То бок, зь яго слоў, пры ім такога ня будзе, што курс рубля да даляра ўздымецца да нейкіх завоблачных вышыняў. Але ж вы ведаеце: у Пракаповіча праблемы са здароўем, і я ня думаю, што пасьля такіх апэрацый чалавек паўнавартасна можа заставацца на сваім працоўным месцы, таму што ў такой сытуацыі гэта насамрэч і вялікія нагрузкі, і стрэсы, і г.д.

Таму зь вялікай доляй верагоднасьці можна прагназаваць, што ў агляднай будучыні нас чакае зьмена кіраўніка Нацбанку. Прынамсі, выкажу такое меркаваньне. Але Пракаповіч, тым ня меней, свае абяцаньні як чыноўнік выканаў. Пры ім дэкляраваная стабільнасьць была. Але як толькі будзе наступны, будзе і іншая сытуацыя. І спаганяць за фінансавы параліч, натуральна, таксама будуць зь іншага чалавека".

Пракаповіч, наколькі я чуў, адназначна сказаў: пакуль я там, ля стырна, я не дазволю ніякай дэвальвацыі
Пакуль жа Нацыянальны банк спадзяецца выключна на расейскі крэдыт, агульны аб'ём якога пры самым удалым раскладзе можа дайсьці да 3 мільярдаў даляраў. Але ў пытаньні, як выкарыстоўваць гэтыя грошы, разыходзяцца нават дзяржаўныя фінансісты. Калі начальнік упраўленьня валютнага кантролю Анатоль Мароз заяўляе, што сродкі будуць накіраваныя на ліквідацыю валютнага дэфіцыту, у тым ліку паступяць і ў банкаўскія абменьнікі, то начальнік упраўленьня інфармацыі Анатоль Драздоў удакладняе: ніводная крэдытная капейка на пабочныя мэты ня пойдзе, усё будзе накіравана на забесьпячэньне золатавалютных рэзэрваў.

Разам з тым Нацбанк катэгарычна адкідае ідэю ўвядзеньня ў якасьці адзінага плацёжнага сродку на тэрыторыі так званай саюзнай дзяржавы расейскага рубля. Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў выказаў думку, што ва ўмовах вострага фінансавага крызісу і фактычна дэвальваванай беларускай валюты Менску нічога не застаецца, як вярнуцца да "закансэрваванай" ідэі аб'яднаньня валюты з расейскай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG