Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск шукае ў Ашгабадзе газ і крэдыты


Сёньня пачынаецца афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Туркмэністан. Экспэрты мяркуюць, што Лукашэнка будзе дамаўляцца аб пастаўках газу і папросіць крэдыт. Згадваюць таксама, што апошні раз Лукашэнка быў у Туркмэністане ў 2009 годзе. А летась прэзыдэнт Бэрдымухамэдаў наведваў з афіцыйным візытам Беларусь.

Паводле паведамленьня з адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, кіраўнікі дзяржаваў правядуць у Ашгабадзе перамовы на двух роўнях – у вузкім і пашыраным складзе. У цэнтры ўвагі будуць пытаньні разьвіцьця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, тут ёсьць над чым працаваць. Па выніках мінулага году Туркмэністан, які мае велізарныя запасы прыроднага газу, у зьнешнім гандлі Беларусі з краінамі СНД займае толькі восьмае месца. Прычым, тэмпы росту беларускага экспарту ўвесь час растуць, а імпарт у Беларусь павялічваецца куды менш шпарка. Гэта пацьвярджаюць наступныя лічбы: летась Беларусь прадала сваіх тавараў на 87 мільёнаў даляраў, а купіла ў Туркмэністане – на 4 мільёны.

Намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасьці, паліўна-энэргетычным комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтву Анатоль Паўловіч у размове са "Свабодай" сказаў, што Туркмэністан найбольш цікавы для Беларусі як адзін з найбуйнейшых у сьвеце прадаўцоў прыроднага газу:

Мы маем на 95% залежнасьць у энэргетыцы ад газу. І прытым – ад адной краіны
"Мы маем на 95% залежнасьць у энэргетыцы ад газу. І прытым – ад адной краіны. Мы заўжды гаворым пра тое, што з нашым асноўным партнэрам – Расеяй – патрэбна мець добрыя дачыненьні. Але, нягледзячы на гэта, дывэрсыфікацыя заўжды была, ёсьць і застанецца. Так робіцца ва ўсім сьвеце. І таму Беларусь адкрыта заяўляе пра тое, што яна працуе на гэтым рынку. І ня толькі з Расейскай Фэдэрацыяй".

Многія экспэрты таксама прагназуюць, што Аляксандар Лукашэнка будзе прасіць у свайго туркмэнскага калегі крэдыт. Расея пакуль не сьпяшаецца зь фінансаваньнем афіцыйнага Менску. А грошы вельмі патрэбныя.

Аднак палітоляг Аляксандар Класкоўскі ня думае, што Лукашэнка прывязе са сваёй паездкі жывыя грошы:

"Практыка паказвае, што аўтарытарныя сябры, хоць яны і сядзяць на мяшках з грашыма, не надта разганяюцца даваць грошы. Колькі было заляцаньняў да арабскіх шэйхаў, напрыклад, але надта яны не разагналіся. Але калі нешта і даюць, то абавязкова зь вялікай выгадай для сябе. Таму вельмі сумнеўна, што залаты дождж пальецца пасьля гэтага візыту беларускага кіраўніка ў Ашгабад".

Ёсьць пэўная сымболіка ў тым, што натуральна назаўтра пасьля беспрэцэдэнтных заяў на адрас старшыні Эўракамісіі і прэзыдэнта суседняй Украіны афіцыйны беларускі лідэр выправіўся менавіта ў Туркмэністан. І гэта сымбалізуе тое, што міжнародная ізаляцыя беларускага рэжыму дасягнула зараз, відаць, свайго апагею
Пасьля заяваў беларускага лідэра, якія ён зрабіў 26 красавіка, і якія вядуць да паглыбленьня канфлікту з Эўразьвязам і ўзьнікненьня праблем з Украінай, візыт у Ашгабад можа быць дэманстрацыяй таго, што ў Беларусі, акрамя ворагаў ёсьць і добрыя сябры.

Аляксандар Класкоўскі з гэтай нагоды адзначае: падобныя візыты рыхтуюцца загадзя:

"Ёсьць пэўная сымболіка ў тым, што натуральна назаўтра пасьля беспрэцэдэнтных заяў на адрас старшыні Эўракамісіі і прэзыдэнта суседняй Украіны афіцыйны беларускі лідэр выправіўся менавіта ў Туркмэністан. Гэта цытадэль жорсткай, аўтарытарнай сыстэмы, на мяжы таталітарызму, можна сказаць. І гэта сымбалізуе тое, што міжнародная ізаляцыя беларускага рэжыму дасягнула зараз, відаць, свайго апагею. Таму Лукашэнка мусіць ляцець туды, дзе яго прымаюць. А прымаюць яго, як бачым, такія ж міжнародныя ізгоі, аўтарытарныя лідэры. І гэта дадатковае сымбалічнае сьведчаньне, што Беларусь усё глыбей скочваецца ў яму міжнароднай ізаляцыі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG