Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыль: людзі ведаюць, што ім не гавораць праўду


Чаму беларуская ўлада штогод зьмяншае выдаткі на пераадоленьне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы? Які сэнс засейваць забруджаныя тэрыторыі, калі ў Беларусі хапае зямлі ў іншых, чыстых рэгіёнах для сельскагаспадарчых патрэбаў? Пра што сьведчыць той факт, што Аляксандар Лукашэнка не паехаў у Кіеў на мерапрыемствы ў сувязі з гадавінай катастрофы?


На гэтыя пытаньні адказваюць старшыня Чарнобыльскай камісіі БНФ Юрась Меляшкевіч і першы кіраўнік фонду «Дзецям Чарнобылю» Мікола Купава.

Юрась Меляшкевіч
Мікола Купава
Віталь Цыганкоў

«Гэтыя тэрыторыі яшчэ стагодзьдзі будуць недаступныя для нармальнага выкарыстаньня».


Цыганкоў: У канцы 80-х на Чарнобыль выдаткоўвалася да 25 працэнтаў зь бюджэту. Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі гэтая лічба зьмяншаецца з кожным годам і цяпер складае менш за 4 працэнты. Таксама ўлады засейваюць забруджаныя тэрыторыі, у той час калі ў Беларусі хапае зямлі ў іншых, чыстых рэгіёнах для сельскагаспадарчых патрэбаў. Як вы гэта ацэніце, чаму гэта робіць цяперашняя ўлада?

Купава: Можна сказаць, што ніякай лёгікі тут не назіраецца — хіба што нейкія патаемныя матывы. У нас жа ня толькі гэтая тэрыторыя забруджаная — у нас забруджаная ўся Беларусь.

Што тычыцца непасрэдна тэрыторыяў каля Чарнобылю, то там, безумоўна, нельга ані сеяць, ані саджаць, паколькі нашы навукоўцы даўно даказалі, што розныя радыенукліды будуць там заставацца на дзясяткі гадоў. Дык пра якую сельскую гаспадарку там можна гаварыць?

Цыганкоў: Здаецца, улада вырашыла — пра Чарнобыль давайце забудзем, каб ён не замінаў нам ісьці наперад?

Меляшкевіч: Мы даволі часта чуем такія словы, што пытаньні Чарнобылю вельмі хутка будуць пераадоленыя, што забруджаныя тэрыторыі будуць хутка адноўленыя і пушчаныя ў эканамічны абарот. Натуральна, я з гэтымі тэзісамі пагадзіцца не магу. У свой час, яшчэ за Савецкім Саюзам, былі праведзеныя аб’ектыўныя дасьледаваньні, якія даказалі, што гэтыя тэрыторыі яшчэ стагодзьдзі будуць недаступныя для нармальнага выкарыстаньня.

Тым больш сельская гаспадарка ў тым выглядзе, у якім яна ў нас арганізоўваецца (і культура вытворчасьці, і пасьлядоўнасьць унясеньня мінэральных угнаеньняў) не адпавядае сучасным патрэбам і тэхналёгіям. Натуральна, што гэта будзе шкодзіць стану здароўя насельніцтва. Так што я лічу, што для таго, каб гэтыя тэрыторыі вярнуць у стан, адпаведны нармальнаму выкарыстаньню, — для гэтага патрэбныя стагодзьдзі.

Цыганкоў: Тым ня менш у пэўным сэнсе можна сказаць, што Чарнобыль стаў забывацца ў Беларусі? Ці можна сказаць, што будаўніцтва АЭС у Беларусі можа неяк зноў узьняць увагу да экалягічных праблемаў?

«Мы павінны ясна і дакладна сказаць — мірнага атаму не бывае»


Купава: Мы бачым, што адбываецца ў Эўропе. І гэта менавіта ў сувязі з Чарнобылем, калі 16 гадоў пасьля катастрофы ў Эўропе не было пабудавана ніводнай новай АЭС. Мы павінны ясна і дакладна сказаць — мірнага атаму не бывае. І наша краіна мусіць жыць паводле эўрапейскіх нормаў. Ніякай АЭС нам ня трэба.

Зараз ува ўсёй Эўропе зноў набывае моц антыядзерны рух. Зноў на гэтую праблему зьвярнула ўвагу сытуацыя ў Японіі.

Цыганкоў: Лукашэнка не паехаў у Кіеў на мерапрыемствы ў сувязі з гадавінай катастрофы. Больш за тое, нагаварыў абразьлівыя рэчы пра кіраўнікоў Украіны і Эўракамісіі. Як палітычная ізаляцыя цяперашняга кіраўніцтва Беларусі ўплывае на магчымасьць краіны пераадольваць наступствы Чарнобылю?

Меляшкевіч: Увогуле беларускі прэзыдэнт павінен прысутнічаць на такіх мерапрыемствах. Але Аляксандар Лукашэнка не зьяўляецца з пункту гледжаньня Эўропы тым чалавекам, які можа быць на такіх мерапрыемствах. Так што палітычная ізаляцыя, у якой апынуўся беларускі рэжым, натуральна, вельмі моцна адбіваецца на тых праграмах, якія маглі б ісьці ў пляне вырашэньня тых наступстваў і праблемаў, што мае наша краіна пасьля Чарнобылю. Размова можа ісьці пра спэктар вялікіх праграмаў, што рэалізуецца ў дачыненьні іншых дзяржаваў, найперш Украіны.

Цыганкоў: Спадар Купава, вы былі першым кіраўніком фонду «Дзецям Чарнобылю». У 2000-х гадах беларуская ўлада прыняла шэраг рашэньняў, якія абмяжоўвалі гуманітарную дапамогу. Чаму гэтыя абмежаваньня працягваюць дзейнічаць?

Купава: Гэта проста амаральна. Нашы суродзічы, беларусы за мяжой, адразу пачалі зьбіраць лекі ды іншую дапамогу. Я памятаю, як яна паступала цэлымі фурамі. Але паступова шмат чаго з гэтага зьнікла, бо ўсе бачаць нэгатыўнае стаўленьне беларускай дзяржавы.

«Беларусі варта арыентавацца на тыя дзяржавы, якія вызнаюць „зялёныя“ каштоўнасьці»


Цыганкоў: Як выглядае тэма АЭС у сёньняшнім эўрапейскім кантэксьце?

Меляшкевіч: Палітыка эўрапейскіх краінаў тут даволі розная — ад дзяржаваў, якія цалкам адмянілі ўсе ядзерныя праграмы на сваёй тэрыторыі, да тых, дзе ядзерная энэргетыка — гэта прыярытэт. Напрыклад, Нямеччына пасьля Фукусімы заявіла пра спыненьне разьвіцьця ядзернай энэргетыкі. Сярод высокаразьвітых эўрапейскіх краінаў, якія вызнаюць антыядзерны вэктар — Італія і Аўстрыя. Пры гэтым яны не губляюць сваёй вагі ў эканоміцы і палітыцы.

Я думаю, Беларусі варта арыентавацца на тыя дзяржавы, якія вызнаюць «зялёныя» каштоўнасьці. Бо Беларусь — пацярпелая краіна, і мы мусім рабіць усё магчымае, каб абараняцца ад новых радыяцыйных нагрузак.

Цыганкоў: Як беларускае грамадзтва асэнсавала досьвед Чарнобыля за гэтыя 25 гадоў?

Купава: Я думаю, мы знаходзімся на тым самым месцы, дзе былі ў канцы 80-х. Але тут, як мяркую, трэба падзяліць. Навукоўцы, прагрэсіўная грамадзкасьць усьведамляюць цяжар чарнобыльскіх праблем. Але значная частка народу знаходзіцца ў інфармацыйнай рэзэрвацыі, шмат чаго ня ведае. Трэба сказаць народу ўсю праўду. Але гэта ня робіцца ўладай.

Меляшкевіч: Той шок і боль, які перажыло наша грамадзтва, не сышоў. Улады часам гавораць пра радыяфобію ў адмоўным пляне. Але гэта сьведчыць і пра тое, што памяць захоўваецца, і што на ўладах ёсьць віна, што людзям не гаворыцца праўда. Людзі адчуваюць гэта. Людзі ведаюць, што захворваньні на анкалёгію ў нас не зьмяншаюцца, што не зьмяншаецца колькасьць хібаў разьвіцьця пры выношваньні дзетак.

Раней людзі маглі пра гэта больш адкрыта і публічна гаварыць. Зараз людзі зноў адчуваюць гэтую закрытасьць, і іхняя радыяфобія — гэта рэакцыя на непразрыстасьць і сьведчаньне недаверу ўладам.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG