Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўракамісіі ня будуць камэнтаваць выказваньні “звычайнага грамадзяніна”


Жазэ Мануэль Барозу
Эўрапейская камісія ня мае намеру камэнтаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі ў адрас прэзыдэнта ЭК Жазэ Мануэля Барозу.

"Мы не прызнаем яго дэмакратычна абраным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. У ЭК няма практыкі камэнтаваць заявы звычайных грамадзян", - сказала ў аўторак у Брусэлі агенцтву "Інтэрфакс-Украіна" крыніца ў Эўрапейскай камісіі.

Акрамя таго, суразмоўца агенцтва заявіў, што інфармацыя пра нібыта ўмову, высунутую Ж.М.Барозу ўдзельнічаць у Чарнобыльскім саміце выключна ў выпадку адсутнасьці там А.Лукашэнкі, не адпавядае рэчаіснасьці. "Такая ўмова ніколі не вылучалася. Не зразумела, каму выгадна тыражаваць хлусьлівую інфармацыю", -- сказала крыніца.

Афіцыйны прадстаўнік ЭК Аліўе Балы пацьвердзіў агенцтву пазыцыю Эўракамісіі не камэнтаваць заяву А.Лукашэнкі.

А.Лукашэнка раней у аўторак заявіў аб марнасьці спробаў з боку ЭС ўвесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і раскрытыкаваў ініцыятараў такіх мер. "Проста нягоднікі. Таму я не жадаю казаць аб усякіх Барозу, іншых "казлах", "быках" і іншых", -- сказаў ён.

Паводле слоў А.Лукашэнкі, Менск зьяўляецца для захаду "канкурэнтам і ідэалягічным праціўнікам", і "справа не ў якойсьці дыктатуры і дэмакратыі". "Нам не патрэбна такая іх дэмакратыя", -- падкрэсліў А.Лукашэнка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG