Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыль — Фукусіма — Астравец?


Праз 25 гадоў пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС прыкладна 2 мільёны 100 тысяч насельнікаў Беларусі жывуць на тэрыторыі з павышаным узроўнем забруджаньня радыеактыўным цэзіем. Але нават у найбольш пацярпелых гарадах і мястэчках у аўторак былі забароненыя жалобныя акцыі, якія спрабавалі арганізаваць апанэнты ўлады.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«У Беларусі забараняюць тэму ядзернай бясьпекі»

На Гарадзеншчыне ўлады забаранілі апазыцыі праводзіць якія-колечы мерапрыемствы, прысьвечаныя 25-й гадавіне чарнобыльскай катастрофы.

У Слоніме сябрам Згуртаваньня дэмакратычных сілаў улады адмовілі ў правядзеньні пікета практычна беспрычынна: маўляў, у цэнтры гораду побач з рынкам правядзеньне падобных мерапрыемстваў не прадугледжана.

Тым ня менш актывісты згуртаваньня нагадалі сланімчанам пра трагедыю Чарнобыля іншым чынам. Кажа актывіст Іван Бедка:

«Мы правялі акцыю па распаўсюджваньні ўлётак на прадпрыемствах гораду, побач са шпіталямі. Проста раздавалі ўлёткі мінакам супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Мы таксама пачалі збор подпісаў да ўраду Расеі і Беларусі, паколькі яны імкнуцца запэўніць наш народ, што расейская АЭС будзе больш надзейная за японскую».

У Астраўцы, дзе плянуецца будаўніцтва атамнай станцыі, актывісту АГП Міколу Ўласевічу ўлады таксама забаранілі правядзеньне пікета, прычым спаслаліся на тое, што заяўка была пададзеная з парушэньнем тэрмінаў.

Уласевіч: «Сама назва пікета: „Чарнобыль-Фукусіма-Астравец“ — гэта вам трэба?» — яна, зразумела, калі б я разгарнуў такі лёзунг, прымусіла б кожнага чалавека задумацца«.

Мікола Ўласевіч падаў у суд скаргу на ўлады і спадзяецца, што ў хуткім часе справа ягоная будзе разгледжаная. Я ж пытаюся ў Міколы Ўласевіча — якія настроі на Астравеччыне пасьля таго, як людзі пабачылі катастрофу на японскай атамнай станцыі Фукусіма?

Уласевіч: «Людзі пераважна маўчаць, нічога яны не гавораць, а калі гавораць, то тое самае ў Астраўцы, і ў Горадні, і па ўсёй краіне — а што мы можам зрабіць?.. Людзі ня вераць у тое, што можна супрацьстаяць уладзе».

У Горадні пікет да 25-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы таксама забаронены. Лідэр гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў, які падаваў заяўку, кажа, што нічога іншага ад уладаў і не чакаў.

Саранчукоў: «Тэма ядзернай бясьпекі ў Беларусі — гэта табу. Яе баяцца падымаць, бо на фоне будаўніцтва сваёй АЭС любыя думкі людзей наконт таго, што гэта небясьпечна і яе ня варта будаваць, душацца ўсімі магчымымі сродкамі».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


У кожнага ліквідатара — свой Чарнобыль

Іван Віткоўскі
Наступная гутарка — з 49-гадовым Іванам Віткоўскім з Нароўлі. Ён — ліквідатар аварыі, чарнобыльскі інвалід.

Да катастрофы Іван Віткоўскі працаваў электрыкам на чацьвёртым энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС. Жыў зь сям’ёй у Прыпяці — горадзе атамшчыкаў.

«Паколькі мы станцыю ведалі, мы адсякалі чацьвёрты блёк ад астатніх трох, каб імі можна было кіраваць, каб не разьвівалася бескантрольная сытуацыя. Каб іх можна было эксплюатаваць альбо пры патрэбе заглушыць, а чацьвёрты блёк хоць неяк асядлаць».

Пасьведчаньне ліквідатара Іван атрымаў у Кіеве, дзе пасьля вахтаў на атамнай станцыі некаторы час працаваў у арганізацыі абслугоўваньня ліфтаў.

Пасьля перабраўся на бацькаўшчыну, у Нараўлянскі раён. І тут напоўніцу зьведаў бюракратычную сыстэму перарэгістрацыі чарнобыльскіх дакумэнтаў.

Да бюракратычных праблемаў дадаліся праблемы са здароўем — нутро «пасыпалася» вельмі хутка.

«Адразу арганізм пасыпаўся вельмі моцна. Поўнасьцю выпалі валасы. Зубы пачалі выпадаць. Косьці пачалі балець. Пазванкі рабіліся такімі старымі, што косьці як бы пачалі сьцірацца. Таму ў мяне з пазваночнікам праблемы. Сьвядомасьць пачаў губляць. Цела гніло поўнасьцю, не загойваліся любыя ранкі. Баяўся хоць крыху параніцца».

Ліквідатар кажа, што ў чарнобыльцаў ня толькі ільготы адабралі. Падлячыцца складана нават у профільным аддзяленьні, хоць у рэгіёне існуе рэспубліканскі цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны:

«Ну, зрабілі ў Гомелі цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны. Здавалася б, гэта для мяне — я павінен туды як дадому хадзіць. Далі мне накіраваньне ў нэўралягічнае аддзяленьне, і адзін супрацоўнік мяне там пазнаў. Мне раней як было вельмі кепска, ён у Аксакаўшчыне мяне лячыў. Так патрапіў у гэты цэнтар. Але паклалі мяне ў клініцы радыяцыйнай мэдыцыны ў дзіцячую тэрапію, дзе дзеткі такія, як я, пааблазілі — такія маладзенькія дзяўчаткі з лысаю галавою. Як яны будуць жыць наагул з лысай галавою — у хусьцінках увесь час хадзіць? Разумееце?! І гэта нібыта не з-за радыяцыі — гэта так, ветрам надзьмула. Крыўдна!».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


З радыяцыяй застаюцца яшчэ 100 населеных пунктаў

На Берасьцейшчыне найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС Пінскі, Столінскі, Лунінецкі і Драгічынскі раёны. І да сёньня застаюцца ў зоне «з правам адсяленьня» яшчэ сто вёсак і мястэчак.

Пра падзеі 25-гадовай даўніны нагадвае жыхарка Берасьця Натальля Пятроўна:

«Мяне таямніча спыніла літаральна на вуліцы ўрач санэпідстанцыі. Яна папрасіла: „Калі ласка, не выходзьце на вуліцу зь дзецьмі. Не ўжывайце сьвежае шчаўе, не ўжывайце сьвежыя прадукты з прыватнай гаспадаркі. Назіраецца магутны радыяцыйны фон“. Я зьдзівілася, перапытала, адкуль яна ведае пра гэта? Урач не канкрэтызавала, адзначыла, што яны нешта ведалі, нешта чулі».

Кожная раніца ў мяне пачынаецца з прыёму лекаў.
Менш чым празь дзесяць гадоў пасьля трагедыі спадарыні Натальлі зрабілі апэрацыю. Выразалі шчытападобную залозу, цяпер бязь лекаў немагчыма абыходзіцца:

«Праз восем гадоў я пачала адчуваць сябе вельмі кепска. А мне было тады ўсяго 30 гадоў. Урачы прапанавалі апэрацыю, падчас якой цалкам выдалілі шчытападобную залозу. З тых часоў кожная раніца ў мяне пачынаецца з прыёму мэдыкамэнтаў. Гэта гарманальныя прэпараты, безь якіх арганізм ня можа функцыянаваць».

Грамадзкая актывістка Галіна Кавалевіч дамагаецца, каб вымярэньне узроўню апраменьваньня ў арганізьме было ў рэгіёне даступна для грамадзян. Пакуль няма магчымасьці рабіць гэта бясплатна: «Дзяржава павінна клапаціцца, каб гэта было бясплатна і даступна, і для дзетак, і для дарослых. Кожны павінен праходзіць абсьледаваньне, ужываць спэцыяльны вітамінны комплекс».

Жыхары Берасьця ведаюць пра праблемы з радыяцыяй. Але мала хто можа сабе дазволіць абсьледаваньні або дарагія прэпараты, кажа пацярпелая ад аварыі на ЧАЭС Ірына Ўладзімераўна:

«У мяне папросту няма грошай на вітаміны. Я ня так і шмат зарабляю. Я пацярпела ўжо, мне зрабілі апэрацыю на шчытавідную залозу. Стараюся ўжываць ёдаваную соль, ёдамарын».

Цягам апошніх некалькіх гадоў на Берасьцейшчыне з зоны «з правам адсяленьня» 30 вёсак пераведзеныя ў зону «з кантролем», а 19 населеных пунктаў і Давыд-Гарадок наагул вынесеныя з забруджанай зоны.

ВІЦЕБШЧЫНА


Усе «чарнобыльскія» акцыі ў рэгіёне забароненыя

Па дазвол на правядзеньне акцый да 25-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС зьвярталіся актывісты Віцебску, Полацку, Наваполацку і Воршы. Дазволу мясцовыя ўлады не далі нідзе.

У Віцебску, да прыкладу, заяўнікам адмовілі з тае прычыны, што яны не заключылі дамоваў на абслугоўваньне мерапрыемства з хуткай дапамогай, райаддзелам ЖКГ і міліцыяй. Але гэтыя структуры спачатку патрабуюць дазволу на акцыю з раённай адміністрацыі. Такім чынам, атрымаць станоўчы адказ у Віцебску практычна немагчыма.

Аршанскі актывіст Яўген Анішчанка таксама атрымаў адмову з гарвыканкаму. Яму напісалі, што ён прасіў дазволу праводзіць пікет у неналежным месцы — бо гарвыканкам прызначыў пад масавыя акцыі толькі пляцоўку ў дзіцячым парку:

«Вось у гэтым парку раней была пляцоўка, а цяпер на ёй стаяць атракцыёны. І калі парк не працуе, ён зачынены. Афіцыйна ён працуе толькі з 1 траўня, адкрыцьця яшчэ не было. Таму я прасіў дазволіць пікет на плошчы насупраць Дома гандлю. Хацелі плякат зрабіць, улёткі раздаваць… Але — ня тое месца, вось яны і адмовілі».

Барыс Хамайда пратэставаў без дазволу

Не пытаючыся ні ў кога дазволу, 26 красавіка з плякатам выйшаў у цэнтар Віцебску тутэйшы апазыцыянэр Барыс Хамайда:

Барыс Хамайда

«26 красавіка — гэта дзень смутку. Дык я вось з плякатам выйшаў. На плякаце напісана, што пасьля Чарнобылю — 25 год, і што будаўніцтва новай АЭС у Беларусі — гэта вар’яцтва. Дык не пасьпеў я нават разгарнуць плякат, як падышлі два амапаўцы і кажуць: «Плякат схавайце, сёньня ў вас выходны!»

З плякатам ля «сіняга дому»

Пасьля спрэчкі з амапаўцамі Барыс Хамайда ўсе ж разгарнуў плякат і прастаяў на вуліцы Леніна каля так званага «сіняга дома» каля паўгадзіны. Амапаўцы падышлі другі раз і заявілі, што забяруць апазыцыянэра ў пастарунак. Спадар Хамайда вырашыў скончыць акцыю, а супрацоўнікі АМАПу напрыканцы яму патлумачылі, што заўтра ён можа стаяць з плякатам колькі заўгодна, а вось сёньня, у дзень «чарнобыльскіх» угодкаў —не.

Ліквідатары маліліся разам

Жыхары Віцебску, якім давялося ліквідаваць наступствы Чарнобыльскай аварыі 25 год таму, традыцыйна зьбіраюцца 26 красавіка на супольны малебен каля крыжа на Ўсьпенскай горцы. А прадстаўнікі розных віцебскіх партый ды рухаў вырашылі супольна прыняць зварот да ўрадаў Беларусі і Расеі з патрабаваньнем адмяніць будаўніцтва новай АЭС у Астраўцы.

Сьпярша гэта меркавалі зрабіць падчас жалобнага мітынгу ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў, але дазволу актывістам не далі, і яны вырашылі сабрацца ўвечары на плошчы Свабоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG