Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акудовіч: “Гандляваць кнігамі — гэта прыгода”


Валянцін Акудовіч
Валянцін Акудовіч
Сёньня ўвечары ў менскай краме “Падземка”, дзе некалькі месяцаў таму адчынілася кнігарня выдавецтва “Логвінаў”, адбылася традыцыйная сустрэча аўтара з чытачамі. Фармат гандляр-пакупнік асвойваў філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч.

Гандляваць беларускімі кніжкамі Валянціну Акудовічу спадабалася. Ён паставіўся да сваёй ролі, як і належыць філёзафу, разважна і з гумарам.

“Гэта — маленькая прыгода, нечаканая, якіх раней у мяне не было, і таму яна страшэнна сымпатычная. Мы ўсе любім прыгоды”.

Саму ідэю выдавецтва “Логвінаў” праводзіць па чацьвяргах у іхняй фірмовай кнігарні падобныя сустрэчы з аўтарамі, чые кнігі выйшлі ў гэтым выдавецтве, спадар Акудовіч лічыць вельмі плённай.

“Гэта геніяльна, як у Марка Твэна. Фэномэн Тома Соера памятаеце? Калі яго змусілі плот фарбаваць, то спачатку не хацеў. Потым пачаў фарбаваць, а потым прыдумаў з гэтага мала што вясёлую для сябе забаву, дык за тое, каб іншым дазволіць пафарбаваць, пачаў браць плату яблыкам ці чымсьці яшчэ. Дык вось у мяне такое адчуваньне зараз, што ўжо многія літаратары гатовыя былі б яшчэ і нейкім чынам даплаціць, каб ім дазволілі пастаяць вось за гэтым прылаўкам”.

Магчымасьць сам-насам пасумовіцца з тымі, хто адмыслова прыйшоў на сустрэчу са слынным аўтарам, ці з тым, хто выпадкова сюды патрапіў, будзе ў “Падземцы” ў прыхільнікаў беларускай літаратуры ва ўсе наступныя чацьвяргі траўня, гаворыць галоўная рэдактарка выдавецтва “Логвінаў” Аляксандра Дынько.

“Мы плянуем, што ў траўні выйдуць кнігі Разанава і Бабкова. Таму абавязкова абодва гэтыя аўтары будуць у нас прадстаўленыя. Таксама мы вельмі хацелі б пабачыць тут Дзьмітрыя Строцава, які б прадставіў кнігу Веніяміна Блажэннага, якая выйшла ў маскоўскім выдавецтве „Время“. Яна цяпер ёсьць у Беларусі і таксама абавязкова зьявіцца ў нашай краме. Мне падаецца, што гэта будуць тры важкія падзеі перад летнім адпачынковым сэзонам, таму што людзям будзе што пачытаць і пра што падумаць”.

Дарэчы, у зачыненай новымі гаспадарамі “Падземкі” залі, дзе ладзіліся мастацкія выставы, ужо наладжаны продаж бескаркасных крэслаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG