Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хто ўмее і лізнуць, і гаўкнуць -- той і квітнее”


Адкрыцьцё саміту праграмы “Ўсходняе партнэрства” ў Празе, галадоўка салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

СЛУХАЦЬ:



З ініцыятывы былых палітвязьняў і палітыкаў ад 4 траўня ў Менску праходзіць галадоўка салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. Яе мэта — неадкладнае вызваленьне зьняволеных прадпрымальнікаў. Арганізатары заяўляюць, што ў галадоўцы бяруць удзел 20 чалавек. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Спадар: “Пасьля некаторага аслупяненьня ў сувязі з самаахвярнай сьмерцю праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай, пачалі бестэрміновую галадоўку салідарнасьці з арыштаванымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі вядучыя барацьбіты Беларусі. Вялікі вам дзякуй за гэта, паважаныя. Падтрымка абавязкова дапаможа ваўкавыскім палітвязьням выстаяць у няроўнай барацьбе з сучаснымі цемрашаламі”.

У Празе 7 траўня распачынаецца саміт кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу ў рамках праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Запрашэньне на саміт атрымаў Аляксандар Лукашэнка, але Беларусь будзе прэзэнтаваць першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Выказваньні на гэтую тэму:

Спадар, Барысаў: “Думка наконт саміту ў Празе. 27 краін, якія ў Эўразьвязе, будуць трымаць адну думку ў Празе — атрымаць ад Расеі газ безь перашкод, а ў былых шасьці краін СНД будзе свой індывідуальны ход — злучыцца з Эўропай з выгодай сабе і безь перашкод. А калі Эўразьвяз дыктатуру Лукашэнкі падтрымае, бацька беларусаў свае надта расейскія погляды памяняе”.

Спадарыня: “Эўразьвяз дапамагае ня столькі Лукашэнку, колькі Расеі ўтрымліваць яго. Бо ў час крызісу Расеі, мякка кажучы, складана трымаць Лукашэнку на поўным утрыманьні. Так што ў дачыненьні да Эўразьвязу нешта яму дазваляюць, а нешта і забараняюць. Усё гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнка не зьяўляецца гаспадаром становішча”.

Лапіцкі: “Ахвяры палітычных рэпрэсій гораду Менску заклікаюць Расею, краіны Захаду, ЗША ды іншыя краіны сьвету не ажыцьцяўляць палітычныя і эканамічныя стасункі зь Беларусьсю з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, бо ён зьяўляецца нелегітымным прэзыдэнтам Беларусі”.

Далей слухачка задае пытаньне:

Людміла, Менск: “Сёньня слухала праграму са спадаром Барадзіным, які ў нас лічыцца старшынёй саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Барадзін заявіў, што такая дзяржава прадугледжвае адзіную валюту, адзінае войска. А вось беларускай мовы можна расейцам і ня ведаць. Вось цікава, ці друкаваліся дзе-небудзь гэтыя навіны і як вы да іх ставіцеся?”

Адказвае палітык, адзін з заснавальнікаў партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Павал Севярынец:

“Няма такога чыноўніка ў Беларусі, няма такой дзяржавы. І апошнія гады беларускай палітыкі толькі пацьвярджаюць, што ні з кім асабістай уладай у Беларусі Аляксандар Лукашэнка дзяліцца ня будзе. Ніякага ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі беларускі народ не дапусьціць. Таму ўсялякія спэкуляцыі на тэму — будуць расейцы ведаць беларускую мову ці не, будзе беларуская мова агульнадзяржаўнай ці не, — яны проста пазбаўленыя сэнсу”.

Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем:

Спадар, Менск: “Беларускія ўлады чамусьці не ўшаноўваюць памяць выдатных дзеячаў беларускай культуры — Алеся Адамовіча і Васіля Быкава. Яны шмат зрабілі для разьвіцьця беларускай мовы і беларускай культуры, праславілі Беларусь на ўвесь сьвет. І ніводная вуліца не названая ў горадзе ў гонар іх імён. Затое ў Менску праслаўляюць былых дзеячаў камуністычнай партыі. Напрыклад, у мястэчку Цнянка ёсьць вуліца Мікуліча. Гэта былы першы сакратар Менскага абкаму партыі. Ён аднойчы ў Ляхавічах на нарадзе актыву сказаў: “У наш час карыстаюцца посьпехам тыя, хто знае, дзе лізнуць, дзе гаўкнуць”. Вось і атрымліваецца, што зараз хто ўмее і лізнуць, і гаўкнуць, той і квітнее”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG