Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскіх дзяцей не пусьцілі ў Швэйцарыю


Гарантыяў іх вяртаньня аказалася замала. Пакрыўджанымі сябе адчуваюць швэйцарскія чарнобыльскія ініцыятывы.

У сераду з Добрушу і навакольных вёсак ў швэйцарскі гарадок Іланц мусіла выехаць група дзесяцігадовых школьнікаў у суправаджэньні настаўніцы пачатковых клясаў і двух перакладчыкаў. На праграму адпачынку швайцарскі бок ахвяраваў вялікія грошы. Былі аплачаныя аўтобусныя рэйсы з Гомельшчыны ў кантон Граўбюндэн і назад, а мэдычныя страхоўкі, розныя экскурсіі па Швэйцарыі і гэтак далей. Нарэшце, прадстаўнік партнэрскай чарнобыльскай арганізацыі ў Добрушы адмыслова з’езьдзіў у Варшаву па візы. У апошні момант міністэрства адукацыі Беларусі, якое візуе сьпісы дзяцей , што выязджаюць за мяжу, забараніла паездку. Тым, хто займаўся арганізацыйнымі пытаньнямі гэтай праграмы па лініі Добрушскага РАНА, аб’явілі вымову.

Паводле электроннага выданьня “20 Minuten” , беларускія ўлады запатрабавалі ад ўраду Швэйцарскай Канфэдэрацыі пісьмовых гарантыяў вяртаньня дзяцей, а таксама выкананьня шэрагу іншых патрабаваньняў. Яны выкладзеныя ў падрыхтаваным Менскам праекце двухбаковых пагадненьняў аб замежным дзіцячым аздараўленьні. Як паведамілі ў прэсавай службе дэпартамэнту замежных спраў у Бэрне, некаторыя палажэньні праекту, напрыклад, гарантыя аб адмове ў прытулку, супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству ў правах чалавека. Зварот Бэрна да Менску дамовіцца на аснове фармальных абавязаньняў посьпеху ня мелі.

Як паведамілі Свабодзе швэйцарскія суразмоўцы, многія жыхары Граўбюндэна ды іншых кантонаў Канфэдэрацыі адчуваюць сябе пакрыўджанымі ў сувязі з падобнымі дзеяньнямі беларускіх уладаў. Яны лічаць, што гэта зусім ня тое, што яны заслужылі ад беларускіх чыноўнікаў у адказ на шчырую дапамогу чарнобыльскім дзецям.

Многія, падобна цюрыхскаму пастару Андрэасу Гёрліху-Коху лічаць, што “беларускія дзеці сталі закладнікамі палітыкі Лукашэнкі, бо знаходзячыся ў Швэйцарыі, яны пачынаюць шмат чаго разумець”.

Ёсьць і такія швэйцарцы, якія лічаць, што беларускія дзеці сталі ня толькі закладнікамі Лукашэнкі, але і шматлікіх пешак з мясцовых чарнобыльскіх ініцыятываў. Замест таго, каб “падпісаць зь Менскам гэтыя дурныя гарантыі, арганізатары вырашылі змагацца з Лукашэнкам… Цікавая гісторыя. Але ж чаму за гэта вымушаныя плаціць дзеці?” Падобныя меркаваньні можна прачытаць на форуме сайту “20 Minuten” і шэрагу іншых інтэрнэт-выданьняў.

Вераніка Раўшэнбах нязгодная з падобнымі прэтэнзіямі:

“На жаль, даводзіцца чуць папрокі: “Вы ў выніку вашай палітызацыі зрабілі ўсё несвоечасова…Гэта ня так. Мы пачалі займацца пытаньнем яшчэ летась, хутка пасьля таго, як Лукашэнка падпісаў свой знакаміты дэкрэт № 555 адносна замежнага аздараўленьня. Нягледзячы на тое, што нашы недзяржаўныя арганізацыі ў сваіх дзеяньнях незалежныя ад дзяржавы, мы ўсё ж зьвярнуліся ў адпаведныя дзяржаўныя структуры з просьбай азнаёміцца з новымі беларускімі дакумэнтамі. Усё гэта вывучалася нашымі законатворцамі ў самых розных парлямэнцкіх камісіях”.

Паводле суразмоўцы, вывучэньне ўсіх гэтых дакумэнтаў зь гледзішча адпаведнасьці законам Швэйцарскай Канфэдэрацыі патрабавала шмат часу.

“Высьветлілася, што ў шэрагу выпадкаў такой сумяшчальнасьці няма. Асабліва ў тых момантах, якія тычацца правоў чалавека. Кампрамісны варыянт швэйцарскага боку, на жаль, быў адкінуты беларускімі ўладамі. Але ж у нас дэмакратычная дзяржава, у нас ня можа быць так, каб адзін чалавек вырашаў за ўсю краіну, каб раптам ўзяў ды ўвёў папраўку да таго ці іншага закону”, кажа кіраўніца цюрыхскай чарнобыльскай ініцыятывы Вераніка Раўшэнбах.

У сераду, 6 траўня, прадстаўнікі чарнобыльскіх ініцыятываў з усёй Швэйцарыі зьбяруцца ў дэпартамэнце замежных спраў у Бэрне. На гэтую сустрэчу з удзелам швэйцарскіх дыпляматаў запрошаныя і прадстаўнікі беларускага пасольства
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG