Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я і так у турме, у адзіночнай камэры...”


У выселенай пасьля Чарнобыльскай аварыі вёсцы жывуць людзі

У выселенай пасьля Чарнобылю вёсцы Дзям’янкі дагэтуль застаюцца жыць чатыры сям’і. З прыходам вясны людзі шчыруюць на сваіх агародах. Імкнуцца на забруджанай радыяцыяй зямлі вырасьціць бульбу, гародніну.

Самая вялікая сям’я ў цяперашніх Дзям’янках — у пэнсіянэркі Галіны Басячэнкі: яна сама, сын, дачка з унукам.

“Мы жывём тут, усё ядзім: бульбу, гуркі свае, памідоры. І нямытыя ямо гадамі. Мне да пэнсіі трэба было два гады дапрацаваць, калгас тут доўга быў. Так і засталася. Муж памёр тут, матка памерла. А мы во жывём — дачка, унук, сын”.

Дачка спадарыні Галіны з унукам, якому цяпер дваццаць гадоў, вярнулася ў Дзям’янкі з Гарадзеншчыны, дзе лёс ня склаўся. Жывуць Басячэнкі найперш з пэнсіі Галіны Аляксандраўны і з працы на зямлі. Толькі што была аўтакрама — яна два разы на тыдзень прыяжджае з Добрушу ў Дзям’янкі. Купілі хлеба й цыгарэт. Пад вечар чакаюць здабытую рыбу з ракі Іпуць:

“Во на рыбу сын пайшоў. Пайшлі з унукам на раку — і во дзень сядзяць на рыбе”.

Басячэнкі не правяраюць харчаваньне, якое здабываюць на зямлі, у рацэ ці ў лесе:

“А я не правяраю. Трэба везьці на праверку ў раён. Во сусед Дарашэнка вазіў, казаў — усё чыстае. Бульба чыстая, буракі, морква, гуркі — чыстыя. Казаў — чыстыя, а што там — хіба ж я разумею?”

Сусед Мікалай Дарашэнка з жонкай Раісай не прызнаюць, што іхная вёска заражаная радыяцыяй:

“Якая тут радыяцыя?! Мы пражылі дваццаць тры гады — і нічога з намі ня здарылася. Так што радыяцыі не баімся. І ня ведаем, што такое радыяцыя. Што вырошчваем, тое і ядзім. Зараз я ў гаспадарцы трымаю толькі пчальнік, два сабакі й два каты, курэй, качак”.

Спадарыня Раіса распавяла, што бульбу вяскоўцам даводзіцца садзіць уручную — тэхнікі ніякай. Ды на дадатак вартаваць пасевы трэба ад набегаў дзікоў і лясных коз:

“У нас быў трактарок, дык калгас адабраў. Садзім лапатаю — сотак дзесяць сеем. У нас тут сьвіньні дзікія не даюць бульбе расьці. Выкопваюць усё дзікія сьвіньні. Па гародзе ходзяць і сьвіньні, і козы — зьядаюць усё. Грады перакопваюць. Уначы вартуем, адпалохваем — стукаем кіем па вядры”.

70-гадовая Ганна Мельнікава жыве ў Дзям’янках адна. Малалетніх дзяцей падчас адсяленьня зь ёй не было, таму раённыя ўлады запісалі яе на адсяленьне ў апошнюю чаргу. Так яна й засталася ў вёсцы адна сярод пустых, кінутых хатаў:

“У адзіноце я сяджу й думаю: я не абароненая нікім. Паводле канстытуцыі, я не абароненая. І ніхто ніколі не пацікавіўся: як ты, баба, прывезла дровы? Як ты, баба, пасеяла сядзібу? Ніхто ніколі не адчыніў дзьверы. Вось толькі ад выбараў да выбараў. Ну яшчэ ў кастрычніку будзе перапіс насельніцтва, можа, калі дажыву, тады прыйдуць. А так... Прадукты нам возяць няякасныя, у іх жа таксама радыяцыя ёсьць. “Уверсе” толькі сваіх людзей уладкоўваюць. Нават Лукашэнка няхай ведае гэтую інфармацыю. Я нікога не баюся! Усё роўна ў турму мяне не пасадзяць — я і так у турме, у адзіночнай камэры, на вольным пасяленьні”.

Галіна Басячэнка ля хаты

Дазімэтр паказвае 50 мікрарэнтген на гадзіну

Дарашэнкі Раіса й Мікалай

Ганна Мельнікава
Графік прыезду аўтакрамы ў Дзям’янкі

Ціхая галоўная вуліца

Былы маёнтак князёў Паскевічаў у Дзям’янках
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG