Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзеншчына: ні ўлады, ні апазыцыя не сьвяткуюць


У раённых гарадах Гарадзеншчыны нават улады ня ладзяць сьвяточных мітынгаў, а абмяжоўваюцца толькі вывешваньнем на будынках дзяржаўных сьцягоў. Ня ўдзельнічаюць у Першамаі і апазыцыйныя актывісты.


Старшыня раённай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” ў Слоніме Іван Шэга разам з сям’ёй сёньня прыбірае на падворку. Ён кажа, што надвор’е цёплае і трэба навесьці парадак.

А вось як ён патлумачыў, чаму не бярэ удзелу ў сьвяткаваньні Першамаю.

Іван Шэга
Шэга
: “У нас так склалася, што мы неяк адзначаем 25 сакавіка, Чарнобыльскі шлях, а нашы мясцовыя камуністы традыцыйна адзначаюць Першамай. Паколькі мы цяпер сумесных мерапрыемстваў ня ладзім, то сьвята гэтага не плянавалі”.

Лідэр слонімскіх камуністаў (ПКБ) Віктар Герасімчык кажа, што ўлады ўжо некалькі гадоў ня ладзяць на Першамай нават сьціплых мітынгаў, а толькі вывешваюць дзяржаўныя сьцягі. Але камуністы, зь яго слоў, на гэтае сьвята не забываюцца.

Герасімчык: “Цяпер людзі адышлі ад дэманстрацый і вырашаюць свае надзённыя праблемы. Аднак вузкім колам сяброў камуністычнай партыі маёўка заключаецца ў тым, каб ускласьці кветкі да помніка Леніну, заснавальніку савецкай дзяржавы, і раздаць апошні нумар газэты “Таварыш”.

Астравецкія актывісты Мікола Ўласевіч і Іван Крук сёньня папросту гутараць між сабой пра надзённыя справы. Вось што сказаў Мікола Ўласевіч наконт таго, чаму яны не сьвяткуюць Першамай.

Мікалай Уласевіч
Уласевіч:
“Першамай мы звычайна сьвяткуем у сваіх гародах, садзім бульбу. Сёлета так атрымалася, што гэтую працу ўжо зрабілі. Вось прыехаў Іван, сядзім за сталом, размаўляем. Традыцыя, тая што была — хадзіць з чырвонымі сьцягамі — скончылася для нас, а новую, відаць, мы пакуль не прыдумалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG