Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талака на магіле Цішкі Гартнага


Цішка Гартны
Цішка Гартны

Магілёўскія актывісты незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу сёньня зладзілі талаку на сымбалічным месцы пахаваньня літаратара й першага кіраўніка савецкага ўраду Беларусі Зьмітра Жылуновіча, вядомага пад псэўданімам Цішка Гартны.


Актывісты штогод прыходзяць у Пячэрскі лесапарк і парадкуюць пляцоўку каля памятнага знака Цішку Гартнаму.

Юры Стукалаў
“Мы сюды прыходзілі 4 лістапада, у дзень нараджэньня Цішкі Гартнага, таксама прыбіралі. 11 красавіка, у дзень ягонай сьмерці, мы сюды прыходзілі й тое ж самае рабілі. Мы такім чынам вырашылі ўшанаваць памяць вялікага чалавека. Ён быў ня толькі палітычным дзеячам выбітным, але яшчэ й вялікім беларускім паэтам і пісьменьнікам. Ён быў патрыётам Беларусі”, — зазначае партыйны каардынатар Юры Стукалаў.

Сёньня на талаку прыйшлі каля двух дзясяткаў людзей. Прыбраўшы сьмецьце, правялі невялікі мітынг і ўшанавалі хвілінай маўчаньня памяць усіх барацьбітоў за незалежнасьць Беларусі.

Аляксандар Сілкоў
“Зараз у нашай партыі вымалёўваецца свой палітычны графік, свой каляндар. Ёсьць у нас мерапрыемствы дужа сымбалічныя. Мы павінны прыходзіць сюды й згадваць тое, што некалі было, памятаць пра гэта. Гэта дрэнна, што людзей сюды прыходзіць мала. Пакуль жывая памяць, ёсьць будучыня ў Беларусі”, — зазначае намесьнік старшыні партыі Аляксандар Сілкоў.

У 1930 годзе Зьмітра Жылуновіча выключылі з бальшавіцкай партыі. У 1936 годзе арыштавалі, а ў 1937-м назвалі псыхічна хворым. 7 красавіка 1937 году яго зьмясьцілі ў магілёўскую псыхіятрычную лякарню. У ёй, паводле афіцыйнай вэрсіі, 12 красавіка 1937 году Цішка Гартны памёр.

Талака ля памятнага знака Цішку Гартнаму
Гісторыкі ж спасылаюцца на відавочцаў трагедыі: паводле іх аповедаў, даведзены ўтрыманьнем у лякарні да псыхічнага зрыву, Жылуновіч скончыў жыцьцё самагубствам.

Прыкладнае месца пахаваньня знайшоў кіраўнік магілёўскага аддзяленьня “Мартыралёгу Беларусі” Валянцін Ермаловіч. У 1989 годзе на гэтым месцы паставілі памятны знак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG