Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкі рабочы – пра Беларусь


Гэтымі днямі для сустрэчы з прадстаўнікамі незалежных прафсаюзаў Менск наведала група прафсаюзных актывiстаў са Швэцыi. Адзiн зь iх – рабочы заводу "Volvo" Гунар Пэтэрсан – пагаварыў з карэспандэнтам радыё "Свабода".

Сярэднi заробак рабочага на заводах "Volvo" ў Швэцыi складае каля трох тысячаў даляраў – атрымліваецца, Гунар мае падставы быць удзячны сваiм гаспадарам?

Але ж не, Гунар пэўны: у Швэцыi iснуе "эксплюатацыя працоўных", i, адпаведна, рабочы мусiць змагацца за свае правы:

“Мы не валодаем фабрыкай. Ня маем мажлівасьці самастойна распараджацца прыбыткамі. А цяпер, падчас фінансавае крызы, кампанія “Вольва” ікнецца пазбаўляцца ад рабочых – ужо звольненыя тысячы людзей. Адначасова яны выплачваюць мільёны ўладальнікам-акцыянэрам. Тыя самыя грошы, якія мы зарабілі сваёй працай".

Атрымлiваецца, у Швэцыi цяпер няма той мадэлі сацыялiзму, пра якую так шмат начутыя ў Беларусі?

“Не! Паглядзіце, колькі людзей сёньня ў Швэцыі страцілі працу й трапілі ў цяжкае становішча. Нам яшчэ доўга давядзецца змагацца для таго, каб узяць кантроль над капіталам”.

Ну а ці можа Гунар Пэтэрсан назваць сацыялістычнай цяперашнюю Беларусь?

“Адназначна не! Бо я ня бачу наагул ніякае дэмакратыі ў Беларусі. Беларусы ня маюць мажлівасьці свабодна выказваць свае думкі, ладзіць дэманстрацыі і г.д. Таму не – у Беларусі няма сацыялізму, на мой погляд. Сацыялізм – гэта свабода, роўнасьць і братэрства. Нічога гэтага я ня бачу тут”.

Чым тады ёсьць Беларусь для швэдкага рабочага Гунара Пэтэрсана – натуральным працягам Эўропы або нейкім іншым сьветам?

“Усе ўсходнеэўрапейскія краіны для мяне ёсьць часткай Эўропы. Я ня бачу паміж імі істотных адрозьненьняў. Калі параўноўваць Беларусь з краінамі паўночнай Эўропы – так, розьніца вельмі вялікая. Але беларускія людзі – яны, безумоўна, належаць да эўрапейскае супольнасьці”.

А вось як Гунар Пэтэрсан адказаў на пытаньне, ці існуе істотная розьніца паміж умовамі працы швэдзкага й беларускага працоўнага:

“Так, апроч значнае розьніцы ў заробках, у швэдзкіх працоўных нашмат лепшыя ўмовы працы, працоўнае асяродзьдзе. Бясьпека працы ў Беларусі арганізаваная на вельмі нізкім узроўні. Таму тут істотна болей няшчасных выпадкаў на вытворчасьці, чым у Швэцыі”.

І напрыканцы госьць са Швэцыі рабочы Гунар Пэтэрсан выказаўся наконт таго, чаго бракуе беларускім працоўным, каб пасьпяхова змагацца за свае правы:

"Патрэбныя вялікія, моцныя, незалежныя прафсаюзы. Бязь іх, безумоўна, змаганьне за свае правы робіцца цяжкім".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG