Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сустрэнецца з кіраўніцтвам Італіі, Ватыкану і Мальтыйскага ордэну


Ватыкан, плошча Сьвятога Пятра
Ватыкан, плошча Сьвятога Пятра

Пра гэта паведамляюць італьянскія СМІ. Чакаецца, што ў Рым беларускі кіраўнік прыбудзе сёньня, а меркаваныя адказныя сустрэчы пройдуць у панядзелак і аўторак.

Заплянаваны на заўтра на 11-ю гадзіну візыт беларускага кіраўніка да папы Бэнэдыкта XVI, а пасьля гэтага да дзяржсакратара Тарчызіё Бэртонэ мае не дзяржаўны, а прыватны характар.

Пра гэта паведамляе Радыё Ватыкан.

Паводле ватыканскіх назіральнікаў, меркаваная аўдыенцыя ў папы лічыцца “далікатнай”, бо ўсім вядома “далёка ня простая” сытуацыя з каталіцкай царквой у Беларусі.

Італьянскі тыднёвік Рanorama выказвае меркаваньні наконт таго, што можа прапанаваць папу беларускі прэзыдэнт, які называе сябе “праваслаўным атэістам” . Спасылаючыся на самыя апошнія заявы Лукашэнкі, выданьне піша пра магчымае пасярэдніцтва Менску ў выкарыстаньні беларускай сталіцы ў якасьці месца сустрэчы паміж кіраўнікамі рымска-каталіцкай царквы і РПЦ.

Як сказаў беларускі прэзыдэнт у часе суботняга наведваньня Гомельшчыны, “нядаўна я меў працяглую размову з патрыярхам маскоўскім і расейскім Кірылам. Мы дамовіліся пра шэраг пытаньняў, якія я перадам папу рымскаму, калі такая сустрэча адбудзецца”.

Што да “адмысловай місіі” прэзыдэнта-атэіста, то ў гэтай сувязі выданьне Wall Street Italia прыводзіць наступнае выказваньне высокага прадстаўніка Ватыкану: “Дачыненьні Ватыкану з Масквой добрыя, і ў Лукашэнкавым пасярэдніцтве няма ніякай патрэбы”.

Як падае Радыё Ватыкан, акрамя заплянаванай на панядзелак аўдыенцыі з Бэнэдыктам XVI, на гэты ж дзень мяркуецца сустрэча прэзыдэнта Лукашэнкі з італьянскім прэзыдэнтам Джорджа Напалітана і прэм’ер-міністрам краіны Сільвіё Бэрлюсконі.

У аўторак беларускі кіраўнік наведае рымскую штаб-кватэру самай маленькай дзяржавы ў сьвеце — Мальтыйскага Ордэну і правядзе перамовы зь вялікім магістрам Ордэну Мэт’ю Фэстынгам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG