Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: чыноўнікі зноў пагражаюць прамыслоўцам


Скарачэньне аб’ёмаў вытворчасьці, затаварваньне складоў ды павелічэньне колькасьці стратных прадпрыемстваў застаюцца цяжкавырашальнымі праблемамі для эканомікі Бабруйску. З 45 мясцовых прадпрыемстваў 20 зьнізілі аб’ёмы вытворчасьці, а 24 прызнаныя стратнымі.


Чыноўнікі гарвыканкаму патрабуюць ад прамыслоўцаў выпраўленьня сытуацыі. На гэта адводзіцца два месяцы:
Рабіце высновы. Інакш па паўгодзьдзі рабіць высновы будзем мы ...

“Ніхто потым ня зможа сказаць, што ён не вінаваты ў той сытуацыі, якая складзецца на ягоным прадпрыемстве. Страты, зьніжэньне аб’ёмаў вытворчасьці, запасы гатовай прадукцыі на складах і гэтак далей. Значыць, рабіце высновы. Інакш па паўгодзьдзі рабіць высновы будзем мы”, — папярэджвае прамыслоўцаў старшыня Бабруйскага гарвыканкаму Дзьмітры Бонахаў.

Такія папярэджаньні гучаць на кожным паседжаньні выканаўчай улады. Чыноўнікі патрабуюць паказчыкаў, і іх не цікавяць умовы, у якіх нам даводзіцца працаваць, кажа прадстаўнік адміністрацыі аднаго з бабруйскіх прадпрыемстваў, праца якога была прызнаная нездавальняючай.

“Больш за восемдзесят працэнтаў прадукцыі ішло на рынак Расейскай Фэдэрацыі. На сёньняшні дзень расейскі рынак аналягаў нашай прадукцыі ўпаў на восемдзесят працэнтаў. Рынак жа Беларусі, груба кажучы, акупаваны МАЗам. У любым выпадку дзяржава будзе падтрымліваць МАЗ, бо гэта прадпрыемства рэспубліканскага значэньня”.

Паводле суразмоўцы, атрымаць крэдыт для ягонага прадпрыемства амаль немагчыма. Прыярытэт аддаецца манапалістам.
прадпрыемства праз курсавую розьніцу атрымала чыстыя страты ў студзені, лютым ды сакавіку ...

“Мы выжываем самі, сваімі сіламі. На сёньняшні момант прагназаваць нічога немагчыма. Бо ніхто нас не папярэджваў, што ў сьнежні мінулага году курс рубля абваліцца на дваццаць працэнтаў. Нашае прадпрыемства праз курсавую розьніцу атрымала чыстыя страты ў студзені, лютым ды сакавіку”.

Спад у эканоміцы Бабруйску адбіваецца й на рынку людзкіх рэсурсаў. На першага красавіка ў гарадзкой службе занятасьці было 573 вакантныя працоўныя месцы. Год таму бабруйчанам прапаноўваліся 993 вакансіі.

Ня лепшая ад бабруйскай сытуацыя ў абласным цэнтры. Тут 53 прадпрыемствы стратныя.

У выніку спаду аб’ёмаў вытворчасьці бюджэт Магілёўшчыны недаатрымаў 630 мільярдаў рублёў. Падае рэнтабэльнасьць прадпрыемстваў. У Магілёве яна зьменшылася ў два з паловай разы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG