Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Антыкрызісныя цэны” замест “зьніжак”


Магілёўскія бізнэсоўцы ўсё часьцей у аб’явах пра распродаж тавараў выкарыстоўваюць замест слова “Зьніжкі” выраз “Антыкрызісныя цэны”.


На іх думку, такі маркетынгавы ход дазваляе прыцягнуць увагу патэнцыйных пакупнікоў і падвысіць аб’ёмы продажу тавараў.

Адным зь першых у Магілёве заявіў пра продаж тавару па “антыкрызісных цэнах” прадпрымальнік Сяргей. Ён прадае мультымэдыйныя дыскі. Свой бізнэс пачаў месяц таму:

“Мы такім чынам пашыраем кантынгент сваіх пакупнікоў. У нас самыя нізкія цэны ў горадзе. Прыбыткі ад гэтага ня дужа вялікія. Мы пакуль намагаемся патрапіць на рынак гэтых паслугаў і заняць пазыцыю добрую”.

Прадпрымальнік Віталь прадае джынсы ня першы год. У яго свая крама ў цэнтры гораду.
Час павялічвае страты...

“Лепш прадаць зь меншай цаной, зь меншым прыбыткам, аднак прадаць, чым яно будзе ляжаць. Чым яно даўжэй ляжыць, тым больш павялічваюцца страты. Час павялічвае страты. Людзі дужа востра рэагуюць, хутка рэагуюць на зьмяншэньне цаны на сёньняшні дзень”.

Чаму магілёўскія бізнэсоўцы пачалі адмаўляцца ад пазнакі “Зьніжкі” на карысьць “Антыкрызісных цэнаў”? Гэту зьяву тлумачыць адмысловец у пытаньнях арганізацыйнага разьвіцьця й прасоўваньня паслугаў Ігар Шары:

“Беларусы ўжо наеліся гэтага прывабнага слова “Зьніжкі”, якія на сёньня насамрэч прафанаваныя ўжо. Як правіла, калі яны і ёсьць, то абсалютна сымбалічныя. Таму бізнэсоўцы выкарыстоўваюць такі новы тэрмін, як “антыкрызісныя цэны”. Ён актуальны. Крызіс — нешта страшнае такое, а антыкрызіснае — гэта тое, што супрацьстаіць гэтаму страшнаму”.

Паводле назіраньняў, у крамах, дзе тавар прадаецца па зьніжаных цэнах, ён бывае таньнейшы ад свайго першапачатковага кошту на 10—15 працэнтаў. Там жа, дзе тавар прадаецца па “антыкрызісных цэнах”, кошт гандляры зьмяншаюць да пяцідзесяці працэнтаў. Антыкрызісных аб’яў у цэнтры гораду карэспандэнт “Свабоды” налічыў каля двух дзясяткаў.

Ня ў прыклад прадпрымальнікам, на складах дзяржаўных прадпрыемстваў назапашана прадукцыі толькі ў сакавіку на восемдзесят мільярдаў рублёў. Цэны на яе прамыслоўцы зьніжаюць зь неахвотай і нязначна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG