Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітык у спэцоўцы: норма ці анамалія?


23 красавіка актывісты БХД дапамагалі бамжам з цэнтру Менску
23 красавіка актывісты БХД дапамагалі бамжам з цэнтру Менску
Актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі гэтымі днямі праводзяць сэрыю дабрачынных і асьветніцкіх акцыяў пад назвай “Наш адказ крызісу”. Актывісты руху “За свабоду” цягам году працягваюць грамадзкую кампанію “Народны кантроль”. Дабрачынныя сацыяльныя акцыі арганізоўваюць таксама іншыя палітычныя партыі і рухі.

У рамках акцыі “Наш адказ крызісу” актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў розных гарадах Беларусі праводзяць збор рэчаў для дзіцячых дамоў, сродкаў для цэркваў, парадкуюць могілкі.

Павал Севярынец
Сустаршыня партыі Павал Севярынец: “Мэта гэтай акцыі — заклікаць беларускае грамадзтва да яднаньня. Мы стараемся абудзіць сярод беларусаў пачуцьцё салідарнасьці перад абліччам крызісу. Бо разумеем, што крызіс — гэта выклік і нам як грамадзянам, і нам як вернікам, і нам як жыхарам гэтае краіны”.

У Пружанах на Берасьцейшчыне актывісты руху “За свабоду” ўжо другі год працягваюць грамадзкую кампанію “Народны кантроль”. За гэты час разам з жыхарамі вырашылі праблему рамонту аднаго з жылых дамоў, адкрыцьця ў горадзе грамадзкай прыбіральні, цяпер дамагаюцца ўсталяваньня так званага “ляжачага паліцыянта” ў адным з двароў, паведамляе ўдзельнік кампаніі Ўладзімер Радзівончык:

“Мы жадаем прыйсьці да людзей ня толькі зь лёзунгамі пра дэмакратычныя каштоўнасьці, але найперш паспрабаваць вырашыць іх набалелыя надзённыя праблемы. Давесьці інфармацыю пра гэтыя праблемы да органаў улады і прасачыць за іх вырашэньнем. Мы таксама вельмі рады, што да нас прыходзяць людзі, што ёсьць такая зваротная сувязь”.

Паводле спадара Радзівончыка, цяпер “Народны кантроль” дзейнічае таксама ў Пінску і Баранавічах, а неўзабаве будзе распаўсюджаны ў іншых абласьцях Беларусі.

Гэтаксама цягам двух гадоў “Малады фронт” працягвае дабрачынную акцыю “Беларускую кнігу — дзецям”. Летась яна праводзілася ў Салігорску, а ўжо сёлета ў Менску, Берасьці, Наваградку й іншых гарадах, паведамляе актывістка Тацяна Шапуцька:

Тацяна Шапуцька
“Ідуць акцыі па зборы кніг ад людзей, часам выдавецтвы дораць цэлыя наклады. Мы таксама праводзім традыцыйны калядны фэст. На ім прадаем розныя мастацкія вырабы, зробленыя рукамі маладафронтаўцаў. На гэтыя грошы набываем вітаміны, пачастункі і цягам усіх калядных сьвятаў наведваем дзіцячыя дамы. Там праводзім таксама „Шоў Беларушчыны“, паказваем „Батлейку“, праводзім розныя сьвяточныя імпрэзы”.

Сацыяльныя і дабрачынныя акцыі палітычных партыяў і рухаў — тыя дзеяньні, да якіх апазыцыйных палітыкаў часта заклікаюць іх апанэнты, а таксама многія шараговыя грамадзяне. Атрымлівае адпаведныя званкі і Радыё Свабода:

Гэта саўковая сыстэма прывучыла людзей да таго, што дэпутат не палітык, а выбівала.
“Апазыцыі патрэбна ня глупствамі займацца: вазьміце, калі ласка, адну з магістральных ліній — гэта жыцьцёвы ўзровень народа. Стаўце гэтыя пытаньні, і тады гэта ўсім усё стане зразумелым. А не пра нейкую там эфэмэрную, незразумелую свабоду”.

Каб выслухаць расповеды людзей пра свае надзённыя праблемы, лідэры палітычных партый гэтымі днямі сустракаюцца з жыхарамі раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Кіраўнікі партыі БНФ таксама наведалі там шпіталі з мэтай дабрачыннай дапамогі, кажа намесьнік старшыні партыі Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
“У меру сваіх сілаў мы стараемся сацыяльную дапамогу людзям аказваць, хаця б мінімальную. І ў чарнобыльскія раёны мы перадавалі і кнігі, і рэчы, і мэдычныя прэпараты — збор сродкаў на сядзібе абвяшчаўся. Але ўвогуле можна сказаць, што апазыцыя, асабліва ў Беларусі, можа займацца сацыяльнымі праблемамі ў той жа ступені, як і іншыя звычайныя грамадзяне краіны”.

Падобныя дабрачынныя акцыі павінны стаць прыкладам для перайманьня ў шырэйшым, ня толькі дэмакратычным асяродку, лічыць актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Гразнова:

Людміла Гразнова
“Палітыкам неабходна адгукацца на тыя балючыя пытаньні, якія хвалююць людзей. Тое, што ў нашых магчымасьцях, мы робім. Вядома, гэта, пэўна, недастаткова. Але ж гэта павінна быць штуршком для саміх людзей, каб яны не сядзелі па кухнях, ня енчылі, а каб аб’ядноўваліся і самі нешта рабілі”.

Пра ўдзел палітыкаў у рэалізацыі розных сацыяльных праграмаў разважае палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі
“З аднаго боку, калі кажуць, што партыі павінны быць бліжэй да жыцьця, то тут ёсьць свая рацыя. Разам з тым спаборнічаць у папулізьме з уладай, ня маючы на тое рэсурсаў, — справа безнадзейная. І гэта якраз саўковая сыстэма прывучыла людзей да таго, што дэпутат, да прыкладу, не палітык, а нейкі выбівала. Гэта якраз сьведчыць пра няразьвітасьць палітычнай сыстэмы і адсутнасьць палітычнай канкурэнцыі. Бо, па вялікім рахунку, павінна быць канкурэнтная палітыка. І партыі перадусім павінны быць генэратарамі нейкіх ідэй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG