Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі ён вырашыў ехаць у Прагу, то трэба ехаць і там каяцца”


Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка возьме ўдзел у саміце інаўгурацыі праграмы “Ўсходняга партнэрства”, які пройдзе ў Празе 7 траўня. Пра гэта падчас візыту ў Рыгу паведаміў міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў. У беларускім грамадзтве стаўленьне да запрашэньня і ўдзелу А.Лукашэнкі ў гэтым саміце Эўразьвязу неадназначнае: адны гэта лічаць капітуляцыяй Эўропы перад палітычным рэжымам у Беларусі, а другія ўхваляюць такі ўдзел.

Чаму Аляксандар Лукашэнка вырашыў ехаць у Прагу? На пытаньні Свабоды адказвае шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна.

Дашчынскі: “Як вы ставіцеся да такога рашэньня А.Лукашэнкі?”

Калінкіна: “Насамрэч цяжка сказаць, чым кіруецца менавіта ён, бо ў яго свая лёгіка. Але любы крок насустрач сабе ён расцэньвае менавіта як слабасьць свайго апанэнта. І ў дадзеным выпадку той момант, што Эўропа ня стала настойваць на выкананьні Беларусьсю ўмоваў, якія былі высунуты, А.Лукашэнка ацаніў менавіта як слабасьць. І таму ён вырашыў ехаць у Прагу. Лукашэнка прадэманстраваў сваю сілу і сваю пазыцыю, а Эўропа, на жаль, свае сапраўдныя прынцыпы і сваю пазыцыю не прадэманстравала. Яна прадэманстравала, што прынцыпамі можна гандляваць”.

Дашчынскі: “Некаторыя палітыкі цьвердзяць, што запрашэньне і зьяўленьне ў Празе А.Лукашэнкі сярод лідэраў эўрапейскіх краінаў будзе азначаць канчатковую легітымізацыю яго палітычнага рэжыму...”

Калінкіна: “Насамрэч гэта ня так. Застаецца вялікі калідор для эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі. Я не казала б, што візыт Лукашэнкі ў Прагу — гэта нешта лёсавызначальнае. Гэта знакавая падзея, але не лёсавызначальная. Вельмі важна, што Беларусь уключаная ў праграму “Ўсходняга партнэрства”. На пэрспэктыву для нашай краіны гэта вельмі важна. А асобы, па вялікім рахунку, маюць тут другаснае значэньне. У тым ліку і асоба А.Лукашэнкі. Я думаю, што пэрыяд, калі ідзе такі гандаль, абяцаньні і так далей, ня будзе такім доўгім, як ён быў у стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй. І эўрапейскія палітыкі будуць больш прагматычна падыходзіць да таго, што робіцца ў Менску. Мы толькі на пачатку станаўленьня беларуска-эўрапейскай палітыкі, і ня трэба тут ставіць ужо кропку”.

Дашчынскі: “Тое, што Лукашэнка вырашыў ехаць у Прагу на саміт, мне здаецца, адпавядае ягонаму характару ісьці напралом, нягледзячы на дыпляматычныя паўтоны і намёкі. Але калі гэта яму праходзіла ў Расеі, то ці пройдзе гэта ў Эўропе?”

Калінкіна: “Нейкі час пройдзе. Цывілізаваныя палітыкі, у тым ліку эўрапейцы, не разумеюць правілы гульні дыктатарскіх рэжымаў. І ў гэтым заўсёды самая вялікая складанасьць. Дыктатура гуляе бяз правілаў. А зь ёю заўсёды спрабуюць гуляць паводле нейкіх правілаў і нейкіх дамоўленасьцяў. Адсюль і здараюцца такія сытуацыі — калі яго не чакаюць, але запрасілі, а ён прыедзе, нягледзячы на тое, што яго не чакалі. Таму Эўропе бліжэйшым часам давядзецца ўспомніць гісторыю і ўспомніць, як няпроста весьці палітыку з дыктатарамі, хаця, на першы погляд, яны могуць некаму здацца такімі крыху перавыхаванымі. Я б яму параіла, калі ён прыняў рашэньне ехаць — ехаць і там каяцца”.
Дашчынскі: “У дэмакратычнай апазыцыі выказваюцца розныя стаўленьні да запрашэньня і ўдзелу А.Лукашэнкі ў саміце ў Празе. Ці можа гэта спрыяць расколу ў апазыцыйных шэрагах?”

Калінкіна: “Раскол фактычна адбыўся менавіта ў стаўленьні да рэжыму. Адны цьвердзяць, што рэжым не памяняўся. І як ні называй сёньня А.Лукашэнку – праэўрапейскім ці прарасейскім — па сутнасьці ён застаўся такім, як і быў. Ён застаўся чалавекам, які кіруе краінай аўтарытарнымі, самавольнымі мэтадамі і так далей. Некаторыя лічаць, што любы сантымэтар руху ў бок Эўропы — гэта ўжо вельмі добра, і трэба пляскаць у ладкі гэтым зрухам. А некаторыя лічаць, што калі кіраўнік дзяржавы не зьмяніўся па сутнасьці, палітычная сыстэма не зьмянілася па сутнасьці, то аплядысмэнты ня маюць сэнсу, бо нічога не зьмянілася. Таму раскол адбыўся, і гэта трэба прызнаць. Я ня ведаю, наколькі гэта трагічна для апазыцыі, але я не лічу гэта вялікай праблемай. Бо заўсёды гэтае адзінства было ўмоўным. Але для легітымізацыі рэжыму ўнутры Беларусі, пагашэньня настрояў незадаволенасьці гэта будзе вельмі важная для Лукашэнкі паездка. Бо дзяржаўная прапаганда атрымоўвае вельмі важны довад, што і Эўропа, маўляў, прызнала мэтады, якімі афіцыйны Менск і першая асоба нашай дзяржавы кіравалі Беларусьсю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG