Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакей на замінаваным лёдзе


Назіральная рада хакейнага клюбу “Мэталюрг” са Жлобіна вырашыла датэрмінова скасаваць кантракт з галоўным трэнэрам Яўгенам Лебедзевым. Рашэньне прынятае літаральна на другі дзень пасьля нечаканай перамогі каманды Гомельскай вобласьці пад кіраўніцтвам згаданага Лебедзева ў фінале ІІ рэспубліканскіх хакейных спаборніцтваў сярод аматарскіх камандаў.


У фінале гамельчукі ўпершыню ў гісторыі перагулялі непераможную дагэтуль каманду прэзыдэнта Лукашэнкі. Ці выпадковае супадзеньне?

У сёлетнім чэмпіянаце Беларусі 49-гадовы Яўген Лебедзеў на чале жлобінскага “Мэталюргу” заваяваў бронзавыя ўзнагароды адкрытага першынства краіны. Задача-мінімум, якая ставілася напярэдадні сэзону, пасьпяхова выкананая. Дарэчы, каманду спэцыяліст узначальвае ўсяго тры гады, ад моманту яе ўтварэньня ў 2006 годзе. Але амбітных плянаў не хавае — прывесьці выхаванцаў да чэмпіёнскага званьня.

Імпэт не застаўся незаўважаным, і ў якасьці галоўнага трэнэра зборнай Гомельскай вобласьці Лебедзеў быў дэлегаваны ў фінал спаборніцтваў сярод аматарскіх камандаў на прызы Прэзыдэнцкага спартовага клюбу. У нядзелю 19 красавіка выхаванцы Лебедзева зьдзейсьнілі велікодны цуд — перамаглі каманду прэзыдэнта Беларусі зь мінімальным лікам 9:8 і забралі галоўны трафэй. Гэта была першая параза ад унутраных супернікаў “лепшай у сьвеце аматарскай каманды”, як любяць казаць афіцыйныя СМІ. Зрэшты, і на зьнешнім кірунку лік паразаў ідзе на адзінкі — пераважна ў спарынгах з расейскімі аматарамі падчас традыцыйнага менскага Каляднага турніру.

Уладзімер Даўжэнка, у мінулым спартовы камэнтатар Беларускага тэлебачаньня, так адрэагаваў на паведамленьне пра тое, што Яўген Лебедзеў апынуўся па-за гульнёй:

“Сумная навіна, чэснае слова. Вельмі цікавы трэнэр, хлопцы сабраліся талковыя. І я ведаю, што спэцыяльна ўзмоцненая была каманда Гомельскай вобласьці. Так, гісторыя ня ведае выпадкаў, каб прэзыдэнцкая каманда прайгравала. Гэта ж першая каманда краіны. Нічыіх нават не было. Калі за ўвесь час 1—2 матчы прайграныя, то на самым пачатку трыюмфальнага шэсьця. Але ж гэта спорт, так і павінна быць — я маю на ўвазе вынік. І калі так караюць трэнэра менавіта за гульню, то гэта, канечне, абсурд. У такім выпадку трэба ведаць фармулёўку звальненьня. Можа, за якіясьці іншыя грахі ў чэмпіянаце краіны. Але ж ёсьць бронзавыя мэдалі, тады ўвогуле незразумела, за што звальняць. Шчыра кажучы, проста ня хочацца верыць у маразм. Яго так шмат навокал, што стамляесься. Хочацца верыць, што гэта была якаясьці іншая прычына”.

Сам Яўген Лебедзеў на маё тэлефанаваньне адрэагаваў проста: “Ну, пачалося…” Кажа, што пакуль ня будзе мець канчатковага рашэньня пра сваё звальненьне, “скаланаць паветра” няма сэнсу. Бо фармальна кантракт з камандай падпісаны да 2010 году:

Яўген Лебедзеў
“Яшчэ ніякага рашэньня няма. Прынамсі, канкрэтнае рашэньне на рукі яшчэ не атрыманае. Пакуль няма прапісанай матывацыі, я ня ведаю, што камэнтаваць, няма асаблівага сэнсу ўвогуле пра штосьці казаць. Было паседжаньне назіральнай рады — і ўсё, ня больш за тое”.

Карэспандэнт: “Але кантракт з “Мэталюргам” у вас яшчэ не заканчваўся?”

“Кантракт з клюбам увогуле ў мяне яшчэ на год”.

Задаю лягічнае пытаньне — ці можа прычынай датэрміновай адстаўкі быць “несанкцыянаваная” перамога над камандай № 1? Ці насамрэч небясьпечна выйграць у “непераможнай” лукашэнкавай дружыны?

“Гэта поўнае трызьненьне, без камэнтароў. Нейкая “брэдзяціна”, якую, такое адчуваньне, нехта наўмысна разьвівае. Незразумела, адкуль такое ўвогуле зьявілася, таму не хачу нічога казаць”.

У кулюарах магчымую прычыну адхіленьня ад спраў Яўгена Лебедзева тлумачаць даўнім канфліктам з дырэктарам клюбу Алегам Багарадам. Гавораць, што Багарад настойліва рэкамэндаваў старшыні апякунскай рады “Мэталюргу”, дырэктару галоўнага спонсара каманды — Беларускага мэталюргічнага заводу Мікалаю Андрыянаву звольніць Лебедзева і замест яго прызначыць Васіля Сьпірыдонава, экс-трэнэра менскага “Дынама”. Меркаваньне Андрыянава шмат у чым вырашальнае, аднак дагэтуль у яго зь Лебедзевым былі прыхільныя адносіны. Ці стала падставай да разьвітаньня са спэцыялістам сьмелая перамога над прэзыдэнцкай камандай — у штабе “Мэталюрга” не камэнтуюць. Алег Багарад толькі ўдакладніў, што імя новага настаўніка клюбу будзе названае да канца красавіка.

Яўген Лебедзеў — адзін з самых дасьведчаных беларускіх трэнэраў. Працаваў з камандамі Берасьця, Гомелю, Менску, Жлобіна. Прыводзіў да бронзавых узнагародаў нацыянальнага першынства менскія “Цівалі” і “Керамін”. Двойчы з “Керамінам” быў пераможцам Усходнеэўрапейскай хакейнай лігі сярод клюбаў зь Беларусі, Украіны, Латвіі і Расеі. Апошняе дасягненьне — перамога на чале зборнай Гомельскай вобласьці падчас ІІ рэспубліканскіх хакейных спаборніцтваў аматарскіх камандаў.



Неўзабаве па 15-й гадзіне на інтэрнэт-старонцы хакейнага клюбу “Мэталюрг” (Жлобін) зьявілася паведамленьне за подпісам дырэктара каманды Алега Багарада:

“Як асоба, упаўнаважаная Назіральнай радай клюба, афіцыйна заяўляю: дакумэнты на адхіленьне галоўнага трэнэра Лебедзева ад працы не афармляліся, хоць мяне непакояць яго няўжыўчывы характар і няўменьне выслухаць крытычныя заўвагі. Кантракт зь Яўгенам Лебедзевым дзейнічае да 30 чэрвеня 2010 году. Яму прапанавана працягваць выконваць свае абавязкі, нягледзячы на ўсю шуміху, узьнятую ім у СМІ”.

Варта толькі зазначыць, што шум вакол звальненьня Лебедзева пасьля перамогі над хакейнай камандай прэзыдэнта Беларусі пачалі, да незадавальненьня самога трэнэра, журналісты — з уласнай ініцыятывы і сымптаматычнасьці рашэньня кіраўніцтва “Мэталюргу”. А факт адхіленьня ад працы сам Лебедзеў яшчэ ўчора пацьвердзіў дзяржаўнаму агенцтву БелТА.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG