Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба запрасіць разам з Лукашэнкам і сябра яго — Уга Чавэса”


Сьвята Ўваскрашэньня Хрыстовага ў вернікаў праваслаўнай царквы, запрашэньне Аляксандра Лукашэнку на саміт у Прагу, падрыхтоўка да правядзеньня “Чарнобыльскага шляху”, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Вернікі праваслаўнай царквы ў Беларусі адзначаюць другі дзень найвялікшага хрысьціянскага сьвята — Уваскрашэньня Хрыстовага. Віншаваньні слухачоў:

Павал Давыдзенка: “Віншую ўсіх супрацоўнікаў “Свабоды” з Уваскрэсеньнем Хрыстовым. Сіл вам і эмоцый у гэтым нялёгкім жыцьці. Слухач Павал Давыдзенка. Мястэчка Парычы. Блаславі вас Гасподзь”.

Спадар: “Шаноўныя беларусы! Колькі нас будуць разьядноўваць? Чаму мы, каталікі і праваслаўныя, ня можам сьвяткаваць Вялікдзень і сьвята Божага нараджэньня разам? Такія вялікія сьвяты павінны яднаць народ, каб мы пачуваліся адзінай нацыяй, адзінай незалежнай дзяржавай. Нам, беларусам, пачуцьця гэтай еднасьці зараз вельмі не хапае. Задумайцеся над гэтым, шаноўныя слухачы “Свабоды”.

Міністар замежных спраў Чэхіі, якая старшынюе ў Эўразьвязе, Карэл Шварцэнбэрг перадаў Аляксандру Лукашэнку запрашэньне прыехаць на сустрэчу кіраўнікоў краінаў, якія ўваходзяць у праграму “Ўсходняе партнэрства” . Камэнтары слухачоў:

Спадар: “Паважанае Радыё Свабода! Чыноўнікі Эўразьвязу вырашылі запрасіць Лукашэнку. Я ведаю, што трэба зрабіць Эўропе, каб спадабацца Лукашэнку. Калі чыноўнікі гэта зробяць, Лукашэнка прыедзе ў Прагу. Трэба запрасіць разам з Лукашэнкам і сябра яго — Уга Чавэса”.

Спадарыня: “А кіраўніцтву Эўразьвязу пры сустрэчы з Лукашэнкам застаецца пагладзіць яго па галоўцы, сказаўшы “Малайчына, так і працягвай далей. Ня бойся, мы з табой”, і ўзнагародзіць гарачым пацалункам”.

Спадар: “Няўжо вам не зразумела, што Заходняя Эўропа штурхаля дала апазыцыі такога, што ёй ужо не ачуняць?”

Спадар: “Не перашкаджайце ехаць Лукашэнку ў Прагу. Хай едзе. Гэта не яго запрашаюць, гэта запрашаюць нашу Беларусь, наш народ. А Лукашэнка — гэта часовая зьява. Рана ці позна ён зьнікне з арэны”.

Спадарыня: “Раілі Лукашэнку лепш хлеб сеяць, а ня ехаць. Я хачу дапоўніць. Князь, што сузірае пашу, — большы князь, чым той, які вядзе перамовы з замежнымі пасламі”.

У гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка ў Менску адбудзецца штогадовая вулічная акцыя “Чарнобыльскі шлях”, якую рыхтуюць лідэры апазыцыі. Выказваньне на гэтую тэму:

Уладзімер, Мазыр: “Пра Чарнобыльскі шлях. Воляй лёсу 25—26 красавіка я быў у Чарнобылі і ўсю гэтую трагедыю бачыў на свае вочы: як высялялі Прыпяць, адпраўлялі ў першую чаргу дзяцей і жанчын. Гэтага забыць нельга. Гэтыя дні трэба абвясьціць жалобай і вывесіць чорныя сьцягі ў памяць ліквідатараў, якія загінулі. І незразумела, што хоча сказаць апазыцыя, арганізоўваючы свае вясёлыя шэсьці ў масках і маханьне сьцягамі. З павагай”.

Выказваньне камэнтуе адзін з заяўнікаў акцыі, намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

“Мы таксама павінны памятаць і пра тое, што дыктатарская ўлада хавала праўду пра Чарнобыль, доўга не адсяляла людзей, а дзяцей у той дзень вывела на дэманстрацыю. Як тады, так і зараз галоўная праблема — гэта бескантрольнасьць улады з боку грамадзтва. І ўсе чарнобыльскія пытаньні застаюцца нявырашанымі”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы.

Ларыса, Менск: “Нашы пэнсіі ў сувязі з абвалам беларускага рубля паменшыліся. Таму ўрад павінен кампэнсаваць нам гэтую страту і прыдумаць пытаньне, як вярнуць ільготы. У першую чаргу — ільготны праезд у гарадзкім транспарце, а таксама нашы ўклады, якія не вярнулі да гэтай пары. Мы хочам не выжываць, а жыць прыстойна. Я думаю, што многія пэнсіянэры мяне падтрымаюць”.

Спадар: “За часамі Хрушчова ў шматлікіх краінах сьвету, у тым ліку ў Афрыцы, дзясяткі гарадоў пабудаваны за сродкі савецкіх грамадзян. Вось так і ляснулі ашчаджэньні працоўных у Афрыцы, у Азіі. Пхалі, пхалі ўсім, а самім нічога не засталося”.

Зіноўеў: “Былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса ў Катыні сказаў “Мы чуем, як крычыць тут зямля”. Вось калі беларуская ўлада пачуе, як крычыць зямля ў Курапатах, тады органы і знойдуць вандалаў”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG