Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночная рада адкрые офіс


У Менску плянуецца адкрыць інфармацыйны офіс Рады скандынаўскіх краінаў. Прапанова пра адкрыцьцё офісу абмяркоўвалася на паседжаньні Паўночнай рады ў Капэнгагене (Данія).


Рада разглядае адкрыцьцё офісу ў Менску як “частку сваіх абавязкаў па разьвіцьці дыялёгу з урадам і апазыцыяй у Беларусі”.

“Інфармацыйны офіс зможа спрыяць намаганьням Паўночнай рады ў справе наладжваньня дыялёгу з уладамі і апазыцыяй Беларусі, а таксама дапамагаць ажыцьцяўленьню скандынаўскіх праектаў і каардынаваць кантакты зь недзяржаўнымі арганізацыямі, далучанымі да праграмы міністраў Паўночнай рады па падтрымцы НДА”, — цытуе БелаПАН паведамленьне прэсавай службы Паўночнай рады.

Прэсавая служба зазначае, што ад 2007 году адбылося тры сустрэчы прадстаўнікоў Паўночнай рады з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і прадстаўнікамі палітычных партыяў, якія не патрапілі ў парлямэнт. “Прапановы наконт адкрыцьця інфармацыйнага офісу віталі ўсе ўдзельнікі сустрэчаў”, — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы.

Дата адкрыцьця офісу пакуль ня вызначаная.

Рада скандынаўскіх краінаў, заснаваная ў 1952 годзе, — орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва краінаў Паўночнай Эўропы. У Раду ўваходзяць 87 парлямэнтароў зь пяці краінаў (Даніі, Ісьляндыі, Нарвэгіі, Швэцыі, Фінляндыі) і трох аўтаномных тэрыторыяў (Грэнляндыя, Фарэрскія і Аляндскія астравы).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG