Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заяўнікі “Чарнобыльскага шляху” патрабуюць зьмены маршруту


Заяўнікі “Чарнобыльскага шляху” атрымалі ад менскіх уладаў дазвол на правядзеньне акцыі, але па іншым, чым было ў заяўцы, маршруце. Заяўнікі дэманстрацыі просяць улады да 21 красавіка перагледзець сваё рашэньне.

Чыноўнікі Менгарвыканкаму далі афіцыйны адказ на заяўку кіраўнікоў партыі БНФ па дазвол правесьці “Чарнобыльскі шлях” ад Акадэміі навук да плошчы Якуба Коласа, а адтуль вуліцай Веры Харужай прайсьці да капліцы на вуліцы Карастаянавай і там правесьці жалобны мітынг.

Гарадзкія чыноўнікі адмовілі ў прапанаваным маршруце і далі дазвол на шэсьце ад Акадэміі Навук вуліцай Сурганава. Лявон Баршчэўскі адзначыў, што такі варыянт непрымальны для арганізатараў, бо ставіць пад пагрозу бясьпеку ўдзельнікаў дэманстрацыі. На вуліцы Сурганава ідзе рэканструкцыя праезнай часткі і рамонт ходнікаў:

“Мы чакалі такога рашэньня, таму загадзя падрыхтавалі пісьмовую заяву, у якой апісалі стан вуліцы Сурганава, дзе нават у адным месцы ўвогуле адсутнічае тратуар, месцамі выкапаныя канавы, шырыня ходнікаў не перавышае 1 мэтру. У такіх умовах ня тое што тысячу чалавек, а нават 30 чалавек правесьці цяжка.

Мы запатрабавалі, каб да 21 красавіка рашэньне перагледзелі і праінфармавалі нас у вызначаным парадку”.

У размове з чыноўнікамі арганізатары акцыі зразумелі, што месца і час збору зьмененыя ня будуць — збор а 12 гадзіне каля Акадэміі навук.

Сёлета “Чарнобыльскі шлях” прыпаў на чатыры выходных дня. Акцыя адбудзецца ў нядзелю, а яшчэ ў пятніцу менчукі пачнуць зьяжджаць на Радаўніцу.

Наконт колькасьці ўдзельнікаў “Чарнобыльскага шляху” Лявон Баршчэўскі адказаў наступным чынам:

“Чарнобыльскі шлях” — акцыя такога пляну, на якую ідуць тыя, якія ня могуць не прыйсьці. Так было заўсёды. Мы ня лічым, што трэба адмыслова агітаваць на акцыю. “Чарнобыль” — гэта для ўсіх... Нават чыноўнік Менгарвыканкаму казаў, што сам чарнобылец. Дык я яму й кажу: “Ідзіце ў калёну ўсьлед за намі”. Натуральна, будуць і палітычныя лёзунгі. Бязь іх не абыдзецца”.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка выказаў сваё меркаваньне наконт таго, чаму ўлады прапанавалі заведама непрыдатны маршрут.

“Думаю, што тут ужо працуе псыхалёгія. Псыхалёгія таго чалавека, які сам прымае рашэньні, а ніякага не выканкаму. Гэта псыхалёгія Лукашэнкі. Ён зыходзіць з таго, што аднойчы “ім”, гэта значыць “нам”, дазволіў — і мы павінны быць задаволеныя. Для яго зьмяніць сваё рашэньне азначае праявіць сваю слабасьць.

Для яго не даходзіць, што эўрапейцы заўсёды могуць дамаўляцца і ўмеюць ісьці насустрач, саступаць у невялікім, каб, магчыма, выйграць у вялікім. Ён не эўрапейскі палітык і ніколі эўрапейскім палітыкам ня стане”.

Паводле заканадаўства, канчатковы адказ на правядзеньне акцыі чыноўнікі мусяць даць не пазьней як за пяць дзён да прызначанай даты мерапрыемства. 21 красавіка стане вядома канчатковае рашэньне гарадзкіх уладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG