Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усе недахопы нашага жыцьця сьпісваюць на крызіс”


Магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт у Прагу, высяленьне партыі БНФ з арандаванага памяшканьня, адключэньне некаторых расейскіх тэлеканалаў на тэрыторыі Беларусі, эканамічны крызіс, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


СЛУХАЦЬ:


Магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт “Усходняга партнэрства” ў Прагу — адна з тэмаў, якую абмяркоўваюць у сваіх тэлефанаваньнях слухачы:

Cпадар: “Запрашаць Лукашэнку на саміт, які адбудзецца ў пачатку траўня ў Празе, немэтазгодна”.

Спадарыня: “Такое ўражаньне, што мы назіраем за вялікай гульнёй у эўрапейска-расейскім казіно, дзе на карту з агромністых лічбаў пастаўлена Беларусь. А шэф гэтага казіно — Лукашэнка. Па тэлевізіі назірае, хто ж больш яму выкладзе. Надакучыць яму гуляць у казіно, наладзіць эўрапейска-расейскі аўкцыён, а потым яшчэ што-небудзь прыдумае. Усе яго гульні зацяжныя, разьлічаныя на доўгатэрміновы выгадны для яго час”.

Партыя БНФ мусіць вызваліць памяшканьне сваёй сядзібы, што на вуліцы Машэрава, да 8 ліпеня 2009 году. Гэткае патрабаваньне выставіла жыльлёва-камунальная служба Савецкага раёну Менску. Падставай сталася, нібыта, пратэрміноўка арэнднай платы. Камэнтар слухача:

Зіноўеў: “Вы ведаеце, я думаю, што зь сядзібы БНФ патрабуюць грошы не выпадкова. Я думаю, што трэба прыдумаць нешта ў пляне пратэсту”.

Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні партыі Вінцук Вячорка:

“Я перакананы, што ўсе дэмакратычныя дзеячы, дзеячы культуры, для якіх сядзіба заўсёды была гасьцінным домам, — што, па-першае, яны ня будуць маўчаць. Па-другое, гэтая сытуацыя таксама стане халодным душам для тых у Эўропе, хто таксама выкажа сваю салідарнасьць з БНФ. Бо гаворка вядзецца не пра высяленьне з цэнтру гораду, а гаворка, фактычна, пра юрыдычнае закрыцьцё. Бо там у нас месьціцца юрыдычны адрас партыі БНФ і грамадзкага аб'яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Мы ўсе ведаем, што практычна немагчыма атрымаць юрыдычны адрас такой арганізацыі, як Беларускі народны фронт. У кожным разе, проста так, лёгка здаваць сядзібу мы ня маем намеру”.

Тэма наступнага тэлефанаваньня — адключэньне шэрагу расейскіх тэлеканалаў зь вяшчаньня ў кабэльных сетках Беларусі:

Спадар: “Правадыр сказаў адключыць адразу некалькі расейскіх тэлеканалаў толькі за тое, што яны насьмеліліся паказаць некалькі пікантных падрабязнасьцяў яго асабістага жыцьця. У ніводнай дэмакратычнай краіне гэта не зьяўляецца таямніцай, а ў нас у Беларусі гэта таямніца за сямю пячаткамі. Большая частка насельніцтва ў нас глядзіць тэлевізію па кабэлі, таму правадыру нічога ня варта яго адключыць. Аднак у нас нямала і тых, хто тое ж самае глядзіць праз “талеркі”. Тут для правадыра ўжо складаней, тут яму нічога не застаецца, як толькі загадаць дэмантаваць гэтыя талеркі з нагоды таго, што яны псуюць знадворны выгляд. Паўстае пытаньне: хто ж усё-ткі больш псуе знадворны выгляд Беларусі? Кабэль, талеркі ці то сам Аляксандар Рыгоравіч?”

Працягваем праграму выказваньнем на тэму эканамічнага крызісу.

Ларыса, Менск: “Усе недахопы нашага жыцьця сьпісваюць на крызіс. А што робіцца, каб яго пераадолець? Трэба ў першую чаргу падтрымаць нашых прадпрымальнікаў. Відавочна, што некаторыя згортваюць сваю дзейнасьць. Прайшлася па базары — рады апусьцелі за гэтыя некалькі месяцаў. Цэны падрасьлі ў два разы. Няма канкурэнцыі. А пэнсіянэры ды іншыя катэгорыі малазабясьпечаных грамадзян у большай частцы куплялі прадукты на базарах, у крамах у асноўным куплялі хлеб ды малако. Хочацца сказаць нашым кіраўнікам: прыслухайцеся да прапановаў прадпрымальнікаў і падтрымайце іх”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG