Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дванаццаць дзён без расейскіх каналаў


На Магілёўшчыне адключыць каналы загадала ўправа ідэалягічнай працы аблвыканкаму. Па выкананьні патрабаваньня апэратары меліся паінфармаваць ідэолягаў паведамленьнем па факсе. Чаго каштавала апэратарам Магілёўшчыны адключэньне каналаў і як да яго паставілася насельніцтва?

У Магілёве адразу ж па адключэньні каналаў кліенты мясцовых апэратараў кабэльнага тэлебачаньня пачалі патрабаваць пераводу іх на больш танныя пакеты тэлевізійных паслугаў. Жыхарка абласнога цэнтру Раіса мела ў сваім пакеце сорак каналаў.

“Я патэлефанавала, каб мне адключылі ўсе гэтыя каналы, акрамя сацыяльных. Работніца сказала, што мы гэтага зараз жа зрабіць ня можам. Трэба спэцыяльнае абсталяваньне й толькі да першага траўня мы можам гэта зрабіць. Мы можам вас толькі паставіць на чаргу”.

Прадстаўніца апэратара, які абслугоўвае раён, дзе жыве спадарыня Раіса, пацьвердзіла, што чарга на адключэньне насамрэч ёсьць. У ёй каля паўсотні чалавек:

Дужа шмат адключэньняў з-за таго, што няма гэтых каналаў. Мы проста не разьлічвалі на такую плынь
“Дужа шмат адключэньняў з-за таго, што няма гэтых каналаў. Мы проста не разьлічвалі на такую плынь і не назапасілі абсталяваньня. Цяпер во замовілі й нам паабяцалі яго да канца красавіка, на пачатак траўня падвесьці. Людзі сталі адразу ж абурацца ды адказвацца ўсе. Звычайна да нас прыходзіць адзін чалавек у месяц”.

Пра страты, якія панёс апэратар суразмоўніца не паведаміла. Вядома аднак, што за пакет тэлевізійных паслугаў з сарака каналаў кліент плаціць крыху больш за трынаццаць тысяч рублёў. За сацыяльны пакет зь сямі каналаў – каля дзьвюх тысяч.

Тым часам, у Бабруйску людзі вінавацілі апэратараў у самавольным адключэньні каналаў і патрабавалі зноў іх вярнуць у сетку кабэльнага тэлебачаньня:

“Сытуацыя была ня дужа прыемнай. Хваля эмоцыяй была ў людзей. Нікому не падабаецца, што іх пазбавілі інфармацыйных каналаў. Я думаю, што гэта часовая мера. Усё ж павінны зразумець, што гэта рэйтынгавыя каналы і яны патрэбныя людзям”, паведаміла супрацоўніца аднаго з бабруйскіх апэратараў кабэльнага тэлебачаньня.

“Якасьць новых каналаў якімі апэратары замянілі адключаныя каналы не вытрымлівае крытыкі”, заяўляе магілёўскі журналіст Генадзь Суднік. Ён цьвердзіць, што адключэньне каналаў парушыла правы гледачоў:

Тут найперш
ідэалёгія
“Замяніць іх на больш якасныя шыкоўныя каналы яны ня могуць, бо адразу ж выявіцца хлусьня. Тады гэта будзе азначаць, што тут не эканамічная прычына. Тут найперш ідэалёгія. Іншае рэч чаму людзі ня выйшлі на вуліцы й не закідваюць лістамі й візытамі ніякае начальства – да жалю гэта відавочна: “Ну адключылі і адключылі”.

Вяшчаньне пяці расейскіх каналаў “Первый канал. Всемирная сеть”, “РТР-Планета”, “НТВ-Мир”, “Рен-ТВ” і TVCI прыпыненае ад 1 красавіка. Паводле афіцыйнай інфармацыі, тэлеканалы не падрыхтавалі ў трохмесячны тэрмін дакумэнты на атрыманьне дазволу дзеля трансьляцыі на тэрыторыю Беларусі. Выканаўчы дырэктар тэлекамунікацыйнага галіновага саюзу Сяргей Казаньнікаў даводзіў, што няма ніякіх палітычных прычынаў адключэньня, яно абумоўлена выключна эканамічнымі інтарэсамі. Каналы адключылі, бо неабходна бараніць нацыянальны рынак рэклямы. Незалежныя экспэрты заяўляюць, што каналы адключылі з-за сюжэтаў пра асабістае жыцьцё Аляксандра Лукашэнку і сытуацыю ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG