Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі ня хочуць сустракацца з апазыцыянэрамі


Кастусь Смолікаў
Кастусь Смолікаў

Актывісты прапанавалі ўладам правесьці некалькі “круглых сталоў”, каб абмеркаваць прычыны затрыманьняў за несанкцыянаваныя акцыі ды распаўсюд незалежнай прэсы.

Аднак чыноўнікі на сустрэчу не пагадзіліся, а калектыўны ліст перадалі ў абласную ўправу юстыцыі.

Старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў атрымаў адказ ад начальніка ўправы юстыцыі Ілоны Шульгі. Паводле ягоных слоў, у лісьце напісана толькі тое, што факты затрыманьняў і пакараньняў апазыцыянэраў пацьвердзіліся і што судовыя рашэньні, а таксама дзеяньні міліцыі і мясцовых уладаў адпавядаюць патрабаваньням закону і інтарэсам дзяржавы. Пра магчымасьць нейкага супольнага абмеркаваньня наяўных праблемаў у адказе з аблвыканкаму не было ні слова.

Кіраўнікі чатырох віцебскіх палітычных структур — руху “За свабоду”, Народнай Грамады, стваранай Партыі БХД і партыі БНФ лічаць патрэбным дамагчыся ад уладаў перагляду некаторых пастаноў мясцовага кіраўніцтва. Найперш пастановаў пра вызначэньне пэўных месцаў для правядзеньня масавых акцый: як правіла, у паселішчах рэгіёну гэтыя месцы адведзеныя на ўскраінах, і таму праводзіць там нейкія публічныя імпрэзы немэтазгодна.

Пэўныя надзеі дэмакратычныя актывісты ўскладалі на тое, што ў вобласьці зьявіўся новы кіраўнік — прызначаны ня так даўно на гэтую пасаду старшыня аблвыканкаму Аляксандар Косінец. Але іхныя спадзевы не апраўдаліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG