Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сэпаратар” супраць няўрадавых аб’яднаньняў


Юры Чавусаў і Сяргей Мацкевіч паказваюць адказ зь міністэрства.
Юры Чавусаў і Сяргей Мацкевіч паказваюць адказ зь міністэрства.

Сябры працоўнай групы дзеля стварэньня Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў назвалі “палітычна матываванай” адмову Мін’юсту зарэгістраваць гэтую арганізацыю.

СЛУХАЦЬ:


Ліст, зь якога вынікае, што Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў адмоўлена ў рэгістрацыі, заснавальнікі арганізацыі атрымалі зь Мін’юсту ўчора, 9 красавіка. Падпісаў ліст намесьнік міністра Аляксандар Сіманаў. Старшыня працоўнай групы Сяргей Мацкевіч пракамэнтаваў прэтэнзіі, празь якія арганізацыя не зарэгістраваная.

Аляксандар Сіманаў
“Міністэрства абгрунтавала сваё рашэньне парушэньнямі ў парадку стварэньня асацыяцыі, якія быццам былі зробленыя пры заснаваньні Асамблеі НДА. У прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што ўстаноўчая дамова аб стварэньні асацыяцыі зьяўляецца несапраўднай, бо кіраўнікі арганізацый нібыта падпісалі яе бяз згоды кіраўнічых органаў гэтых арганізацый. Таксама міністэрства адзначае, што назва арганізацыі не адпавядае патрабаваньням закону, бо ня ўтрымлівае ўказаньня на прадмет дзейнасьці кожнага сябра асацыяцыі. Мы нязгодныя з гэтымі заўвагамі Мін’юсту і лічым рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі “палітычна матываваным”.

Незалежны юрыст Юры Чавусаў рыхтаваў дакумэнты для рэгістрацыі Асамблеі НДА. Юры Чавусаў абверг прэтэнзіі адносна парушэньня працэдуры аб’яднаньня і заявіў, што гэта пацьверджана дакумэнтамі. Ня згодны юрыст і з заўвагай Мін’юсту, якая тычыцца назвы арганізацыі:

“Мы лічым, што дадзеная „прычэпка“ міністэрства — выключна адрасная, для нашай асацыяцыі, і яна стратэгічная. То бок яна паказвае, што мы вас ня толькі зараз не зарэгістравалі, але і ў будучыні сэнсу падаваць заяўку на рэгістрацыю няма”.

Заснавальнікамі Асамблеі НДА сталі 7 грамадзкіх аб’яднаньняў: Беларускі Хэльсынскі камітэт, цэнтар “Супольнасьць”, БНФ “Адраджэньне”, Цэнтар правоў чалавека і яшчэ тры грамадзкія арганізацыі з Магілёва, Віцебску і Верхнядзьвінску. Першую спробу атрымаць рэгістрацыю Асамблея зрабіла яшчэ ў 2002 годзе, але тады таксама атрымала адмову. Скарга на гэтае рашэньне зараз разглядаецца ў Камітэце правоў чалавека ААН. Пасьля рэгістрацыі грамадзкага руху “За свабоду” на пачатку году ў заснавальнікаў Асамблеі зьявілася надзея, што іхняя другая спроба атрымаць рэгістрацыю будзе пасьпяховай.

Алесь Бяляцкі
Праваабаронца Алесь Бяляцкі кажа, што надзеі былі марнымі і сапраўднай лібэралізацыі ў рэалізацыі права грамадзян на асацыяцыі ў Беларусі не адбываецца:

“Сэпаратар, які дзейнічае пры ўладзе, ня спыніць актыўнасьць грамадзкіх арганізацый, якія не зарэгістраваныя. Бо дзеля таго людзі і аб’ядноўваліся, каб дзейнічаць”.

Заснавальнікі Асамблеі НДА заявілі, што будуць абскарджваць адмову Мін’юсту ў рэгістрацыі ў Вярхоўным судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG