Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Севярынца — новы сайт


Новы сайт Паўла Севярынца
Новы сайт Паўла Севярынца

У сеціве адбылася прэзэнтацыя новага сайту сустаршыні аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца. На сайце будуць зьмешчаныя ўсе публікацыі палітыка.

Галоўнай мэтай сайту для сябе Павал Севярынец лічыць магчымасьць абменьвацца думкамі і ўдзельнічаць у дыскусіях з наведнікамі.

Новы сайт Паўла Севярынца sieviarynets.net будзе таксама знаёміць наведнікаў з апошнімі навінамі з сайтаў Радыё Свабода і “Нашай Нівы”. У рэсурса ёсьць 5 моўных вэрсіяў: беларуская, ангельская, расейская, украінская і літоўская.

Ранейшы сайт заснавальніка “Маладога фронту” і Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі не працаваў 9 месяцаў. Штодня ў гасьцёўню заходзілі ад 10 да 15 чалавек. Павал кажа, што самае цікавае для яго — гэта гасьцёўня: магчымасьць абмяркоўваць з наведнікамі сайту навіны, грамадзкія праблемы і дзяліцца сваімі думкамі ў розных пытаньнях.

Павал Севярынец: “На гэтым сайце будуць сабраныя ў адно ўсе творы, праграмы, апавяданьні, эсэ, якія я толькі напісаў. Будзе больш поўная фотагалерэя. Нарэшце будуць стужкі навінаў, цэлых тры. Будзе гасьцёўня, якая не працавала некалькі месяцаў. Раней яна была даволі жвавая. Потым яе нават давялося закрыць, бо туды ўжо перанесьлі людзі свае асабістыя форумы.

Цяпер гасьцёўня будзе з адпаведнай мадэрацыяй і, спадзяюся, будзе цікавай наведнікам сайту.

У кожнай гасьцёўні ўтвараецца такая своеасаблівая супольнасьць. Гэта можа быць некалькі дзясяткаў ці некалькі соцень чалавек, якім там цікава тусавацца. На кожным сайце гэта нейкія вызначаныя людзі, напрыклад, вернікі ці аматары творчасьці. Яны абмяркоўваюць нешта самі — навіны, тэксты, свае меркаваньні — досыць вольны фармат.

Большасьць сайтаў такога кшталту цікавыя менавіта такімі форумамі, тэкстамі, якія на іх разьмешчаныя, а цяпер там будуць яшчэ й навіны“.

Свае пэрсанальныя сайты маюць ня так шмат беларускіх палітыкаў. Найбольш вядомыя — сайты экс-кандыдатаў на прэзыдэнта апошняй выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна.

Вялікай папулярнасьцю карыстаецца сайт бізнэсоўца Валерыя Леванеўскага, бо там можна знайсьці розныя заканадаўчыя акты, а таксама праваабарончую інфармацыю і практычныя парады.

Павал Севярынец разьлічвае, што ў новым фармаце ягоны сайт будзе выклікаць большую цікавасьць і дасьць магчымасьць наладзіць цікавую дыскусію з наведнікамі сайту, пісьменьнікамі, вернікамі, людзьмі, не заангажаванымі ў палітыцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG