Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усе грошы ідуць на ежу, камунальныя паслугі ды лекі”


Масавыя пратэсты супраць вынікаў парлямэнцкіх выбараў у Малдове, адстаўка міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава, магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі ў Прагу, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


У Малдове працягваюцца масавыя акцыі пратэсту супраць вынікаў парлямэнцкіх выбараў. Пратэстоўцы вінавацяць кіраўніцтва камуністычнай партыі, якое ўтрымлівае ўладу, у фальсыфікацыі галасаваньня. Камэнтар слухача “Свабоды”:

Мікола Канаховіч, Пружаны: “Сёньняшні палітычны мітынг у Кішынёве ў кожнага нармальнага свабодалюбівага чалавека, а не раба выклікае найвялікшую павагу да барацьбітоў за справядлівасьць супраць камуністычнага таталітарызму ў Малдове. Шаноўныя суайчыньнікі ў Беларусі, каму неабыякавы лёс волі і дэмакратыі ў брацкай краіне, дык давайце маральна падтрымаем нашых братоў па духу ў Малдове. Трымайцеся, браты, у Кішынёве! Жадаю вам поўнай перамогі над цемрашальствам. З павагай да вас Мікола Канаховіч зь Беларусі, Пружаны”.

Адстаўка міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава — тэма наступнага тэлефанаваньня:

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Вітаю Радыё Свабода! Хацелася б, каб пасьля адстаўкі Навумава сілавыя структуры спынілі перасьлед лідэраў дэмакратычнага руху, адмянілі ганебнае зьбіцьцё, арышты, суды над удзельнікамі масавых мерапрыемстваў”.

Слухачы “Свабоды” таксама працягваюць камэнтаваць выказваньне Аляксандра Лукашэнкі на адрас апазыцыі:

Спадар: “Як вядома, Лукашэнка прыйшоў да ўлады ад апазыцыі. У той яшчэ савецкі час ніхто не называў апазыцыянэраў адмарозкамі і вашывымі. Паседжаньні Вярхоўнага Савету БССР трансьляваліся па беларускім тэлебачаньні. Часьцей за ўсё выступалі ад мікрафонаў дэпутаты Лукашэнка і Ганчар. Цяпер Лукашэнка прэзыдэнт, а дзе ж яго сябар Ганчар? Дык няхай жа Лукашэнку адкрыецца дарога на Захад, можа, там знойдуцца сьмелыя запытацца пра лёс Ганчара. Бо беларус, пакуль у яго ёсьць чарка і скварка, будзе галасаваць за Лукашэнку нават тады, калі зьнікнуць усе апазыцыянэры. Спачуваю “адмарозкам і вашывым”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадар: “Добры дзень. У некаторых выклікае непакой тое, што Лукашэнка вельмі актыўна адказвае і размаўляе зь Мядзьведзевым. Я лічу, што непакоіцца ў гэтым пляне ня трэба. Ёсьць іншыя пытаньні, дзе трэба непакоіцца. І чаму? Ён ня здасьць Беларусь ніколі нікому. І кропка. Павінны ўсе ведаць”.

Спадар: “Забыўся ўжо, даўно не купляў сабе новую адзежу, бо ўсе грошы на ежу, кватэру ды лекі ідуць. Знаёмых многа ведаю, якія таксама такім чынам жывуць. Гэта зьява — беларускі цуд. Казаў Валер Курневіч, інвалід, беларус з Барысава, зь Пячэй. Выказаўся, і на душы стала лягчэй. Вялікай колькасьці пэнсіянэраў патрэбна сваю будучыню ўразаць, бо іх бацька гаспадар Лукашэнка лядовыя палацы, арэну ў Менску і далей да чэмпіянату сьвету па хакеі будзе будаваць”.

Спадар Цімох Цыбулька:

“Цётка Ганна з Маладэчна
атруцілася яечняй.
Мусіць, зьела сальманэлу,
Бацьку любіць натурэла.
Сальманэла прапаганды —
Гэта моцная атрута.
Нам ня трэба гэта слухаць.
Слухаць — гэта шлях пакутаў”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG