Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевыя актывісты пачалі здымаць кіно


У сядзібе Партыі БНФ адбылася прэзэнтацыя фільму “Права выбіраць”, зробленага ўласнымі намаганьнямі актывістаў моладзевага руху. Аўтар сцэнару Алег Корбан, апэратар Наста Машчава. Фільм знаёміць з актывістамі пяці вядомых моладзевых структураў і расказвае пра дзейнасьць арганізацыяў.

Алег Корбан распавёў, што ідэя стварэньня фільму “Права выбіраць” нарадзілася ў яго, калі ён пачаў працу сярод розных моладзевых нефармальных аб’яднаньняў:

“Ад маладых людзей даволі часта гучаць такія пытаньні: Што за апазыцыя? Гэта ж усё БНФ. Ім за гэта грошы плацяць”. Вось з гэтае прычыны ў нас узьнікла ідэя старыць такі фільм, каб распавесьці пра тое якія ў нашай краіне ёсьць асноўныя моладзевыя арганізацыі, чым яны займаюцца і за што выступаюць“.

Алег Корбан раней быў актывістам “Маладога фронту”. У 2007 годзе яго пакаралі штрафам у крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Пазьней Алег працаваў у прафсаюзным руху ды іншых моладзевых арганізацыях. Ён зьяўляецца актыўным удзельнікам вулічных акцыяў.

Апэратарскую працу выканала актывістка руху “Маладая Беларусь” Наста Машчава:

“Ад Алега Корбана, як ад майго сябра прыйшла прапанова паўдзельнічаць. Тым больш, што я вучуся на фатографа. Падумала, што гэта будзе цікава.

Мы здымалі розныя моманты: такія мерапрыемствы як Дзяды, суд над Алесем Баразенкам, канцэрт “Мэн-фэст”, які праходзіў у “R-клюбе”.

Таксама мы дамаўляліся з актывістамі, каб сустрэцца, паразмаўляць зь імі, каб яны выказалі свае думкі“.

У фільме лідэры “Маладой Беларусі”, кампаніі “Эўрапейская Беларусь”, “Маладога фронту”, “Маладых дэмакратаў” і “Моладзі БНФ” апавядаюць пра мэты арганізацыяў і пра пляны на найбліжэйшага паўгоду.

Назіральнікі адзначылі, што фільм падобны да аматарскага і далёкі ад прафэсійных дакумэнтальных стужак, але маладым людзям, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадзкім жыцьці, а таксама іх аднагодкам ён будзе цікавы і зразумелы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG