Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца суд за самасуд


Сёньня ў Гомельскім абласным судзе будуць судзіць трох мужчын і жанчыну, якіх падазраюць ў забойстве Мікалая Макарэвіча, жыхара вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну.

Паводле сьледзтва, забілі мужчыну 31-га сьнежня 2008-га году. Цела спачатку паспрабавалі падпаліць, а потым закідалі ў лесе ламаччам. Але 6-га студзеня нябожчыка знайшлі, пракуратура завяла крымінальную справу, і ўжо праз два дні міліцыя арыштавала падазроных. Яны не хавалі, што гэта самасуд –за тое, што Мікалай Макарэвіч, былы крымінальнік, нібыта неаднаразова падпальваў дамы аднавяскоўцаў, вось і вырашылі адпомсьціць ды абараніцца. Пазьней адзін з забойцаў, Ігар Макарэвіч, распавёў “Свабодзе” пра тое, што рабіў ягоны цёзка паводле прозьвішча.

“Начамі хадзіў і паліў дамы. Аднойчы на допыце сам і прызнаўся: так, падпальваў, каб ўсе баяліся. Гэтак ўладу тут трымаў. Гэта ўсё ўплыў зоны, калёніі. Нармальны чалавек гэтак ня стаў бы рабіць”.

Гісторыя пра самасуд над аднавяскоўцам вылучалася сярод іншых крымінальных навін пачатку года, але ажыятаж вакол пухавіцкай трагедыі мог атрымацца меншым. Аднак у справу ўмяшаўся Аляксандр Лукашэнка, які на нарадзе сілавікоў асабіста загадаў выпусьціць забойцаў пад хатні арышт. “Я папрасіў бы, каб вы ляяльна вялі гэтую крымінальную справу”, -- зьвярнуўся Аляксандр Лукашэнка да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы.

Сьледзтва цягнулася два месяцы, справа без асаблівых затрымак прайшла праверку ў пракуратуры і патрапіла ў суд. Чаму судзіць падазроных будуць не ў раённым – Жыткавіцкім, а ў Гомельскім абласным судзе? У Вярхоўным судзе гэта тлумачаць цяжкасьцю злачынства – усё ж гаворка ідзе пра забойства. Але дагэтуль не называюць прозьвішчы судзьдзяў. Пакуль працэс абвешчаны адкрытым, аднак назіральнікі не выключаюць, што судовая калегія можа прыняць іншае рашэньне. Прычына тая, што пазыцыі аднавяскоўцаў адносна забойцаў падпальшчыка падзяліліся, таму сярод публікі на працэсе ня выключаныя сутычкі. Адны лічаць забойцаў ледзь не выратавальнікамі, другія цалкам іх асуджаюць. Месяц таму ў суд патрапіў ліст ад тых жыхароў Пухавіч, якія нязгодныя з вызваленьнем забойцаў з турмы.

Яшчэ адной навіной працэсу будзе тое, што на лаву падсудных патрапіць таксама мясцовая жанчына, якая спачатку не фігуравала ў якасьці падазронай. Паводле сьледзтва яна таксама брала ўдзел у забойстве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG