Пад сьпевы моладзі з парафіяльнага хору Тадэвуш Кандрусевіч перадусім асьвяціў часовую капліцу, якая паўстала з вагончыка, але клопатамі дбайных гаспадароў займела выгляд сапраўднага храма. Аднак яе малы памер не ўплывае на значнасьць падзеі і для касьцёла, і для людзей, падкрэсьліў у сваім прывітаньням слове Тадэвуш Кандрусевіч:
“Я вельмі рады, што ў нядзелю пасхальнай таямніцы нашага збаўленьня мы ўваходзім з асьвячэньня капліцы, пляцу і крыжа. Дзякую ксяндзу-пробашчу і ўсім, хто спрычыніўся да будаўніцтва гэтай капліцы. Пабудаваная каплічка – маленькая, але вельмі важна, што свая. Дзе штодня будуць спавядацца, адбывацца сьвятая імша і іншыя таямніцы. Гэта знак таго, што касьцёл сапраўды адраджаецца”.
Парафія Сьвятога Архаанёла Міхала ў Гатава ня мае і дзесяці год ад заснаваньня. Першых парафіянаў тут былі адзінкі, а зараз некалькі сотняў чалавек. Каб за гэты кароткі час узьвесьці капліцу і паставіць крыж на месцы будаўніцтва касьцёлу прышлося прайсьці ня мала перашкодаў, кажа адзін з такіх першапраходцаў Ігар Супаненка:
“Найбольш цяжкі шлях быў у тым, што вельмі шмат перашкод было ад людзей, якія далёкія ад Хрыста. Яны сядзяць паўсюль: райвыканкамах, аблвыканкамах – амах, амах – ва ўсіх амах. Гэта был самае цяжкое, а звычайныя людзі – каталікі, праваслаўныя, ня веруючыя – яны досыць станоўча ўсё успрымаюць. Сёньня ў нас сьвята і мы радуемся, што можа не дарэмна жывём на зямлі, што ёсьць сувязь з Богам”.
Яшчэ адна парафіянка Марына Бандарчук разам са сваёй маці падарылі касьцёлу абраз Маці Божай Вострабрамскай, якую хавалі з часоў апошняй вайны:
“Перад гэтым абразам павінныя маліцца ўсе, бо ён, пэўна, сьвяты. Знойдзены падчас вайны ў кучы сьмецьця ў вёсцы Раманішкі каля пасёлку Лынтупы. Знайшла хросная маёй мамы і яна захоўвала яго ўвесь гэты час. Мы малыя маліліся каля яго. І ён нам дапамагаў падчас ліхалецьцяў”.
Пад малітоўны гімн Магутны Божа Тадэвуш Кандрусевіч таксама асьвяціў зямлю і крыж на месцы будаўніцтва касьцёла.