Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах перабор з “чарнілам”


На Баранавіцкім камбінаце харчовых прадуктаў склад забіты скрынямі зь віном. Паводле дадзеных адміністрацыі прадпрыемства, непрададзеныя астаткі так званага “чарніла” ацэньваюцца ўжо больш як у паўмільярда рублёў.


Галоўная выснова з тлумачэньня, атрыманага мною ў Баранавічах: людзі ня могуць выпіць столькі, колькі выраблена.

“80 працэнтаў структуры астаткаў — гэта віно, алькагольная прадукцыя. У людзей крызіс — грошай няма. За што яны купяць нашу прадукцыю — “пладоўку”, альбо, як кажуць, “чарнілкі”?” — распавядае намесьніца дырэктара па камэрцыйных пытаньнях Баранавіцкага камбінату харчовых прадуктаў Клаўдзія Цяцюк. Яна лічыць, што афіцыйная палітыка разыходзіцца з рэальнай:

“Быццам бы ідзе прапаганда ня спойваць народ. А мы павінны віно ледзь ня ўпіхваць народу, ледзь ня самі паіць яго, наліваць у шклянкі. Гэта непарадак”.

Са словаў намесьніцы дырэктара, становішча Баранавіцкага камбінату яшчэ ня самае крытычнае:

“Вы думаеце, толькі ў нас такое становішча? У Пінску астаткі яшчэ большыя віна, у Берасьці — “Берасьцейскае піва”, — пераконвае Клаўдзія Цяцюк і называе такую прычыну пралікаў дзяржавы ў эканамічнай палітыцы:

“Сваё віно ня можам прадаць у ніводную вобласьць. Там існуе негалосная забарона. Пра гэта ня толькі журналісты ведаюць, пра гэта ведае дзяржаўны кантроль. А чаму нас не пускаюць у іншыя вобласьці? Бо адлічэньні, акцызы ідуць у мясцовыя бюджэты”.

Вытворцы спадзяюцца на вясеньні сэзон. Прагноз Клаўдзіі Цяцюк:

“Далей зрушыцца зь месца продаж віна: пойдуць палявыя работы, там далей лета — таксама працы на полі шмат. Для гэтых мэтаў набываюць віно”.

Паводле статыстыкі, пладова-ягадныя напоі складаюць амаль 60 працэнтаў алькагольнай прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG