Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі інвэстар ня плаціць беларускім калгасам


Горацкае акцыянэрнае таварыства “Малочныя горкі” не разьлічваецца за пастаўкі малака. Сума запазычанасьці складае больш за тры з паловай мільярды рублёў. Каб вярнуць даўгі, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў паскардзіліся ў райвыканкам.


Чыноўнікі правялі адмысловае паседжаньне. На ім высьветлілася, што кіраўніцтва райвыканкаму мае прэтэнзіі наконт ня толькі даўгоў за малако, але і якасьці прадукцыі. Ва ўправе сельскай гаспадаркі й харчаваньня райвыканкаму прызнаюць праблемы:

“Яны нам сказалі, што красавік мы спрацуем з прыбыткам у сто пяцьдзясят мільёнаў. І палепшыцца фінансавае становішча. Мы пачакаем, вядома. Мы ў пратаколе напісалі, што мы — сельгасвытворцы, выканкам і дырэктар заводу — штомесяц будзем зьбірацца й падводзіць вынікі”, — паведаміў прадстаўнік управы.

“Малочныя горкі” завінаваціліся сельгаспрадпрыемствам тры мільярды васемсот мільёнаў рублёў. Камэнтаваць свае стасункі зь перапрацоўчым прадпрыемствам кіраўнікі гаспадарак асаблівай ахвоты ня маюць:

“Праблемы, вядома, ёсьць, і вялікія праблемы. Я не хацеў бы, як той казаў, выносіць сьмецьце з хаты. Сёньня лягчэй, відаць, вырабіць прадукцыю, чым яе рэалізаваць. Пісьменна, я маю на ўвазе. Гэта ж трэба прамыслоўцаў запытацца, чаму яны так... Наша ж справа — вырабіць. Ёсьць крыху пытаньняў да расейцаў”, — зазначыў адзін з кіраўнікоў сельскагаспадарчага каапэратыву.

Даведацца пра пазыцыю кіраўніцтва “Малочных горак” у канфлікце з пастаўшчыкамі сыравіны не ўдалося. Спачатку ў прыёмнай паведамілі, што дырэктар заняты, а пазьней на тэлефанаваньні наагул ніхто не адказваў.

Два гады на горацкім перапрацоўчым прадпрыемстве намесьнікам дырэктара працаваў эканаміст Андрэй Юркоў. Ён лічыць, што сытуацыя ў канфлікце тупіковая, бо ва ўладаў няма сродкаў ціску на прыватнае прадпрыемства, якое належыць замежнаму інвэстару:

“Яму ня так важна, што адбываецца з калгасамі, а калгасы ж мусяць выконваць распараджэньні ўлады. Ну, разваліцца ў Горацкім раёне палова альбо дзьве траціны калгасаў — ну й што, ён будзе ў іншых зьбіраць малако. Ён асноўныя інвэстыцыі ўкладае ў завод. Завод працуе са стратамі. Напрыклад, страты мінулага году сягнулі пад 6,8 мільярда рублёў”.

У 2007 годзе горацкі масласырзавод набыло расейскае прадпрыемства “РоветБел-лайт”. Яно абяцала інвэставаць у рэканструкцыю перапрацоўчага прадпрыемства не адзін дзясятак мільярдаў рублёў. Расейцы абяцаньняў сваіх ня выканалі. Ад жніўня 2008 году горацкае прадпрыемства належыць іншаму расейскаму інвэстару — “Абсолют инвестментс”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG